Вы тут

У добрыя рукі: выбіраем касметолага


Спецыялістаў у сферы б'юці-індустрыі сёння шмат. Але як сярод вялізнай колькасці прапаноў знайсці "свайго" майстра, якому не страшна было б даверыць самае дарагое?


Наш кансультант – фізіёлаг-касметолаг Алеся ТРЭЗКОВА. У касметалогіі больш за дзесяць гадоў. Эксперт кампаніі “Беліта”. Выкладае курсы “Касметык-эстэтыст”. Некалькі гадоў вяла на тэлебачанні рубрыку “Парады касметолага”.

Як падчас першага візіту зразумець, падыходзіць вам касметолаг ці не?

Умоўна касметолагаў можна падзяліць на дзве групы.

Першыя – дэрматакасметолагі – маюць спецыяльную медыцынскую адукацыю і, як правіла, займаюцца працэдурамі, якія патрабуюць сур’ёзнага ўмяшання ў скурнае покрыва. Яны робяць ін’екцыі, праводзяць складаныя пілінгі і г.д. Такіх спецыялістаў няшмат.

Значна больш другіх – касметыкаў-эстэтыстаў, якія валодаюць тэхнікамі масажу, могуць зрабіць маску ці правесці чыстку твару. Менавіта да іх часцей за ўсё звяртаюцца беларускі.

Выбіраючы касметолага, памятайце, што вашыя візіты да яго хутчэй за ўсё будуць рэгулярнымі. Паколькі ў разавых працэдурах сэнсу няма, яны праводзяцца курсамі. Таму адразу настройвайцеся на доўгатэрміновае супрацоўніцтва.

На што трэба звярнуць увагу ў першую чаргу:

1. Знешні выгляд касметолага. Скура твару і рук павінна быць дагледжанай. Можна лічыць іх узорнай працай спецыяліста. Чыстая ўніформа, прыбраныя валасы, добра падпіленыя пазногці – дробязі, якія гавораць аб кваліфікацыі не менш, чым сертыфікат аб праходжанні адмысловых курсаў.

Таксама звярніце ўвагу на працоўнае месца. Тут павінен быць бездакорны парадак і чысціня: свежыя ручнікі і прасціны, антысептыкі і дастатковая колькасць аднаразовых матэрыялаў.

2. Граматны касметолаг заўсёды пачынае першую сустрэчу не з пытання “Чаго вы хочаце дасягнуць у выніку?”. Ён запытваецца “Што вас прывяло ў касметалагічны кабінет (што вас хвалюе)?” Яго задача – палепшыць тое, што дадзена прыродай, а не стварыць нешта новае.

Да касметолага ідуць у двух выпадках: каб вырашыць пэўныя праблемы са скурай або каб падтрымаць яе добры стан. Усё! За кардынальнымі зменамі звяртаюцца да пластычных хірургаў і іншых спецыялістаў.

3. Абавязковы этап працы касметолага – збор інфармацыі пра лад жыцця кліента. Вы не павінны засмучацца ад пытанняў пра вашае харчаванне, прафесію, хранічныя і перанесеныя калісьці хваробы, пра касметыку, якой вы карыстаецеся штодня. На аснове гэтых дэталяў добры спецыяліст зможа высветліць сапраўдную прычыну вашых праблем.

4. Прафесіянал ніколі не баіцца страціць свайго кліента. Тут няма чаго здзіўляцца, паколькі касметолаг са станоўчай рэпутацыяй ніколі не стане рабіць таго, што супярэчыць яго прынцыпам. Досыць часта здараюцца сітуацыі, калі жанчыны прыходзяць у салон з мэтай правядзення канкрэтных працэдур. Як правіла, яны матывуюць гэта так: “У маёй знаёмай пасля такой чысткі твар памаладзеў гадоў на дзесяць! Я таксама так хачу”. Нельга забывацца, што ў кожнага чалавека свае асаблівасці скуры. Тое, што падышло аднаму, іншаму можа толькі нашкодзіць. Добры касметолаг ні ў якім разе не пойдзе на повадзе ў свайго кліента, а будзе кіравацца здаровай логікай і сваімі ведамі.

5. Прафесіянал прапануе вам некалькі варыянтаў для рашэння праблемы і не будзе настойваць толькі на адным з іх. Спосабы будуць адрознівацца па ступені ўздзеяння на скуру, па эфектыўнасці і па кошце. Калі касметолаг упарта настойвае на самым дарагім варыянце, то варта задумацца пра ягоную кампетэнтнасць.

6. У абавязкі кваліфікаванага спецыяліста ўваходзіць не толькі якаснае выкананне салонных працэдур, але і кансультацыя па хатнім доглядзе за скурай. Яна дапаможа як мага даўжэй захаваць эфект ягоных старанняў.

7. Касметолаг павінен гаварыць праўду. Можа так здарыцца, што вам пачнуць казаць пра абсалютнае пазбаўленне ад узроставых зморшчын ці пра тое, што за гадзіну можна вылечыць акне або ў імгненне вока пазбавіцца ад наступстваў шматгадовага няправільнага догляду. Калі вам абяцаюць ідэальную скуру за кароткія тэрміны, то гэта відавочны падман!

У якім узросце трэба ісці да касметолага?

Тады, калі набываеце першую касметыку. Касметолаг дасць рэкамендацыі па доглядзе і дапаможа падабраць прадукты, якія вам дакладна падыдуць. Пасля ў мэтах прафілактыкі наведвайцеся ў касметалагічны кабінет 1-2 разы на год нават пры адсутнасці бачных праблем са скурай. Гэта дапаможа папярэдзіць яе заўчаснае старэнне.

Ганна КУРАК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.