Вы тут

«Я паказваю сваё цела, але гэта не значыць, што я ў захапленні ад яго»


Гісторыя абсалютнай чэмпіёнкі краіны па фітнес-бікіні.

Дзіна Стралкова прыйшла ў трэнажорную залу толькі ў 31 год. Характэрна, што гэта здарылася ў Міжнародны жаночы дзень. Тады яна і не здагадвалася, што гэты звычайны паход перарасце ў справу яе жыцця, бо адукацыя юрыста мае на ўвазе працу ў офісе, а не на трэнажорах. Новае хобі, без перабольшання, змяніла жыццё Дзіны: яна пазбавілася ад праблем з алкаголем і адмовілася ад многіх прадуктаў харчавання, стварыла сабе новае цела і знайшла цікавую работу. Сёння спартсменка — абсалютная чэмпіёнка краіны ў катэгорыі майстры (гэта катэгорыя для жанчын старэйшых за 35), бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2017 года, яна знаходзіцца ў чацвёрцы найлепшых турніру «Арнольд» у Еўропе і ЗША. Пра тое, як выходзіць на сцэну ў купальніку, класціся пад нож пластычнага хірурга дзеля конкурсу і наведваць трэнажорную залу пяць разоў на тыдзень, Дзіна Стралкова расказала ў сваім інтэрв'ю «Звяздзе».


— Што ўяўляла ваша жыццё да таго, як сталі захапляцца фітнес-бікіні?

— Для мяне гэта не першая спроба ў спорце. У дзяцінстве я займалася фігурным катаннем. Была адзіночніцай, таму што высокая для парнага катання. У 16 гадоў скончыла з вялікім спортам, апошні год мяне пераследавалі траўмы, перастала паказваць вынікі. Да таго ж на дварэ быў 1995 год, трэнеры з'язджалі, трэба было думаць, што рабіць далей, засяродзіцца на вучобе. У мяне вельмі амбіцыйныя бацькі, асабліва маці, таму планы з Інстытутам фізкультуры або тэатральным адкідаліся адразу, трэба было выбіраць нешта прэстыжнае. Паступіла на юрфак БДУ. Практычна адразу зразумела — гэта не маё, часцяком наогул не мела паняцця, пра што чытаю ў канспектах і падручніках. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці працавала зусім мала, потым спрабавала ў розных гандлёвых кампаніях, але і там не знайшла сябе, мне трэба былі зносіны з людзьмі, рух.

— Такая нездаволенасць працай часта прыводзіць да дэпрэсій.

— А ў маім жыцці з'явіўся алкаголь. Я не хаваю, таму што гэта адзін з жыццёвых этапаў. Сітуацыя, калі я адчувала сябе шчаслівай толькі выпіваючы, мяне насцярожвала, я сама выдатна разумела, што гэта заходзіць занадта далёка. Мне пашанцавала, што, калі пачала займацца спортам, усё прайшло неяк само па сабе. Хоць выпіць магу і цяпер, таму што люблю кампаніі.

— Што матывавала пайсці ў трэнажорную залу?

— Абсалютна нічога. Туды мяне паклікаў добры сябар, гэта было акурат 8 сакавіка, ён сказаў: цяпер альбо ніколі. На той момант мне было ўжо практычна 32 гады. Схадзіла, вельмі спадабалася, спачатку займалася ў зале, нічога не разумеючы. Скажу, што заўсёды была худзенькай, 8 сакавіка сем гадоў таму я важыла 50 кг, сёння — 62 кг.

Неяк даведалася, што праходзіць конкурс фітнес-бікіні, глядзела тады ў асноўным на амерыканскіх спартсменаў, яны мне падабаліся, але здаваліся такімі велізарнымі. Праз год ужо сама пачала «сушыцца» і да мяне прыйшла думка, што хачу гэтым займацца.

Стала шукаць трэнера, які мог бы растлумачыць, як рыхтавацца на прафесійным узроўні. На пошукі такога чалавека спатрэбілася пяць гадоў. Затое зараз працую ў выдатнай камандзе «Стацэнка Цім», усе мае перамогі — заслуга Іветы.

— Поспехі прыйшлі не адразу?

— На першых турнірах усё ішло вельмі цяжка, ніхто не верыў, што нешта можа атрымацца. Добрыя словы, падтрымку тады людзі маглі сказаць мне ў твар ці напісаць у каментарыях на старонках у сацсетках, а вось колькі негатыву прыходзіла ў асабістыя паведамленні... Гэта было вельмі непрыемна. У мяне ёсць комплексы, і, як правіла, людзі траплялі менавіта ў іх.

— У людзей, якія паказваюць сваё цела са сцэны, ёсць комплексы?

— Вядома, я сабе вельмі не падабаюся. Так, я паказваю сваё цела, але гэта не значыць, што я ў захапленні ад яго. Адзіны раз, калі была задаволеная сабой на 100 % — еўрапейскі «Арнольд», які праходзіў у Барселоне.

— Як успрынялі такую кардынальную змену прафесіі вашы родныя?

— Спачатку яны не вельмі разумелі, чым я займаюся і навошта. Гэта не вельмі вітаў і муж, бо змяняецца тваё цела. Калі браў худзенькую, далікатную дзяўчыну, а потым яна стала іншай, мужчыну гэта не вельмі па душы.

— Дзеля спорту вы павялічылі сабе грудзі...

— Так, і таксама гэтага не хаваю, бо там нічога асабліва не было, а потым з'явілася. Мне трэба было сфарміраваць больш правільныя прапорцыі ў целе. «Родныя» грудзі ў мяне былі 4-га памеру, але пасля таго, як пачала ўзмоцнена займацца спортам, вялікі працэнт тлушчу сышоў і грудзі разам з ім. Перад аперацыяй быў міні-кансіліум, дзе ўрачы задалі мне пытанне: «Як вы ацэньваеце свае натуральныя грудзі па пяцібальнай шкале?» Я сказала: на пяцёрку. Чым выклікала іх ступар, маўляў, чаго вы тады прыйшлі? Але ж на спаборніцтвах мяне ацэньвае дзевяць суддзяў, а раз я ўвесь час прайграю, мае грудзі ім не вельмі падабаюцца. У прынцыпе, цяпер ва ўсіх фітнес-бікіні яны зробленыя, ды і ў шматлікіх звычайных дзяўчат, гэта ж модна і нічога тут не зробіш.

— Як адрэагаваў муж на гэта змяненне?

— Вельмі станоўча. Мы разам ездзілі на кансультацыю ў клініку.

— Выходзіць на сцэну ў купальніку не страшна?

— Не, я ж займалася фігурным катаннем, што там той сукенкі, таму ў мяне быў вопыт з'яўлення на публіцы ў мінімуме адзення. І першы раз не баялася, хутчэй, было нейкае хваляванне, таму што ў зале могуць знаходзіцца розныя людзі, у тым ліку не зусім адэкватныя.

— Ці адбіліся заняткі спортам на вашым здароўі?

— Перад Новым годам праходзіла медыцынскі агляд для жанчын 35—40 гадоў, здавала ўсе патрэбныя аналізы, усё было добра. Мабыць, не адбілася, калі толькі ў лепшы бок. Я люблю прабегчы вакол возера кружочак кіламетраў шэсць, стараюся спаць 7-8 гадзін, есці правільную ежу, мне, дарэчы, другую і не хочацца, — гэта залог здароўя, на мой погляд.

— З моманту, як пачалі займацца фітнесам, сур'ёзна перагледзелі свой прадуктовы кошык?

— Я хачу есці заўсёды, мне здаецца, калі чалавек не хоча есці, — у яго нешта са здароўем. Пытанне ў тым, што ты ясі і калі.

Маё харчаванне — гэта сем гадоў эксперыментаў. Пасля першага чэмпіянату Беларусі ў 2013 годзе я за 10 дзён паправілася на 10 кг, проста ела і не магла спыніцца. Гэта, вядома, ад няведання, мяне правільна не вывелі з падрыхтоўчага да турніру працэсу. Дзякуй богу, усё абышлося без наступстваў для фігуры і здароўя.

Калі я знайшла прафесіянала — трэнера Івету Стацэнку, яна напісала мне спіс прадуктаў, якія можна есці, і я яго строга прытрымлівалася. Прыйшлося адмовіцца практычна ад усіх прадуктаў, якія я ела да гэтага. Калі мы з мужам любілі каўбаску, вяндліну, то гэта, вядома, сышло. Таксама ў маім рацыёне няма малочных прадуктаў і хлеба (за выключэннем прыгатаванага самой у хатніх умовах).

Сёння ў маім рацыёне — яйкі (на сняданак я звычайна ем пяць штук — два з жаўтком, астатнія толькі бялок), грэчка, рыс, курыца, індычка, рыба, агародніна, аліўкавы і льняны алей. Магу з'есці хлебцы з сальцам (усміхаецца).

— На які ўзрост вы сябе адчуваеце?

— На гады 23. Але дзень на дзень не прыходзіцца, бываюць моманты (праўда, вельмі рэдка), калі адчуваю сябе нават не на свае 38, а на ўсе 50.

— Зараз вы працуеце фітнес-трэнерам, хто сёння звычайна прыходзіць у трэнажорную залу?

— Людзі розных узростаў, вельмі мэтанакіраваныя, якія ведаюць чаго хочуць па жыцці, а не толькі ў трэнажорнай зале, якія сочаць за сабой. Мае кліенты пераследуюць розныя мэты — хтосьці пахудзець, падцягнуцца, хтосьці адпачыць, пагутарыць, але ў той жа час і атрымаць нейкую фізічную нагрузку. Часта трэнажорная зала — гэта проста даніна модзе. Раней модна было быць худой, ледзь не анарэксічнай, цяпер у модзе падмацаваныя дзяўчаты. Мне пішуць, што хочуць цела, як у мяне, а я папярэджваю, што, скінуўшы вагу, яе яшчэ трэба ўтрымаць, а гэта часам яшчэ больш складана. Да таго ж трэба разумець, што я, сілкуючыся грэчкай і рысам, шчаслівая, а вось ці будзеце з такой ежай шчаслівыя вы?

— Што думаеце пра дзяўчат, якія прыходзяць у залу, як у рэстаран — нафарбаваныя з распушчанымі валасамі?

— Я нармальна да гэтага стаўлюся. Так, не заўсёды дзяўчаты прыходзяць у трэнажорную залу па спорт, ну і выдатна, таму што ўсе хочуць знайсці маладога чалавека і ўдала выйсці замуж. А тут людзі, якія не ляжаць на канапе з півам і чыпсамі. Напэўна, гэта добры ход. Выдатна, калі дзяўчына прыгожая, дагледжаная, галоўнае, каб трэнажор доўга не займала (смяецца).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фотаздымак са старонкі Дзіны ў сацсетках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.