23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Навука і жыццё

Развіталіся мы з правадным радыёвяшчаннем. Надоечы згледзеў непатрэбны рэпрадуктар і тут жа ўспомніў, як у шостым класе на ўроку фізікі настаўнік тлумачыў нам гукаправоднасць металаў, як прывёў досыць цікавы прыклад: калі, маўляў, што-небудзь сказаць перад сваім рэпрадуктарам у сваёй хаце, то гук па правадах дойдзе ў іншыя, і там яго можна будзе пачуць... Праўда — і па-першае — прыклаўшы вуха да такога ж рэпрадуктара, а па-другое — у той час, калі радыё не працуе...

Мы з хлопцамі тут жа скемілі, што на радыё вось такая прафілактычная гадзіна бывае, прычым кожны дзень і якраз пасля ўрокаў.

...Ледзь дачакаліся канца заняткаў — дружна разбегліся па дамах.

У нас у хаце нікога не было, таму я адразу ж заняў «пост» перад рэпрадуктарам. Пачакаўшы некалькі хвілін, пакуль дахаты дойдзе адзін з сяброў, я ва ўсё горла закрычаў: «Віцька-а-а!» З рэпрадуктара адразу ж данеслася: «Жэнька-а-а! Ура! Працуе! Праўда, гук слабаваты. Трэба мацней крычаць!» Я зароў што было сілы, і размова пайшла! Хутка да яе далучыліся іншыя галасы — куды слабейшыя...

Але ж раптам Віцькаў — сціх. Я, трохі пагалёкаўшы і не атрымаўшы адказу, выскачыў з хаты на вуліцу. Сябар быў ужо там, і я падумаў, што калі рваць свае глоткі так, як гэта рабілі мы, то ніякія рэпрадуктары, можа, і не патрэбны...

Віцька ж растлумачыў, што дома не заўважыў... бацькі, які раней прыйшоў з працы, — хацеў адпачыць, але ад крыку прахапіўся і, не сцяміўшы што да чаго, выгнаў нашчадка з хаты.

...Гэта, вядома ж, не адзінкавы прыклад, калі жыццё перашкаджала навуцы. Другі быў звязаны з заалогіяй.

У тым жа шостым класе настаўнік сказаў нам, што калі злавіць курыцу і, рэзка перавярнуўшы, пакласці яе на спіну, то птушка на некалькі секундаў нібыта засне.

Мы, як добрыя вучні, вырашылі праверыць гэта на канкрэтным доследзе. Пасля ўрокаў пайшлі ў хату да Віцькі (ён у нашай кампаніі быў завадатарам), узялі там ладны кавалак хлеба. Варта было вынесці яго ў двор і там пакрышыць, як да нас з усіх бакоў сталі збягацца чубаткі — дзяўбсці тыя крошкі.

На гэта мы і разлічвалі! Віцька, як гаспадар курэй, спрытна злавіў найбліжэйшую, рэзка перавярнуў яе і паклаў на спіну. Птушка, смешна тапырачы лапы, спакойна ляжала на зямлі. Значыць, ура? Праўду сказаў настаўнік!

Мы сталі святкаваць перамогу навукі: навыперадкі хапалі курэй, пераварочвалі іх, клалі на спіны. Бедныя нясушкі застывалі ў нерухомасці. Але ж не ўсе. А мы, не змаўляючыся, хацелі «паскладваць» усіх птушак, якія былі на Віцькавым падворку, што аказалася не так і проста, бо нейкія з курэй «засыналі», а другія ў гэты час ужо «прачыналіся» і пачыналі спакойна, як нічога ніякага, збіраць свае крошкі... Да таго ж, хоць і здалёку, на нас злосна кукарэкаў певень... А галоўнае, у самы разгар «эксперымента» з хаты выскачыла Віцькава маці і, добра агрэўшы нас ручніком па спінах, прагнала з двара.

Шкада было, бо свой «навуковы эксперымент» мы, на жаль, не завяршылі.

Яўген Шастакоў, г. Гомель


Чаго не зробіш, кахаючы...

Па тэлевізары неяк пачула, што адкрыўся новы касметычны салон: называецца «Метамарфоза».

І крэм аднайменны некалі быў, як Клава расказвала.

Працавала яна тады ў паляводчай брыгадзе: гэта значыць, з ранняй вясны і да самай восені на сонцы, на ветры, ад якіх і твар, і шыя, і рукі-ногі хутка рабіліся амаль што чорнымі. А вось астатняе цела — наадварот — заставалася белым.

Такі вось «калгасны» загар.

І яно б нічога: які ўжо ёсць, калі б напярэдадні мужу гэтай самай Клавы не далі пуцёўку на Чорнае мора, у санаторый.

Прыбрала яго жонка ва ўсё навюткае, адправіла адпачываць, а сама сабе думае: «Нагледзіцца ён там на аголеных, на дагледжаных, на гарадскіх — ад мяне, вось такой, дакладна адвернецца. Значыць, з загарам трэба нешта рабіць. А вось што?»

Суседчына дачка на выхадныя з Мінска прыехала. Клава да яе:

— Танечка, можа, ты ведаеш, чым загар мой звесці?

Тая (смела):

— А як жа, ведаю. Ёсць адзін крэм — намажашся ім і будзеш як новенькая! Можа, і сама сябе не пазнаеш! А ўжо муж...

Кажа так і тут жа прыносіць Клаве каробачку, не шкадуючы, плюхае ў яе ёду, старанна перамешвае. Усё — чароўны сродак гатовы.

Вечарам Клава стала ім мазацца: спачатку ногі і рукі, потым шыю... Адчувала, што пячэ, зараза, але ж, значыць, працуе! І калі трохі пацярпець...

Да донца, да апошняй грамулечкі крэм той цудадзейны выграбла, потым неяк заснула, а ранічкай глянула ў люстэрка...

Шчасце, што тая Танька з'ехала, а то магла б тут навекі застацца: скура ў Клавы што той бурак, тэмпература пад 38...

Карацей, на працу ў той дзень «прыгажуня» не пайшла. І назаўтра таксама... З тыдзень на людзі не выходзіла. Толькі потым пухіры сталі лопацца. А скура пад імі і сапраўды... бялейшая была!

Муж, прыехаўшы з санаторыя, гэта заўважыў і ацаніў. Аднак пра тую працэдуру, што зрабіла здуру, Клава яму нічога не сказала. Хай думае, што жонка ад самоты вось так зблажэла, ад перажыванняў. Можа, шанаваць больш будзе, па гаспадарцы памагаць.

І сапраўды падабрэў яе Віця. На палявыя работы Клаву болей не пусціў. Яна ў дзіцячы садок уладкавалася: памяняла матыку на швабру. А ўсё ж не на сонцы, ад якога так пакутуе наша жаночая прыгажосць.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Ландышы пахнуць вясной

На дварэ тады быў май. І ў прыродзе, і ў жыцці ўсё віравала: мы заканчвалі 10 клас, сярэднюю школу, здавалі экзамены, строілі планы... Мы, хлопчыкі (не ведаю, як дзяўчаткі), адчувалі сябе дарослымі, дужымі і вельмі хацелі нешта зрабіць — ну такое, каб ахнулі ўсе: і настаўнікі, і бацькі, і нашы... каханыя. Былі такія.

...Не ў памяці, хто з нас першы сказаў пра ландышы, але ідэя спадабалася ўсім. На самай справе: хто ж адмовіцца ад гэтых пяшчотных, прыгожых, пахучых кветак?!

Мы тут жа распрацавалі план дзеянняў: дамовіліся з кіроўцам калгаснай машыны, што ён падвязе нас у вялікі бор. Гэта — за 10 вёрстаў, далекавата, але ж па чутках ландышы там дыванамі слаліся, іх было — хоць касою касі!

Мы выбралі брыгаду «касцоў».

І вось яна прыязджае. Кветак — бачым — і праўда, шмат. А ўжо водар ад іх...

Сталі збіраць. Шчыра скажу: не хлапечая, не мужчынская гэта справа — манатонная, марудная... І дзень пад вечар хіліцца.

Наш старэйшы таварыш, шафёр калгаснай машыны, кажа: «Хлопцы, давайце яшчэ ў адно месца матнёмся. Там гэтых кветак яшчэ больш можа быць».

Мы, вядома ж, за, бо нам... абы не збіраць.

Пакуль пераязджалі, на зямлю апускаўся змрок. Якія ўжо там ландышы?! А вось... веласіпеды, бачым, ляжаць. І некалькі мяшкоў пры іх...

Пашукалі вачыма гаспадароў — нідзе нікога нямашака. Зазірнулі ўнутр мяшкоў і вачам не паверылі: там былі... кветкі — ландышы! Нехта, мусіць, усёй сям'ёй ці нейкім кагалам збіраў іх, каб потым завезці на рынак, прадаць...

А мы ж усе камсамольцы! Мы ж такога не пацерпім: мы гэтым спекулянтам... аб'яўляем бой!

І таму, не змаўляючыся, закідваем у кузаў машыны два мяшкі з кветкамі і... па газах!

...У выніку бачылі б вы, які ў нас быў апошні званок! Якія букеты атрымалі нашы настаўнікі, нашы каханыя дзяўчаткі, матулі, бабулі, школьныя прыбіральшчыцы... Мы, хлопчыкі, былі ў той дзень сапраўднымі героямі, бо ўразілі ўсіх!

...Вось толькі ўспамінаць пра гэта мне па-ранейшаму сорамна.

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.