Вы тут

Простая любоў. І місія


У гэтым годзе была надзвычай прыгожая зіма. Трэба прызнаць, што такіх не выпадала даўно. Мажліва, снегу не намяло, як у даўнія часы, да самых стрэх, але сумёты былі немаленькія і ляжалі доўга. Аднак ці ўсе адважыліся пракласці свае сцяжынкі сярод гэтага белага хараства?..


Асабіста я гэтай зімой зведала многія радасці. Па-першае, навучылася катацца на снаўбордзе. Прылада гэтая, між іншым, не такая простая, як можа падавацца на першы погляд. Напачатку патрэбен чалавек-умелец, які растлумачыць, што і чаму трэба рабіць, раскладзе па палічках тэхніку язды. А далей — рэгулярныя трэніроўкі: яны, бадай, немагчымыя без болю і падзенняў, без пад'ёмаў і спускаў. Адчуванне радасці можа з'явіцца толькі дзесьці напрыканцы, калі нарэшце хоць нешта атрымаецца!

Мая вясковая бабуля прыдумала снаўборду вельмі слушную, цалкам беларускую назву — «апалонік». Праўда, гараджанам трэба растлумачыць, што апалонік — гэта драўляная лыжка, часцей за ўсё зробленая ўласнымі рукамі, выдзеўбаная з суцэльнага масіву. Пагадзіцеся, падабенства ёсць: становішся на вялікую драўляную лыжку і скочваешся на ёй са слізкага схілу!..

Гэтай зімой я схадзіла на шыкоўнае лядовае шоу ў цырку, пакаталася на каньках, пабачыла заснежаныя Карпацкія горы (і, вядома ж, трапіла на вяршыні некаторых з іх), апынулася ў эпіцэнтры завірухі. Падаецца, так і павінна быць, гэта ідэальны расклад: заснежаныя зімы, квітнеючыя вёсны, спякотныя леты, залаціста-барвовыя восені! Дзе яшчэ, у якім іншым клімаце паспееш атрымаць такую розную асалоду?

Яшчэ адной прыкметнай падзеяй гэтай зімы была вандроўка па Беларусі — у сядзібу «Налібоцкія васількі», што на Валожыншчыне. Пасля гарадскога тлуму апынуцца на ўскрайку пушчы, пасярод бяскрайніх палёў і амаль у поўнай цішыні, было досыць нязвыкла. Але, вядома ж, прыемна. Цікава, што гэтай зімой з'явіўся чалавек, які зрабіў вандроўкі па Беларусі сваёй працай. Сярод мноства варыянтаў прафесійнага развіцця і думак, куды скіраваць сілы і крэатыў, была выбраная не праца на ўжо паспяховыя кампаніі, а стварэнне ўласнага айчыннага брэнду. Адкрываць Беларусь для сябе і іншых, нягледзячы ні на якія перашкоды, не зважаючы нават на вялізныя маразы, — гэта варта павагі.

Насамрэч праект Асі Паплаўскай стартаваў яшчэ ў сярэдзіне восені. Маладая блогерка і журналістка стварыла ўласны сайт poplavskaja.by. Першапачаткова сярод сфер зацікаўленасці Асі былі ежа, у тым ліку службы дастаўкі, — кавярні і ўласна кава. Але досыць хутка Паплаўская знайшла новую нішу — travel-журналістыка. Як ні дзіўна, дагэтуль яна ў Беларусі была запоўнена досыць слаба. Вандруй і пішы пра гэта на пастаяннай аснове — і ты акажашся адным з нямногіх!

Такім чынам, нягледзячы на нялітасцівую зіму, дбаючы пра паспяховасць свайго стартапу, Ася Паплаўская пачала вандраваць па розных кутках Беларусі. І калі напачатку яна актыўна пісала пра гарады, то цяпер яскрава вымаляваліся дзве новыя асноўныя лініі — гэта аграсядзібы, якімі так славіцца наша краіна, і беларускія касцёлы. Як той казаў, усё геніяльнае проста!

Цяпер у Мінск Ася заязджае хіба што пераначаваць. Ладная частка яе жыцця праходзіць у розных кутках краіны. Калі меркаваць па тым, што піша і фатаграфуе Ася, яна сапраўды вельмі любіць Беларусь і бачыць сваю місію ў тым, каб як мага болей людзей выбраліся з дому і нарэшце ўбачылі прыгажосць Радзімы...

Блогерка зазвычай не хавае сваіх эмоцый і дзеліцца імі ў тым ліку ў сацыяльных сетках, дзе можна прачытаць, напрыклад, такое:

— Гараджан палохае надвор'е, а мы з Цішкам (невялікі сабака. — Аўт.) у сядзібе «Мядзведжы кут». Коўзаемся з гары. Гуляем па лесе, прабіраючыся скрозь метры снегу, — Цішку складана скакаць, і я бяру яго на рукі. Атрымліваем асалоду ад чыстага паветра і прыгажосці вакол. А пасля грэемся каля каміна... Добра ў вёсцы, калі ёсць Цішка.

Падаецца, сапраўднае хараство — яно насамрэч у простых словах і простых рэчах. Мы прывыклі шукаць дзівосы за акіянам, чакаць, што цуды прыйдуць аднекуль здалёк. Але рэальнае шчасце часам дзесьці зусім побач ці нават пад нагамі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота з асабістага архіва Асі ПАПЛАЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?