Вы тут

Як атрымаць ураджай таматаў і бульбы з аднаго куста


Нядаўна ў прэсе з'явіліся паведамленні з Вялікабрытаніі і Новай Зеландыі аб вырошчванні раслін, якія даюць магчымасць атрымліваць адначасова ўраджай як таматаў, так і бульбы з аднаго куста. Гэты цуд назвалі «таматабульба», і ён не прадукт геннай інжынерыі або селекцыі, а вынік адмысловай тэхналогіі прышчэпак.


Ці магчыма самастойна паспяхова выгадаваць такія расліны ў сябе на лецішчы і атрымаць устойлівы ўраджай як «вяршкоў», так і «карэньчыкаў»? Практычны вопыт паказаў, што магчыма. Паспрабуем разабрацца ў гэтай тэхналогіі, тым больш што тут ёсць вельмі важныя нюансы.

Прышчэпка — адзін са спосабаў размнажэння раслін і павышэння іх устойлівасці да неспрыяльных умоў. Для агародніны яго пачалі выкарыстоўваць у пачатку мінулага стагоддзя. Высветлілася, што развітая каранёвая сістэма прышчэпы забяспечвае павышаную і стабільную ўраджайнасць агародніны ў адкрытым грунце. Пры гэтым вегетацыйны перыяд прышчэпленых раслін скарачаецца і значна павышаецца іх ураджайнасць. У цяперашні час найбольш папулярная ўнутрывідавая прышчэпка раслін, у асноўным пладовых культур. Міжродавая прышчэпка вядомая, але сустракаецца вельмі рэдка.

Усе мы ведаем, што бацвінне бульбы ўтрымлівае таксічныя рэчывы. Калі ў бульбы вырасце не роднае бацвінне, а памідорны куст, то ці не з'явяцца гэтыя таксіны ў таматах і як усё гэта адаб'ецца на таксічнасці клубняў бульбы? У якую частку расліны будзе накіраваны асноўны паток пажыўных рэчываў, у верхнюю або ніжнюю? Ці патрэбна спецыяльная агратэхніка для вырошчвання такіх раслін?

Пяройдзем непасрэдна да тэхналогіі. У сярэдзіне красавіка ў прыдатную ёмістасць высадзіце клубні бульбы ў грунт. Праз два тыдні можна рабіць прышчэпку тамата на бульбу, пажадана метадам палепшанай капуліроўкі. Капуліроўка — спосаб злучэння прышчэпачных кампанентаў больш-менш аднолькавага дыяметру, пры палепшанай — не толькі злучаюцца зрэзы, але і робіцца дадатковы расшчэп, і чаранок з прышчэпай звязаны крыху мацней.

Прышчэпку ажыццяўляюць пры дасягненні таўшчыні сцябла бульбы і памідорнай расады 0,5 см. Пры гэтым прышчапляецца кожны парастак. Пажадана, каб даўжыня зрэзаў перавышала больш чым у чатыры разы таўшчыню стволікаў, якія прышчапляюцца. На зрэзах стволікаў лязом робяцца расшчэпы-язычкі, якія адразу злучаюцца, не дапускаючы ніякага падсыхання. Пасля гэтага парасткі шчыльна абвязваюць бактэрыцыдным лейкапластырам і ставяць у зацененым месцы, папярэдне ўвільгатніўшы глебу і саму расліну.

Не палохайцеся, калі праз дзень-два прышчэпа тамата прывяне, калі ўсё зроблена правільна, ужо на наступны дзень яна адновіць першапачатковы выгляд. Праз 7—9 дзён можна ажыццяўляць высадку расліны на градку пад укрыўны матэрыял, а яшчэ праз тыдзень зняць павязку з месца прышчэпкі. Неўзабаве з'явіцца гронка кветак тамата, а праз месяц можна будзе пабачыць і плады. Калі асцярожна разрыхліць глебу, можна разглядзець з'яўленне маладых клубняў.

Час збіраць ураджай. З аднаго куста можна сабраць 1,5—3 кг бульбы і 5—8 кг таматаў, што вельмі нядрэнна.

Даследаванні навукоўцаў выявілі павышаную ўстойлівасць прышчэпленых раслін да фітафтарозу і каларадскага жука, а ўтрыманне таксічнага рэчыва саланіну ў пладах тамата і клубнях бульбы пры гэтым застаецца ў межах нормы. Вопыт паказвае, што адмысловай агратэхнікі вырошчвання прышчэпленай расліне не патрабуецца.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.