Вы тут

Аляксандр Гаёвіч: культура перш за ўсё


Чарговая кніжная выстаўка-кірмаш вызначаецца вялікай колькасцю самых розных сустрэч міжнароднага характару. І гэта невыпадкова. У выстаўцы ўдзельнічаюць госці болей як з 30 краін. Прадстаўнікі нацыянальных літаратур 21 краіны ўзялі ўдзел і ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час».


У межах выставачнай праграмы — і іншыя сустрэчы, перамовы. У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь прайшлі перамовы кіраўніка ведамства з Дзяржаўным сакратаром Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія Аляксандрам Гаёвічам. Удзел у размове, акрамя міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, узялі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Алена Паўлава, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велька Кавачавіч.

Сербія — ганаровы госць XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. У Беларусь прыехала вялікая дэлегацыя сербскіх пісьменнікаў. Сярод іх — і славуты сучасны празаік Горан Петравіч. Да выстаўкі айчынныя выдавецтвы, у прыватнасці «Мастацкая літаратура» і Выдавецкі дом «Звязда», падрыхтавалі цэлы шэраг кніжных і часопісных публікацый твораў сербскіх паэтаў і празаікаў у перакладзе на беларускую мову. Падчас перамоў у Мінінфарме размова ішла пра перспектывы медыйнага супрацоўніцтва. Вызначаны асноўныя аспекты мяркуемага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Міністэрствам культуры і інфармацыі Рэспублікі Сербія. Ёсць дамоўленасць пра тое, што варта наладзіць прэс-туры беларускіх журналістаў у Сербію і сербскіх — у Беларусь.

— Лічу, што нам варта памятаць пра прыярытэты культуры ў фарміраванні добрых зносін паміж краінамі і народамі. Мне асабліва імпануе стаўленне беларускай дзяржавы да кніжнай культуры, — сказаў на сустрэчы спадар Аляксандр Гаёвіч. — Разуменнем, што без кнігі няма нацыянальнай ідэнтычнасці, сербы і беларусы надзвычай падобныя.

На сустрэчы ў Мінінфарме згадваліся імёны сапраўдных паўнамоцных прадстаўнікоў, амбасадараў нацыянальных культур, нацыянальных літаратур. У Беларусі лідар сербістыкі — прафесар, доктар філалагічных навук Іван Аляксеевіч Чарота. У Сербіі ўсё большую актыўнасць па прадстаўленні беларускай літаратуры праяўляе маладая перакладчыца Даяна Лазаравіч. Яна пераклала і выдала неўміручы «Вянок» Максіма Багдановіча. Удзельнікі перамоў пагадзіліся, што развіццё беларуска-сербскіх гуманітарных, культурных стасункаў патрабуе пашырэння. Варта ствараць новыя пляцоўкі, якія б дапамагалі нашым народам ясна ўяўляць, што адбываецца ў Беларусі і Сербіі, якімі прыярытэтамі вызначаецца дзяржаўная палітыка ў нашых краінах.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.