Вы тут

Фотапраект «Родны склон» дэманструе цікавы свет адносін блізкіх людзей


Фотапраект «Родны склон», які цяпер экспануецца ў сталічным Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, — з'ява вельмі цікавая. Сутнасць яе ў тым, што вядомыя айчынныя фотамайстры на сваіх работах на гэты раз прадставілі... уласныя сем'і. Адно з пытанняў, якое цікавіла куратараў выстаўкі, — як будуць выглядаць работы майстроў, калі яны фатаграфуюць нешта звыклае, штодзённае?.. Ці давядзецца ім захоўваць пэўную дыстанцыю ад аб'екта здымкі? Якія мастацкія вартасці будуць у работ, калі знятыя яны з таго, што бачыш кожны дзень?.. І гэта толькі адзін бок медаля, які трымаюць у сваёй руцэ стваральнікі экспазіцыі.


Тры па­ка­лен­ні на фо­та­здым­ку: зле­ва фа­то­граф Юлія На­за­ра­ва. На ра­бо­це ў цэнт­ры — яе дач­ка. Спра­ва — ма­ма. Фо­та Тац­ця­ны Собаль.

Істотны і іншы аспект. Безумоўна, прафесійным фатографам (ды і ўсім аматарам гэтага мастацтва) вельмі важна рэгулярна здымаць сваіх родных і блізкіх! Каб не застацца, як той казаў, бы шавец без ботаў. Праз аб'ектыў фатографа пастаянна праходзяць сотні адлюстраванняў жыцця. Аднак, безумоўна, калі ў кадр трапляе сям'я, — менавіта гэтыя фота застануцца як каштоўная сямейная памяць, як тыя моманты, якія ні ў якім разе нельга страціць.

Вельмі кранальную гісторыю пра сваю дачку Варвару расказала фотамастачка Юлія НАЗАРАВА: «Варвара, маленькая чужаземка, якая гаворыць на невядомай мне мове, нечакана ўварвалася ў маё жыццё 11 гадоў таму. Кожны дзень яна імкліва сталее: гуляе і шукае сябе. У яе свеце можна быць касманаўтам або знакамітай фотамадэллю, чырвонавалосай русалкай або маленькай феяй, іншаземкай ці проста нябачнай. Яна ходзіць на мяжы сноў і рэальнасці. Яе час зусім не падобны на дарослы. Ён поўны цудаў і пераўвасабленняў. Ён непаўторны і незабыўны».

Гэтаксама і на фотаработах Юліі Назаравай Варвара прадстаўлена ў розных вобразах. Тут яна і сапраўды і касманаўт, і русалка, і чужаземка. Велізарныя каляровыя палотны наведвальнікі выстаўкі разглядваюць з ахвотай. Аднойчы маленькая Варвара пасталее, а гэтыя творы мастацтва назаўсёды застануцца яе сямейнай памяццю.

Пра цікавы свет адносін паміж блізкімі людзьмі разважаюць куратары выстаўкі. Яны адзначаюць, што, на першы погляд, сям'я — зразумелая кожнаму з нас сістэма. Але ў той жа час гэта складанае паняцце, якое выклікае велізарную колькасць самых розных пачуццяў і асацыяцый: традыцыя і род, блізкасць і давер, траўма і боль. Сям'ю можна вызначыць па-рознаму, але яна заўсёды змяшчае ў сабе адносіны паміж яе членамі, якія так ці іначай маюць агульныя сувязі, народжаныя еднасцю месца, сяброўствам, адданасцю, любоўю, інтарэсамі, перакананнямі. «Фатаграфаванне сям'і нагадвае стварэнне апавядання пра яе. Фатаграфія намагаецца адлюстроўваць адносіны ўнутры сямейнай сістэмы, структуру сям'і, традыцыі, яна агучвае цэнтральныя і табуяваныя тэмы, — кажуць стваральнікі «Роднага склону». — Аднак фатаграфія заўсёды абвяшчвае пра індывідуальнае ўспрыманне свету і вызначэнне ў ім самога сябе».

— Гэты праект задумваўся як праца з архівамі і тэмай сям'і. Здымаць сваіх блізкіх родзічаў — агульная тэндэнцыя ў сучаснай фатаграфіі, — гаворыць куратар выстаўкі Дзіна ДАНІЛОВІЧ. — Нам хацелася паказаць беларускіх аўтараў, якія таксама працуюць з гэтай тэмай. Нашы праекты звычайна будуюцца па наступным прынцыпе: ёсць як сучасныя працы, так і знакавыя падборкі, якім ужо дзясяткі гадоў, — яны таксама ўваходзяць у экспазіцыю. Сярод апошніх — творы Сяргея Кажамякіна і некаторых маладых аўтараў. Такім чынам мы даём магчымасць пабачыць пэўную гісторыю беларускай фатаграфіі. Тыя, хто працаваў з архівамі, даследавалі як свае, так і чужыя падборкі фотаздымкаў. Былі нават картачкі, якія хтосьці палічыў непатрэбнымі, выкінуў на сметніцу. Але нашы аўтары іх знайшлі і далі ім другое жыццё... Нам было вельмі цікава, што ж адбываецца, калі культавы ці канцэптуальны фатограф здымае нейкія зусім бытавыя рэчы, сямейныя святы, — ці застаецца ён пры гэтым на пэўнай дыстанцыі ад таго, што робіць, як выглядаюць яго работы?

«Вялікая сям'я» Ганны Бундзелевай зроблена ў форме фамільнага дрэва.

Па-асабліваму цікавы праект Віктара Гіліцкага. Фотамастак здымаў свайго дзядулю, а праз невялікі час зразумеў, што гэта была яго апошняя сустрэча са сваім родным, — таго не стала. Што ж можна пабачыць на тых здымках? Сярод рэчаў, якія нязменна акружалі дзядулю, — стары радыёпрыёмнік і вялікая колькасць асобнікаў «Звязды» — відаць, кожную сваю раніцу дзядуля пачынаў з любімай газеты.

Адметны праект і Вольгі Кірылавай. Яна апрацавала відэаплёнкі, якія калісьці ў яе дзяцінстве здымаў тата. Цяпер жанчына з цеплынёй прыгадвае той час і ўспамінае бацьку крыху наіўным і летуценным. Пра тое, што адносіны з роднымі часам могуць быць складанымі і вельмі траўматычнымі, у сваёй падборцы расказала Жанна Гладко.

Незвычайнай гісторыяй стварэння ўласнага твора падзялілася фатограф Вольга САВІЧ:

— Невялікі стары чамадан са мноствам разарваных фотаздымкаў быў знойдзены на мінскім сметніку ў 2017 годзе. Першым маім жаданнем было скласці і ўпарадкаваць усё гэта, зразумець гісторыю тых здымкаў. Але ў працэсе складвання я адчула: нягледзячы на тое, што разарваныя кавалкі збіраюцца ў цэлае, атрыманая выява са мной «не размаўляе». Я не магла мець да гэтых здымкаў ніякіх асабістых пачуццяў, таму што мяне з імі нічога не звязвае. Чаму ад іх адмовіліся — мне невядома, яны страцілі сваіх гаспадароў і праз гэта пазбавіліся сваіх гісторый... З часоў традыцыйных сямейных альбомаў зона дэманстрацыі сямейных фотаздымкаў моцна памянялася. Сёння гісторыю сям'і толькі зрэдку можна знайсці ў папяровых альбомах, якія беражліва захоўваюць і паказваюць толькі блізкім людзям. Цяпер такія здымкі часцей за ўсё выкладваюць у сацыяльныя сеткі і іх можа ўбачыць амаль кожны... «Альбом», прадстаўлены на выстаўцы, выкананы ў тэхніцы калажу, сабраны з фрагментаў чужога жыцця, але ўжо з іншымі ўласнымі новымі гісторыямі.

Яшчэ адзін куратар выстаўкі, а таксама яе ўдзельнік фатограф Уладзімір Парфянок, адзначае, што ўсё-такі з тэмай сям'і беларусы працуюць мала. Каб арганізатары знайшлі больш неабходнага матэрыялу, яны зрабілі б экспазіцыю, якая заняла б не адзін паверх, а ўвесь будынак НЦСМ. «Я спадзяюся, што праект займее працяг, што з'явяцца новыя цікавыя работы пра сям'ю, адносіны з роднымі людзьмі, — мяркуе Уладзімір Парфянок. — Хочацца, каб усе мы здымалі кола сваіх блізкіх людзей, не саромеліся гэтага, выносілі на паверхню — гэта вельмі важна».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Сямейнае як культавае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».