Вы тут

«Прачытаў беларускую кнігу сам — парай іншаму»


Ёсць такое свята — Міжнародны дзень роднай мовы. Святкуецца ён 21 лютага і, як правіла, заўсёды нечым здзіўляе. Сёлета, у прыватнасці, парадавала тое, што навіны на тэлеканалах Беларусі гучалі па-беларуску.


Аднак назаўтра, як і варта было чакаць, свята скончылася, і ўсё вярнулася на ранейшы рускамоўны лад. А значыць, праўду пісала «Звязда» (28.02): дня роднай мовы мала. Нам патрэбен, як мінімум, год... Бо гэта пра нас японскі славіст Курода пісаў: «Не разумею я гэтай ціхай і загадкавай краіны, жыхары якой пагарджаюць (грэбуюць) сваёй мовай». Яе, беларускую, і сапраўды амаль не пачуеш па тэлебачанні і радыё, у дзяржаўных установах, у крамах, на вуліцах. А будзе ж яшчэ горш (калі нічога не зменіцца), бо ў школах урокі беларускай мовы толькі раз на тыдзень. Што на іх можна вывучыць, засвоіць, зразумець?

Між тым успомнім жыццёвую аксіёму: мы — грамадзяне Беларусі, беларуская мова — першая дзяржаўная. Значыць, трэба, каб яна гучала ў нашай краіне, каб жыла і развівалася, каб у яе была будучыня...

Відавочная ісціна: засваенню роднай мовы паспрыяла б чытанне беларускіх кніг, беларускамоўных перыядычных выданняў. Любому (асабліва сельскаму) бібліятэкару душа баліць, калі вёска па-руску чытае Васіля Быкава альбо Івана Шамякіна.

Але ж шчырыя прыхільнікі беларускай літаратуры ў раёне таксама ёсць. У Пагосцкай бібліятэцы сярод такіх урач-стаматолаг Галіна Апалінараўна Дылейка, у Лешніцкай — пенсіянерка Таццяна Тарасаўна Маразенка, у аграгарадку Багушэвічы — рабочы сельскага Савета Васіль Віктаравіч Макарэвіч (яго гадавы рэкорд — 35 твораў беларускай літаратуры — ад класікаў да сучаснікаў). Жыхарка аграгарадка Уша, былая руплівіца мясцовага калгаса Валянціна Аляксандраўна Кандранцова лічыць, што добрая кніга заслугоўвае, каб да яе звярталіся не раз. Сярод яе любімых творцаў Васіль Быкаў, Міхась Лынькоў, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Ліпскі... У выніку на «рахунку» Валянціны Аляксандраўны 25 прачытаных альбо перачытаных беларускіх кніг.

Шкада, што такіх вось чытачоў няма сярод вясковых настаўнікаў, моладзі і падлеткаў. А таму ці трэба здзіўляцца, што элементарныя пытанні пра беларускую кнігу здольныя многіх загнаць у так званы ступар. Папрасіце мінакоў на вуліцы ці студэнтаў назваць, напрыклад, пяць твораў Быкава ці пяць сучасных беларускіх пісьменнікаў. Што пачуеце?

На першае з пытанняў адказы, магчыма, будуць, а вось на другое...

Ды і ці трэба таму здзіўляцца, калі нават супрацоўнікі нашага тэлебачання не ведаюць, дзе ў беларускіх словах правільна ставіць націск, не могуць назваць імя і сапраўды вядомага пісьменніка. Да беларускай літаратуры як нечага другаснага (ці другараднага?) ставяцца нават прадстаўнікі інтэлігенцыі... У Расіі кажуць, што чалавека, які не ведае на памяць хоць бы восем радкоў Лермантава, нельга лічыць культурным. А як у нас — наконт васьмі радкоў Багдановіча ці Купалы? Баюся, што прачытаюць іх вельмі нямногія, нават з тых, хто мае вышэйшую адукацыю і, як ні сумна прызнацца, усё тую ж прафесію настаўніка. Сярод іх і сёння ёсць, на жаль, педагогі, якія не чытаюць нічога, апроч так званай грыфаванай літаратуры. Але ж грыф Міністэрства адукацыі неабходны для падручнікаў, якіх мала для таго, каб выкладаць, напрыклад, гісторыю...

Бібліятэкары ўсё часцей з нейкай сарамлівасцю прызнаюцца, што да іх, каб пацікавіцца кніжнымі навінкамі, не зазіраюць нават настаўнікі-філолагі. Дык ці можна папракаць падлеткаў, што яны не любяць чытаць? Ну сапраўды, што з сучасных беларускіх твораў можа параіць настаўнік, які ніколі не гартаў часопісы «Полымя» ці «Маладосць»?

...Бібліятэка, як ніякі іншы грамадскі інстытут адчувае моц рэальнага ўздзеяння кнігі на чалавека. Для таго каб да яе — у тым ліку беларускай — прыцягнуць увагу наведвальнікаў, у нас прайшоў месячнік «Прыгарніся да роднага слова». Кожны чацвер месяца пазіцыянаваўся як беларускамоўны дзень і дзень паглыбленай прапаганды твораў беларускіх аўтараў. Штодзённа ў вясковых бібліятэках праводзіліся акцыі «Кожнаму чытачу — беларускую кнігу». Практыкаваліся агляды-сюрпрызы «Кніга — падарунак прыхільніку роднай мовы», «Твае першыя кніжкі — па-беларуску», «Беларуская літаратура: нам ёсць чым здзівіць чытача».

Бібліятэкары звярталі асаблівую ўвагу наведвальнікаў на лепшыя мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў — юбіляраў месяца (года) Святланы Алексіевіч, Валерыя Гапеева, Максіма Гарэцкага, Янкі Маўра, Анатоля Бутэвіча, Уладзіміра Арлова, Вячаслава Адамчыка, Адама Міцкевіча... У ходзе рэкламных акцый месяца — «Знакавыя кнігі», «Кніга — фаварыт», «Кнігі жадаюць пазнаёміцца», «Эліт-кнігі юбіляра», «Незаслужана забытыя». Прайшлі сустрэчы-бенефісы з аматарамі чытання беларускіх твораў на роднай мове, працаваў лозунг «Прачытаў беларускую кнігу сам — парай іншаму».

Па выніках месячніка Пагосцкая сельская інтэграваная бібліятэка стала найлепшым папулярызатарам беларускай мовы і літаратуры. Добрыя паказчыкі ў лютым па Ушанскай, Любушанскай, Багушэвіцкай бібліятэках.

Запатрабаванасць беларускай кнігі ў бібліятэцы — паказчык таго, як яна падаецца чытачам, як бібліятэкар сам ставіцца да роднага слова.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчыца аддзела маркетынгу Бярэзінскай Цэнтральнай раённай бібліятэкі

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг