22 Верасень, субота

Вы тут

На якіх аўтобусах ездзілі беларусы ў 80-я гады?


Тэму гэтых нататак, канешне ж, навеялі апошнія падзеі вакол маршрутчыкаў. А некалі і паняцця такога нават не ведалі. Якія там сучасныя хуткасць і камфорт? Ёсць на чым ехаць, ужо добра... Гэта цяпер у салоне табе і Wі-Fі, і тэлевізар, і падаграванне з ахалоджваннем...

У юнацтве (ды і зараз раз-пораз) я любіў пры выпадку гаварыць, што нарадзіўся і жыву ў «партовым горадзе Смілавічы». Калі здзіўлена перапытвалі, што маю на ўвазе, даводзіў: першыя рэгулярныя аўтобусныя зносіны ў краіне былі наладжаны з Мінска ў Лагойск, Плешчаніцы і Смілавічы. Калі не падводзіць памяць, было тое ў 1927 годзе. Ну дык чым не партовы горад? Да сталіцы, Чэрвеня і Смалявіч — практычна аднолькавая адлегласць. Пазней хадзілі чуткі (адкуль яны ўзяліся, не ведаю), што ад Мінска да Смілавіч збіраюцца пусціць тралейбусы. Не спраўдзілася, але вось што аўтобусамі за сваё жыццё давялося паездзіць, дык тое праўда. У адрозненне ад іх для мяне, напрыклад, чыгуначны транспарт доўгі час заставаўся ў пэўным сэнсе экзатычным...


Магілёўская шаша некалі была двухпалосная. Абапал яе раслі дрэвы, месцамі вельмі вялікія бярозы, якія схілялі, здавалася, ледзьве не да самага асфальту свае галінкі. З-за гэтага ў маіх успамінах шаша чымсьці нагадвала старажытны тракт. Асноўным аўтобусам у напрамку Мінска быў «ЛАЗ». Каля 30 кіламетраў да сталіцы ён ехаў гадзіну (часам — больш), білет каштаваў 40 капеек.

Натужліва пераадолеўшы пад узгорак каля кіламетра і выехаўшы з пасёлка на «Магілёўку», аўтобус адразу спыняўся на ўзбочыне. Па-першае, тут быў неафіцыйны прыпынак. Кіроўца запускаў пасажыраў выключна праз пярэднія дзверы, абілечваючы кожнага. Па-другое, самае галоўнае, пасля гэтага ён з дарожнымі дакументамі ішоў, як каментавалі ў салоне, «адзначацца» ў нешта накшталт дыспетчарскага пункта — цаглянага будынка, абкладзенага пліткай, праз дарогу. Потым усё паўтаралася яшчэ двойчы. Кіроўца адсутнічаў кожны раз хвілін па 5—7 (мне ў дзяцінстве здавалася, што цэлую вечнасць), адсюль і тая гадзіна ці больш да сталіцы. Далібог, дагэтуль не магу зразумець, навошта было «адзначацца» на адзінай дарозе, асабліва ад'ехаўшы ад пасёлка на кіламетр?

У «ЛАЗах» было спякотна летам і холадна зімой. Хадзілі яны раз у гадзіну-паўтары, таму паўпустымі бывалі рэдка. Больш свабодна станавілася хіба на палове дарогі са сталіцы, калі частка пасажыраў выходзіла ў Прывольным і Лугавой Слабадзе. Асабліва запоўненымі былі з самага ранку і ўвечары, калі ў сталіцу і назад ехалі рабочыя і студэнты.

Стаячых людзей у гэты час было, як той казаў, пад завязку. Неяк, ужо калі вучыўся ва ўніверсітэце, атрымаў падручнікі. Заходзіў (больш правільна «ўціснуўся») у аўтобус адным з апошніх, узняўшы да грудзей вялікую спартыўную сумку. Стоячы на прыступках, нават трымаць яе за ручкі не давялося, — настолькі цесна стаялі пасажыры...

Стаўшы студэнтам, пражыў у сталіцы ў стрыечнай сястры вельмі нядоўга, вырашыў ездзіць кожны дзень на вучобу з дому. Тут жа сябры, знаёмыя, зноў жа мамчыны прысмакі. Наступныя пяць гадоў мой графік і зімой, і летам быў такі. Пад'ём у 5.50, першы аўтобус на Мінск ішоў у 6.13, другі — у 6.38. Я ездзіў на апошнім. За паўгадзіны трэба было сабрацца, паснедаць і паспець на яго, балазе, аўтастанцыя знаходзілася побач. Праўда, здаралася і так, што я ўставаў, збіраўся, еў, а потым... зноў ішоў спаць. Канешне, калі вярнуўся ў гадзіну-другую ночы, а прачнуўся ў 5.50... З прычыны ранняга выхаду з дома часам лавіў на сабе здзіўленыя позіркі аднакурснікаў. Вясной-восенню, ды і летам часам у шэсць гадзін раніцы бывае халаднавата. Таму мой світар ці куртка выклікалі здзіўленне ў тых, хто выйшаў з дому ў кашулі, калі ўжо пацяплела.

Самы трывалы ўспамін за тыя пяць гадоў — калі ты сядзіш у амаль цёмным і халодным салоне і пакрысе правальваешся ў сон... Раз — здрыгануўся! І сусед так жа побач. Праз некалькі хвілін — зноў... Атрымаць месца і зімой і летам на коле — горш не прыдумаеш. Сядзець высока нязручна, ногі зацякаюць, вопратку не зняць, а ад колаў ідзе гарачыня і пах паліва. І спацелы, часам, як пасля лазні, ты выскокваеш з салона на 30-градусны мароз, хапаючы ротам свежае паветра... Пасля студэнцкіх гадоў у мяне яшчэ працяглы час была алергія, нават на гэтыя ўспаміны, не тое што на новыя паездкі ў «ЛАЗах».

Цікава, што ў мяне аўтобусы маюць пэўнае дачыненне да прафесіі не толькі як сродак перасоўвання. Мабыць, класе ў сёмым я напісаў сачыненне, як мы ўсёй сям'ёй ездзілі ў Мінск у музей Вялікай Айчыннай вайны. Настаўніца яго ўхваліла, зачытаўшы перад класам, але сказала, што знізіла адну з адзнак за фразу «мы селі на аўтобус». Ужо выкладчыца журфака ацаніла замалёўку першакурсніка пра тое, як узнікае, фарміруецца і пачынае жыць па сваіх унутраных законах чарга (а без іх ніколі не абыходзілася, таму лепш было білет набываць загадзя) пасажыраў на прыгарадны аўтобус. Вельмі раіла аддаць матэрыял у газету — і яго надрукавалі!

Ранейшая аўтастанцыя «Аўтазаводская» знаходзілася прыкладна там, дзе зараз у пачатку Партызанскага праспекта стаіць стэла ў гонар партызанаў. Будынак з касамі-акенцамі ўяўляў сабой цесны драўляны дамок, побач з якім былі яшчэ нейкія пабудовы і павільёны. Сама аўтастанцыя знаходзілася нібы ў «кратары» — значна ніжэй узроўню суседняй вуліцы. Калі аўтобус ад'язджаў ад «платформы», ён рабіў такі круг па тэрыторыі з наборам «вышыні», што на нейкі момант складвалася ўражанне — падымаемся па горным серпанціне. Калі ў іншым месцы пабудавалі цяперашнюю, гэта было, канешне, як неба і зямля.

...Па горадзе да месца вучобы (журфак тады знаходзіўся на Свярдлова) было яшчэ каля гадзіны на тралейбусе і ніяк інакш. Памятаеце тыя «ЗіУ»? Настальгія захавалася дагэтуль. Заўсёды размяшчаўся на прасторнай задняй пляцоўцы, дзе не было сядзенняў. Ну і што, што стоячы? Затое праз вялікія вокны ўсё навокал відаць. Прыгадваю, як асабліва падабалася вяртацца на тралейбусе пасля заняткаў да «Аўтазаводскай», асабліва летам. Сярэдзіна дня, пасажыраў не вельмі шмат, тралейбус па праспекце бяжыць хутчэй, вокны адчынены і ў іх урываецца свежае ад руху і толькі што палітага вадой асфальту паветра... Што можа быць лепш, калі ты едзеш дадому?!

Канешне, верхам камфорту пасля «ЛАЗаў» былі «Ікарусы», асабліва мне падабаліся з «гармонікам». Дарэчы, іх часам давалі на замену ці калі было вельмі шмат пасажыраў і да Смілавіч з новай «Аўтазаводскай». Гэта заўсёды радавала, бо шанцы выехаць з горада хутчэй значна павялічваліся. А яшчэ было неяк нязвыкла бачыць гэты гарадскі аўтобус на вуліцах пасёлка. Ён выглядаў як нейкі аранжавы прышэлец з іншых сусветаў. Дарэчы, пра кур'ёз, звязаны з «Ікарусамі». Неяк на адным убачыў шыльду «Хуткасны». І задумаўся: Шабаны дзе, ведаю, Зялёны Луг таксама, недзе там Серабранка... А дзе Хутка́сны? Вось чамусьці так прачытаў.

А памятаеце даўні фільм «Кіроўца аўтобуса» са знакамітым Віктарам Тарасавым у галоўнай ролі і зусім маладым яшчэ Дзмітрыем Харацьянам? Яшчэ адной дзеючай «асобай» стужкі быў міжгародні «Ікарус», той, што з мяккімі крэсламі і падлакотнікамі. Гэта ж касмічны карабель па тых часах! На такім даводзілася ездзіць на экскурсіі ў Кіеў, Львоў. Зрэдку — з «Усходняга» да павароту на Смілавічы на транзітных міжгародніх. Калі працаваў у раёнцы, зноў жа часцей на транзітных вяртаўся з Чэрвеня дадому (рэйсавыя хадзілі не так часта). Білет абыходзіўся ці то столькі ж, як на прыгарадны аўтобус, ці то на нейкія капейкі даражэй. Хоць потым даводзілася ад шашы ісці ў пасёлак пешшу, паездка на такім «Ікарусе» таго каштавала.

А вось са Смілавіч да Чэрвеня хадзіў рэйсавы «ПАЗ» малой умяшчальнасці. На такім, памятаю, ад фабрыкі, дзе працавалі бацькі, мы ездзілі на экскурсію ў Хатынь і на Курган Славы. Яшчэ адзін успамін з юнацтва... У адрозненне ад Мінска, дзе многія жыхары пасёлка працавалі, у райцэнтр накіроўваліся найперш у бальніцу, ваенкамат, сабес. Толькі бліжэй да Чэрвеня пачыналі з'яўляцца пасажыры, што ехалі на работу, або вяскоўцы, якія выправіліся ў крамы па пакупкі.

Самымі лепшымі часамі, на мой погляд, былі тыя, калі паміж Смілавічамі і Мінскам пачалі курсіраваць у якасці маршрутак аўтобусы «Бычкі» («ЗІЛ»). Потым іх чамусьці знялі. І адну «жывёлу» замянілі на іншую — «Газель»... Неяк даволі хутка рухомы састаў фірмы-перавозчыка пачаў «вымушаць жадаць лепшага». У адной маршрутцы ў дождж магло ліцца са столі, у другой у спёку не адчыняцца вокны... Але гэта яшчэ што? Брат стаў сведкам таго, як з «Газелі» падчас руху... сарвала дах. Балазе, ніхто не пацярпеў. Сам я, вяртаючыся з жонкай у амаль пустой маршрутцы ў Мінск, ледзь не апынуўся пад коламі машын, што ехалі за намі. Выпадкова звярнуў увагу, што заднія дзверы ледзьве «закрытыя» на нейкі... раменьчык. Каб нехта падчас руху абапёрся б на іх... Мне гаварылі, што той кіроўца, якому я сказаў пра дзверы, звольніўся ці не ў той жа дзень. А саму фірму-перавозчыка закрылі, спадзяюся, дзякуючы маім матэрыялам пра тое, што рабілася...

Што яшчэ важна ў падарожжы акрамя ўласна дарогі? Спадарожнікі! Гаджэтаў жа, каб бавіць час, тады не было. Вось і размаўлялі: са знаёмымі і выпадковымі незнаёмцамі. Памятаю, неяк вяртаючыся з Чэрвеня, зачапіўся языкамі, як той казаў, з дзяўчынай побач. Проста прагаварылі ўсю паездку, як старыя знаёмыя. Неяк давялося ехаць у міжгароднім «Ікарусе» з мужчынам. Ён, як высветлілася, быў воінам-інтэрнацыяналістам, выконваў свой доўг у Афрыцы. Расказаў нямала цікавага. Але так бывае не заўсёды. Неяк вярталіся ў пасёлак з вучобы — кожны са сваёй ВНУ — з вядомым цяпер шоўменам Дзмітрыем Шуніным. Селі насупраць адзін аднаго і дамовіліся расказваць па чарзе анекдоты. У «залік» ішлі толькі свежыя, якія візаві не ведаў. Дык вось, гадзіну ехалі, а ніводны не здолеў расказаць іншаму патрэбнае.

...Аўтастанцыю ў пасёлку даўно закрылі. На вялікай пляцоўцы перад ёй, дзе некалі разварочваліся або стаялі ў чаканні рэйсаў аўтобусы, будуюць — усё ніяк не дабудуюць — гмах-краму. Дыспетчарскія абапал шашы, куды хадзілі «адзначацца» кіроўцы, знеслі. Сама дарога даўно стала чатырохпалоснай, праўда, дрэў уздоўж так і не з'явілася. Цяпер у ролі маршрутак (апроч звычайных рэйсавых аўтобусаў і экспрэсаў) на гэтым напрамку — пераважна «МАЗы» і «Багданы». Курсіруюць ці не кожныя паўгадзіны. За столькі ж даставяць у сталіцу. Шкада, што яны не могуць хоць бы на гэтыя 30 хвілін адвезці ў дзяцінства і юнацтва...

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Маршруты памяці

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.