Вы тут

Выйшла кніга Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж»


Сёлета выдавецтва «Мастацкая літаратура» зрабіла каштоўны падарунак усім аматарам айчыннага прыгожага пісьменства: сапраўдным святам стаў выхад кнігі пункціраў Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж».


Алесь Разанаў — асоба маштабная, сучасны беларускі Праметэй, вынаходнік новых форм, наватвораў, сталкер у паэзіі. Яго творы — найлепшы сродак пашырэння альбо змянення свядомасці. Варта разгарнуць кнігу Разанава і ўдумліва прачытаць яе ад пачатку да канца. Шмат часу гэта не зойме (пункціры — невялікія вершы часцей з 3-х — 5-ці альбо крыху болей радкоў), а эфект — ашаламляльны!

Якім чынам паэт сягае ў невядомае? Дакладней, у вонкава добра вядомае, у самае звычайнае, паўсядзённае, тое, з чым мы паўсюль судакранаемся, што ў нас пад нагамі альбо відаць з акна? Так, сталкер — чалавек, які выконвае штодзённыя дзеянні нязвыклым чынам і назірае за сабой; які прабіраецца на небяспечную тэрыторыю ці аб’ект з мэтай даследавання. А. Разанаў заглыбляецца ў метафізічную прыроду рэчаў. Яго можна параўнаць з рудакопам, які кіркай здабывае для людзей нешта карыснае, заглыбляючыся ў пароду. Чым глыбей, тым больш здабычы, тым шырэй прастора сэнсаў, асацыяцый, алюзій, тым большая ўнутраная свабода. Куды скіраваны яго позірк: ва ўласную душу ці вонкі? Давайце паспрабуем пайсці следам, прыглядаючыся да паэтычных вобразаў:

***

У старажытным парку

раптоўна ўзляцелі

гурмой вароны:

нібы жывая істота,

у галінах вагаецца крык

і ўспуджвае наваколле.

 

***

Лужына.

Захапіла

Жоўты кляновы ліст

і зашклілася лёдам:

е й н ы!..

Першае, на што звяртаеш увагу, — наколькі яркая вобразнасць! Каб так адчуваць, мала глядзець толькі ўнутр сябе ці ў прастору. Трэба бачыць адначасова ўсё і паўсюль: што навокал, што ў небе і побач і, вядома, ва ўласнай душы. Але не толькі ва ўласнай: у душы кожнай рэчы, з’явы, жывой істоты. І мала адно глядзець: трэба пераўвасобіцца ў рэч/з’яву/істоту, уцялесніцца: адчуваць яе скурай, чуць яе вушамі, ісці на яе лапах, ляцець на яе крылах, спяваць яе голасам альбо ўрасці ў прастору яе непарушнасцю.

 І нашмат глыбей разумееш верш, які выказвае адзін з сэнсаў паэтычнага крэда А. Разанава:

***

Перакладаю шэпт дажджу,

пагляд вачэй,

трымценне гаю…

Кранаю,

слухаю,

гляджу,

я не пішу — перакладаю.

Пункціры — форма верша, дзе першасны філасофскі змест. Паэт імкнецца спасцігнуць неспасцігальнае. І — спасцігае. Вялікае — праз дробнае, сусвет — праз сябе, вечнасць — праз імгненне, адлегласць — праз крок. А як трапна, як дакладна!

***

Выбіўся з рытму часу —

падаю

ў бездань часу.

 

***

Я — рака.

Цяку ад таго,

дзе быў,

кім стаў…

А яно даганяе мяне берагамі.

 

***

Як стары мудры вуж

шукае вузкае выйсце,

каб скінуць старую скуру —

так і я патаемнай вужовай

натурай

 шукаю сабе перашкоды,

хоць і пярэчыць гэтаму розум.

 

Галоўнае ў імкненні спазнаць, спасцігнуць — разуменне, што развіццё магчымае толькі праз пераадоленне, толькі праз перашкоды. Бо каб да чагосьці новага дацягнуцца, увабраць яго ў сваю ўяўную абалонку, дзе яно будзе «стрававацца» мазгавымі клеткамі, трэба выйсці з зоны камфорту, выйсці за звыклыя рамкі, са старой абалонкі, перамагчы сябе ранейшага. Гэта магчыма, калі ёсць смага. Яна — рухавік унутранага згарання, тое, што не дае спакою, увесь час штурхае да дзеяння. Так, кітайскія мудрацы ніколі не жадаюць добраму чалавеку, каб усе яго мары здзейсніліся, а толькі каб здзейсніліся напалову, бо інакш не будзе сэнсу жыць далей. Таму лірычны герой і шукае тое, што дасць яму новага сябе. І пазнае сябе… паўсюль у прыродзе:

***

Лопаецца на каштане

пупышка:

ого як няпроста

вылузвацца з абалонак!..

Ведаю, ліст.

Адметна, што рэчы, з якіх лірычны герой пачынае вандроўку ў метафізічны свет, у пазарэальнасць — не нейкія адмысловыя, а самыя рэальныя. Так, улюбёныя «трампліны», ад якіх ён адштурхоўваецца, ва ўсіх навідавоку, звыклая панарама вясковага (альбо, крыху радзей, гарадскога) побыту, наваколля: птушкі, дрэвы, лісцё, карэнне, сонца, неба, аблокі, сцежка, крокі, сляды, поўня, камяні, снег, трава, маланка, гром, навальніца, рака, мост, цемра, варона, грак, плот, аканіцы, вокны, чмялі, бэз, вецер, чарот, дым, туман… Паэт не імкнецца быць разнастайным, абіраючы «матэрыял» для творчасці. Наадварот, усё з пералічанага — тое, да чаго ён звяртаецца пастаянна, кожны раз паглыбляючыся ў сэнс, наноў і наноў яго адшукваючы (прычым ён вельмі ашчадны са словамі, вельмі лаканічны, але выкарыстоўваючы мінімум сродкаў, глыбей уваходзіць у самую сутнасць з’явы). Вось адзін з яго любімых вобразаў:

***

Прачнуўся ўночы:

па чорных дахах

кралася жоўтая поўня,

кагосьці высочваючы —

ці не мяне?

 

***

Зіхоткая поўня —

акно,

з якога

глядзіць у душу нябыт.

Даследчыкі менталітэту сцвярджаюць: у беларусаў сувязь з Богам вертыкальная, праз космас. Таму і бачыцца знакавым для разумення саміх сябе на гэтай зямлі яшчэ адзін з улюбёных вобразаў не толькі А. Разанава, але й шмат каго з айчынных творцаў:

***

Кружацца ў вышыні буслы —

неўзабаве вырай.

Пазіраем на іх —

і паглядам адлюстраваным

бачым сябе.

Бусел — сакральны сімвал нашай зямлі, нашай сутнасці. І пакуль буслы вяртаюцца з выраю (а яны не могуць не вяртацца), мы жывём і жыць будзем, бо мы — адно цэлае (знітаваныя, злучаныя нябачнымі каранямі і кронамі на ўсіх метафізічных узроўнях). Разуменне гэтага быццам і было недзе побач, але аформілася ў словы толькі пасля прачытання новай кнігі Алеся Разанава, якога натхняе на новыя творы… само жыццё.

Яна БУДОВІЧ

Загаловак у газеце: ...Паглядам адлюстраваным бачым сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».