Вы тут

Чаму не зніжаецца актуальнасць дактыласкапіі?


Ці не самым вядомым у грамадстве кірункам дзейнасці судовых экспертаў з'яўляецца дактыласкапія. Вобраз інспектара з лупай, які шукае адбіткі пальцаў, трывала ўвайшоў у свядомасць дзякуючы заходнім кіна- і мультыплікацыйным стужкам. Хоць дактыласкапія з'яўляецца адным з самых старых крыміналістычных спосабаў ідэнтыфікацыі злачынцаў, актуальнасць яе не зніжаецца і дагэтуль. Крыху прыадкрыць над ёй завесу таямніцы карэспандэнт «Звязды» папрасіў старшага эксперта аддзела дактыласкапічных і партрэтных экспертыз упраўлення дактыласкапіі, балістыкі і партрэтнай ідэнтыфікацыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) Алену Лужынскую і галоўнага эксперта аддзела дактыласкапічных улікаў упраўлення дактыласкапіі, балістыкі і партрэтнай ідэнтыфікацыі ДКСЭ Яўгена Гуда.


— Ледзь не па ўсіх крымінальных справах прызначаецца дактыласкапічная экспертыза. Што да расследаванняў, звязаных з незаконным абарачэннем наркотыкаў, то цяпер іх ледзь не палова ад агульнай колькасці. Крыху менш дактыласкапісты працуюць па справах, звязаных з забойствамі і нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Тут усё трывіяльна — пілі разам, слова за слова, узнік канфлікт, нехта схапіўся за нож...

— Увогуле, на якія пытанні можа адказаць эксперт-дактыласкапіст?

— Ён шукае сляды на пэўных аб'ектах, высвятляе іх прыдатнасць да ідэнтыфікацыі. Калі дактыласкапічная карта ў нас ужо ёсць у базе даных аўтаматызаванай дактыласкапічнай сістэмы — высветліць асобу чалавека даволі лёгка. Больш за тое, адбіткі пальцаў рук могуць распавесці і пра пол, узрост, але гэтыя характарыстыкі даюцца толькі ў варыянтнай форме. Разам з тым пакуль што не існуе ў свеце методык, якія б маглі з дакладнасцю 99,9 працэнта вызначыць антрапалагічныя параметры даследуемага па папілярных лініях пальцаў. І, канешне ж, пры аналізе слядоў на прыладзе здзяйснення злачынства важна вызначыць, менавіта якія пальцы якой рукі там пакінуты.

— Электронная база нам вельмі дапамагае, — працягвае Яўген Гуд. — У дакамп'ютарныя часы працэс быў вельмі працаёмкі. Для гэтага на кожную дактылакартку выводзіліся адмысловыя формулы, па якіх у ручным рэжыме адбываўся пошук. Праверка па ўліках слядоў пальцаў рук, знойдзеных на месцах злачынства, ажыццяўлялася толькі пры наяўнасці падазраваных. Што заканамерна запавольвала работу. Зараз жа ўсе карткі аўтаматызаваны, што дазваляе ў самыя кароткія тэрміны ідэнтыфікаваць сляды рук на месцах здарэнняў і высветліць асобу невядомага чалавека. Самая старая дактылакартка ў нашым архіве датавана 1945 годам. На жаль, падчас Вялікай Айчыннай вайны картатэкі былі страчаны, іх не паспелі вывезці з-за імклівага наступу немцаў. Некаторы час дактакарткі друкаваліся на шчыльнай нямецкай паперы, якая паступала да нас у якасці рэпарацый. Яны і цяпер выглядаюць амаль як новыя.

— А калі, напрыклад, было знойдзена невядомае цела?

— Тады таксама абавязкова здымаюцца адбіткі пальцаў. Пасля па базе яны звяраюцца. Калі, вядома, звесткі аб гэтым чалавеку трапілі ў нашу базу, мы параўноўваем дзве дактылакарткі і высвятляем, хто ж перад намі.

— Кінафільмы прывучылі нас да таго, што для зняцця адбіткаў пальцы прыціскаліся да падушачкі з чарнілам, якое пасля было цяжка змыць. А як цяпер гэта адбываецца?

— Зараз існуюць лічбавыя дактыласкапічныя сканеры. Але стары метад з дактафарбай пакуль з'яўляецца найлепшым спосабам нашага даследавання. Больш за тое, пры выездзе на месцы здарэння эксперты тэрытарыяльных органаў яго і выкарыстоўваюць.

— А ці даводзіцца працаваць з адбіткамі ног?

— Рэдка, але здараюцца і такія экспертызы. Адно з такіх даследаванняў было звязана са справай аб забойстве. На лінолеуме застаўся крывавы адбітак босай нагі. Калі меркаванага злачынцу затрымалі, экспертыза пацвердзіла, што адбітак належыць менавіта гэтаму чалавеку.

— Што знаходзіцца ў экспертным чамаданчыку дактыласкапіста, акрамя фарбы?

— Калі пачытаць даўнія дэтэктывы, то там, як правіла, згадваецца парашок. Шырока ўжываецца ён і цяпер. Але ёсць розніца — для металічных паверхняў патрэбна адно рэчыва, для немагнітных — іншае... Шмат што залежыць і ад колеру паверхні. Напрыклад, цяпер у нашым арсенале ёсць флуарэсцэнтныя парашкі. След пальца пасля будзе свяціцца ва ўльтрафіялеце. Таксама могуць прымяняцца і спрэй, і пасты... Адным словам, рашэнне аб выбары метаду прымаецца ўжо на месцы. След пальца можа спакойна захоўвацца некалькі гадоў.

Мы аднойчы рабілі экспертызу па «закладцы» наркатычных сродкаў. На маленькім кавалачку паперы памерам літаральна 20х20 міліметраў выявіўся след рукі. Яго змясцілі ў базу. Так і знайшлі злачынцу.

— Ці звяртаюцца да вас людзі не ў парадку крымінальнай справы?

— Вось неяк патэлефанаваў дзед, — успамінае начальнік аддзела Дзмітрый Сачук. — І просіць — правядзіце экспертызу. Пытаюся: «Што ў вас здарылася?» — «Хачу, каб вы сказалі, што мой унук украў у мяне грошы з тумбачкі». «Дапусцім, а як я даведаюся, што гэта яго сляды?» «А я прынясу келіх». Сітуацыя і смешная, і адначасова сумная. Каб высветліць прыналежнасць слядоў, то трэба чалавека дактыласкапіраваць. Грамадзяніна не ў межах крымінальнай справы мы можам праверыць толькі па яго пісьмовай заяве. І хто ж на гэта пагодзіцца?

Ці вось у адной жанчыны ўкралі сумку на рабоце. Яна звярнулася да нас, паколькі падазравала кагосьці з калег. Але спярша ісці трэба было ў міліцыю...

Да­вед­ка «Звяз­ды»

Су­час­ная дак­ты­лас­ка­пія пай­шла з Ін­дыі. Паў­та­ра ста­год­дзя та­му анг­лій­скі ка­ла­ні­яль­ны чы­ноў­нік Уіль­ям Гер­шэль заўважыў, што ін­ду­сы пад­час под­пі­су да­ку­мен­таў па­кі­да­лі не аў­то­граф, а ад­бі­так паль­ца. Тое бы­ла міс­тыч­ная ідэя, што гэ­та аба­вяз­вае ча­ла­ве­ка больш за звы­чай­ны под­піс. Ад­ной­чы з ці­каў­нас­ці ба­ра­нет Гер­шэль узяў­ся за вы­ву­чэн­не ад­біт­каў паль­цаў. І вы­свет­ліў, што двух ад­ноль­ка­вых не іс­нуе. Так і з'я­віў­ся са­мы вя­до­мы ме­тад ідэн­ты­фі­ка­цыі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Знайсці па пальцах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.