Вы тут

Чаму пераўтвараецца Саудаўская Аравія?


На Блізкім Усходзе чарговая дзяржава аб'явіла аб гендарных паслабленнях у законе. З пачатку сакавіка жанчынам у Амане дазволена кіраваць таксі. Дагэтуль шафёрамі таксі ў гэтай краіне маглі быць толькі мужчыны. Праўда, сегрэгацыя за рулём застанецца. Машыны будуць адрознівацца па колеры: з кіроўцамі-мужчынамі — аранжавага і белага колеру, з кіроўцамі-жанчынамі — ружовага і блакітнага. Між тым хваля законаў, якія паступова ўраўноўваюць жанчын у правах з мужчынамі, у апошнія гады пранеслася па ўсіх краінах Персідскага заліва, адзначае aіf.ru. Асабліва гэта заўважна на прыкладзе Саудаўскай Аравіі, дзе да нядаўняга часу законы абмяжоўвалі правы жанчын асабліва жорстка. Чаму ў самым кансерватыўным рэгіёне свету пачаліся радыкальныя змены?


Прарыў праз стагоддзі

26 верасня мінулага года кароль Саудаўскай Аравіі Салман абвясціў, што з ліпеня 2018 года жанчыны змогуць атрымліваць правы на аўто і кіраваць машынай. Дагэтуль каралеўства заставалася адзінай краінай у свеце, дзе гэта было забаронена. А ў пачатку 2018 года саудаўскім дамам упершыню дазволілі наведваць футбольныя матчы: яны маглі паглядзець гульню з сямейных трыбун у суправаджэнні сваякоў. Таксама жанчын мяркуюць запрашаць для працы ў рэстараны: у тэставым рэжыме да найму супрацоўніц прыступілі ў 16 установах. Хоць яшчэ ў 2011 годзе жанчыны ў Саудаўскай Аравіі не маглі не толькі хадзіць на футбол, але нават быць прадаўшчыцамі ў крамах, юрыстамі, кіраваць кампаніямі і працаваць дыпламатамі.

Справа ў тым, што Саудаўская Аравія — адна з самых кансерватыўных краін свету, дзе прытрымліваюцца вахабізму: руху ў ісламе, які патрабуе ад паслядоўнікаў жыць так, як жылі першыя мусульмане. Таму ў жанчын доўгі час было так мала правоў, нібыта яны дагэтуль жылі ў VІІ стагоддзі. Да нядаўняга часу ў іх не было нават дакументаў: даныя проста ўпісвалі ў пашпарт апекуна, у ролі якога звычайна выступаў хто-небудзь з блізкіх мужчын (бацька, брат, муж, у некаторых выпадках нават сын).

Пасведчанне аб шлюбе за жанчыну падпісвае яе бацька. У судах паказанні дам лічацца менш каштоўнымі, чым мужчынскія. Працаваць разам з мужчынамі жанчына не мае права, як і знаходзіцца з імі ў адной грамадскай прасторы (за выключэннем бальніц або банкаў). Нават выйсці на вуліцу без суправаджэння сябровак або сваякоў-мужчын яна не можа.

Перамены наступілі ў апошнія гады ўладарання караля Абдалы. У пачатку 2012-га выйшаў закон, згодна з якім жанчыны атрымалі права працаваць прадаўшчыцамі ў крамах дамскай ніжняй бялізны. Пасля гэтага ім сталі дазваляць прадаваць касметыку, сумачкі, абутак, адзенне і іншыя тавары для прадстаўніц слабага полу. У 2013 годзе кароль упершыню ўключыў жанчын у свой Кансультатыўны савет. Адразу трыццаць дам, асабіста абраных манархам, пачалі прысутнічаць на пасяджэннях савета нароўні са 120 мужчынамі.

Другая пасля Карана

У 2005 годзе фурор у грамадстве нарабіла кніга пісьменніцы Раджы аль-Санаа «Дзяўчаты з Эр-Рыяда», якая стала самай прадаванай кнігай Саудаўскай Аравіі пасля Карана. Скандальны раман расказваў пра маладых саудавак, якія не выконвалі шматвяковыя традыцыі краіны, пілі шампанскае і ездзілі на аўтамабілях. Кнігу забаранілі, але яе сталі ўвозіць у краіну кантрабандай і прадаваць па 500 долараў за асобнік. Праз год цэнзары вымушаныя былі адмяніць забарону, паколькі не маглі прадухіліць распаўсюджванне рамана. Выпадак добра паказвае настроі часткі жанчын у каралеўстве, асабліва тых, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю. Многія з іх не хочуць здавольвацца роляй жонкі, працаваць выкладчыкам у школе або прадаўшчыцай у краме. І такіх з кожным годам становіцца ўсё больш. Толькі ў 2015 годзе, паводле афіцыйных даных, за мяжой вучыліся 150 тысяч саудаўцаў. Трэць з іх былі жанчынамі, якія ў большасці сваёй вярнуліся на радзіму пасля заканчэння навучання. Аднак прымаць іх на высокакваліфікаваную працу гатовыя далёка не ўсе работадаўцы. Для саудаўскага бізнесу яны могуць абысціся ў круглую суму. Бо калі браць дам на працу, то для іх прыйдзецца ўладкоўваць асобныя офісы, зоны адпачынку, нават асобны ўваход, як таго патрабуе заканадаўства.

Супраць жанчын па-ранейшаму працуе і грамадская думка. Паводле даследавання арабскага Цэнтра імя Хадзіджы бін Хувайлід, больш за палову апытаных грамадзян Саудаўскай Аравіі дагэтуль мяркуюць, што жанчынам не месца на касах супермаркетаў, заводах або ў палітыцы, адзначае aіf.ru. Супраць рэформаў выступаюць многія вядомыя рэлігійныя дзеячы. Напрыклад, самы высокапастаўлены навуковец-правазнаўца муфтый Абдул-Азіз Аль аш-Шэйх заяўляў, што продаж жанчынамі ніжняй бялізны — гэта «злачынства».

Без хіджаба

Тым не менш у апошнія гады ў Саудаўскай Аравіі з'яўляецца ўсё больш людзей, якія лічаць, што жанчынам трэба даваць больш правоў. «У першую чаргу гэта новы наследны прынц Мухамед ібн Салман, з чыёй падачы жанчын і сталі пускаць на футбольныя матчы, а таксама дазволілі ім кіраваць аўтамабілямі, — адзначыў aіf.ru доктар гістарычных навук, прафесар кафедры сучаснага Усходу Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Рыгор Косач. — Прынц абапіраецца на маладую саудаўскую эліту, многія прадстаўнікі якой таксама праходзілі навучанне ў еўрапейскіх або амерыканскіх універсітэтах і незадаволеныя празмерным уплывам духавенства на палітычнае жыццё краіны».

Але больш за ўсё на паўзучую фемінізацыю аказваюць уплыў жанчыны, якія працуюць. «Чым больш такіх жанчын, тым менш выконваюцца строгія загады і няпісаныя законы. Жанчыны ездзяць на працу на таксі, што раней вельмі строга забаранялася, не носяць у офісах хіджаб, таму што гэта нязручна, кантактуюць з чужымі мужчынамі. Межы дазволенага размываюцца, і ўлады відавочна гатовыя закрываць на гэта вочы», — адзначыў эксперт.

Пасля дазволу кіраваць машынай у Саудаўскай Аравіі пачалася новая стадыя вайны за жаночыя правы. Цяпер у каралеўстве ідуць спрэчкі аб тым, ці варта адмяніць сістэму апякунства. За адмену гэтай нормы выступалі шматлікія заходнія праваабарончыя арганізацыі, а ў 2016 годзе некаторыя жыхаркі каралеўства нават падалі петыцыю каралю. Пакуль жа ў грамадстве мужчыны відавочна не гатовыя да такіх радыкальных змен. За захаванне апякунства выступаюць нават кансерватыўна настроеныя жанчыны, якія ў адказ на петыцыю ліберальных актывістак нават адправілі каралю ўласнае прашэнне з просьбай пакінуць сістэму ў непарушнасці.

Змяняецца пазіцыя і рэлігійных дзеячаў. Напрыклад, ісламскі багаслоў шэйх Абдала аль-Мутлак на тэлеканале Al Jazeera заявіў, што саудаўскія жанчыны не абавязаны насіць на публіцы абаі — традыцыйныя арабскія чорныя свабодныя сукенкі да пят з доўгімі рукавамі. «Больш за 90 працэнтаў набожных мусульманак у ісламскім свеце не носяць абаі, і нам не варта прымушаць жанчын насіць іх», — сказаў прадстаўнік Савета ісламскага духавенства, вышэйшага рэлігійнага органа каралеўства. Між тым нашэнне абаі жанчынамі Саудаўскай Аравіі прапісана законам краіны, і нават іншаземкі, якія наведваюць каралеўства, абавязаны апранаць гэты прадмет адзення. Невядома, ці пойдзе ўрад на змену заканадаўства, але, як адзначаюць назіральнікі, упершыню саудаўскія ісламскія багасловы дапусцілі саму ідэю адмены гэтага абавязковага атрыбута жаночага гардэроба ў публічных месцах. У большасці арабскіх краін жанчыны, як правіла, носяць адзенне любых колераў і фасонаў, якое закрывае шыю, грудзі, рукі і ногі, пакрываючы галаву хіджабам, радзей хаваючы твар пад нікаб, які пакідае адкрытымі толькі вочы.

«Тое, што цяпер робіць Саудаўская Аравія, — каласальныя змены ў духу Атацюрка. Як вядома, у 20-х гадах мінулага стагоддзя, пасля стварэння Турэцкай рэспублікі, Мустафа Кемаль таксама распачаў рэформы па эмансіпацыі жанчын, якім дазвалялася перайсці на еўрапейскі стыль адзення, быў адкрыты доступ да навучання ў ВНУ, да шэрагу дзяржаўных пасад. Гэтыя крокі Саудаўскай Аравіі — безумоўна рух у бок Захаду», — заявіў усходазнавец Станіслаў Тарасаў. Новаўвядзенні актыўна падтрымліваюцца прыхільнікамі перамен, у тым ліку арганізацыяй за правы жанчын «Балядзі». Як лічаць эксперты, рэформы ў каралеўстве, што пачаліся, па сутнасці, пасля падзей арабскай вясны, былі вымушанымі — у Эр-Рыядзе вырашылі знізіць магчымую сацыяльную напружанасць, не чакаючы масавых хваляванняў.

$64 мільярды на забавы

Саудаўская Аравія плануе інвеставаць $64 мільярды на працягу наступных дзесяці гадоў у індустрыю забаў, паведаміла Arab News. Грошы будуць выдаткаваныя на будаўніцтва забаўляльнай інфраструктуры, а таксама на арганізацыю канцэртаў, мюзіклаў, выступленняў комікаў і на будаўніцтва першага ў краіне опернага тэатра ў Джыда, заявіў кіраўнік Упраўлення забаў Саудаўскай Аравіі Ахмад бін Акіль Аль-Хаціб. Дарэчы, гэтае ведамства створана ў рамках праграмы сацыяльных і эканамічных рэформаў Vіsіon 2030, агучанай два гады таму наследным прынцам Махамедам бін Салманам. Такім чынам разлічваецца дыверсіфікаваць эканоміку і зменшыць залежнасць Саудаўскай Аравіі ад нафты, у тым ліку за кошт укладанняў у індустрыю забаў, а таксама за кошт таго, што жыхары краіны пачнуць выдаткоўваць свае грошы на адпаведныя мэты.

Па словах Аль-Хаціба, сёлета запланавана правесці больш за 5 тысяч забаўляльных мерапрыемстваў — больш, чым калі-небудзь у гісторыі каралеўства. Сярод іх — канцэрт гурта Maroon 5 і артыстаў Cіrque Du Soleіl, удакладняе BBC News. Акрамя таго, сёлета жыхары і турысты ў 56 гарадах па ўсёй краіне змогуць наведаць мюзіклы, шоу для ўсёй сям'і, выступленні стэндап-комікаў, канцэрты, цыркавыя прадстаўленні, фэсты (сярод якіх фестываль джаза).

У сакавіку ў Саудаўскай Аравіі адкрыюць кінатэатр — першы пасля больш чым 35-гадовай забароны. Акрамя таго, у партовым горадзе Джыда, які таксама служыць месцам збору паломнікаў, якія накіроўваюцца ў Меку і Медыну, будзе пабудаваны першы ў краіне оперны тэатр. Усё гэта разам — вялікі крок для краіны, дзе апошнія два дзесяцігоддзі былі забароненыя канцэрты, а таксама музыка ў рэстаранах і крамах.

Аль-Хаціб таксама паведаміў, што краіна мае патрэбу ў інвестыцыях у памеры $267 млрд на будаўніцтва забаўляльнай інфраструктуры. Паводле яго слоў, з дапамогай маштабнай праграмы па развіцці індустрыі забаў у краіне да 2030 года будзе створана 224 тысячы новых працоўных месцаў.

Пры гэтым варта мець на ўвазе, што абавязкам караля Саудаўскай Аравіі, які мае тытул захавальніка дзвюх святынь, з'яўляецца іх зберажэнне і доступ мусульман усяго свету ў Меку і Медыну, і гэтай жа акалічнасцю, а не столькі роляй на нафтавым рынку, вызначаецца «вага» гэтай дзяржавы. У ролі краіны — радзімы Мухамеда і ісламу Саудаўская Аравія не можа не ўдзельнічаць у глабальнай палітыцы як натуральны сусветны цэнтр сілы, заўважае kommersant.ru. Праграма ператварэнняў, якая рэалізуецца ў краіне, — адна з самых складаных ідэй, якія калі-небудзь увасабляліся на нацыянальным узроўні. Саудаўская Аравія мае намер адначасова стаць «лічбавым грамадствам» з адпаведнай схемай эканомікі і ў гэтых умовах не толькі захаваць сваё незвычайнае для сучаснага грамадства зліццё рэлігійных нормаў з правам і культурай, але і актыўна прапаноўваць гэты сплаў у якасці ўзору для мусульман усяго свету.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Вясна каралеўства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?