Вы тут

Тыдзень будзе цёплым


У Беларусі на працягу чатырох дзён будзе досыць цёпла, але да канца тыдня рэзка пахаладае, і ў выхадныя чакаюцца маразы, паведамілі спецыялісты ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Сёння ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплыя паветраныя масы, якія паступаюць з паўднёвага захаду Еўропы. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі, у асноўным дождж, якія будуць суправаджацца парывістым паўднёвым ветрам. Месцамі магчымы туман, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Максімальная тэмпература будзе 2—8 цяпла, па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца ад плюс 9 да плюс 14 градусаў. У сераду ўначы і раніцай пераважна па паўднёва-ўсходняй частцы краіны, а ўдзень месцамі пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу, месцамі з мокрым снегам. У асобных раёнах чакаецца туман, уначы і раніцай на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, удзень будзе ад плюс 2 да плюс 9 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах да 10-11 цяпла.

Атмасферныя франты будуць гаспадарыць у нас і ў чацвер. Таму ўначы амаль паўсюдна, а днём месцамі, пераважна па паўднёвай частцы краіны, чакаюцца кароткачасовыя ападкі (дождж, які будзе пераходзіць у мокры снег). У асобных раёнах чакаецца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, па поўдні — 4-5 цяпла. Удзень прагназуецца ад нуля да плюс 7 градусаў.

Увага! Потым у нас чакаецца рэзкая змена надвор'я. Услед за атмасфернымі франтамі на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць халоднае паветра са Скандынавіі. Да канца тыдня пахаладае. У пятніцу пераважна па паўднёва-ўсходняй частцы краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу. На дарогах чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да 2—8 марозу, па поўначы пры праясненнях да мінус 9-10 градусаў. Удзень будзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў. Толькі ў паўднёвых раёнах краіны ўначы будзе каля нуля, удзень — 3-4 цяпла.

* * *

Паводле інфармацыі айчынных гідролагаў, у сувязі з цёплым надвор'ем на рэках Беларусі адзначаюцца палонкі, лёд на вадаёмах пацямнеў, стаў сітаватым і выходзіць на яго небяспечна. На рэках пераважае рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1—11 см за суткі. На асобных участках рэк узроўні вады перавышаюць адзнакі выхаду вады на пойму. На Прыпяці каля вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна ўзровень вады перавышае небяспечную высокую адзнаку на 4 см, тут адбываецца рост узроўню вады з інтэнсіўнасцю 3 см за суткі. Умовы надвор'я ў найбліжэйшыя дні будуць спрыяць раставанню ледзянога покрыва на рэках, структура лёду будзе мяняцца, павялічацца прасторы з адкрытай воднай паверхняй. На рэках будзе адзначацца ў асноўным рост узроўняў вады, у выніку чаго на Бярэзіне ў горадзе Беразіне і Сожы каля Слаўгарада вада выйдзе на пойму.

Сяргей КУРКАЧ

У тэму

У Магілёўскай вобласці пад цяжарам снегу абрынуліся дахі ў двух будынках. Няшчасці адбыліся ў Быхаўскім і Кіраўскім раёнах. У Быхаўскім раёне без даху застаўся двухкватэрны жылы дом, дзе жывуць дзве пенсіянеркі. Абедзве жанчыны жывыя, прыезду ратавальнікаў чакалі на вуліцы. А ў Кіраўскім раёне на малочнатаварнай ферме таварыства «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» на жалезабетонныя перакрыцці будынка склаліся шыфер і драўляныя латы на плошчы 180 квадратных метраў. На шчасце, тут таксама ніхто не пацярпеў. Учора на ферме поўным ходам ішлі аднаўленчыя работы.

— Гэта безгаспадарчасць і безадказнасць уласнікаў жылля і вытворчых памяшканняў, якія не паклапаціліся аб своечасовай ачыстцы дахаў, — лічыць афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вадзім Урублеўскі. — Мы пастаянна нагадваем пра тое, што трэба прыбіраць снег з дахаў, але не ўсе гэта чуюць. Тут усё залежыць выключна ад канкрэтных людзей.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Тыдзень цяпла

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.