Вы тут

Чаму нельга запускаць гастрыт і як лячыць каварную Хелікабактэр


Чым небяспечнае такое захворванне як хранічны гастрыт, пры якіх умовах яно ператвараецца ў язвавую хваробу, навошта і як выяўляць бактэрыі Хелікабактэр пілары і ці заўсёды іх наяўнасць вядзе да раку страўніка, расказала загадчык аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі Мінска Таццяна Плісюк.


— Таццяна Аркадзеўна, як узнікае гастрыт?

— Гастрыт — гэта запаленне слізістай абалонкі страўніка. Ён узнікае па некалькіх прычынах. Асноўная крыніца вострага гастрыту — харчовая таксікаінфекцыя, або папросту атручванне няякаснай ежай. Праз дзве-тры гадзіны ўзнікае вострае запаленне слізістай страўніка, якое суправаджаецца высокай тэмпературай і рвотай. Таксама могуць далучацца млоснасць, галавакружэнне, панос.

— Чым атручванне адрозніваецца ад ротавіруса?

— Ротавірусная інфекцыя трапляе ў арганізм праз верхнія дыхальныя шляхі. Ёсць невялікі, да трох дзён, інкубацыйны перыяд. І тут, як правіла, хварэе не хтосьці адзін у сям'і, а ўсе. Калі ў дзіцячым садку, то большасць групы. Сімптомы падобныя да атручвання — ірвота, тэмпература, панос. А вось атручванне заўсёды можна звязаць менавіта з няякаснай ежай. Часта падлеткі прыходзяць з Макдональдса — фаст-фуд, бульба фры, перасмажаная ў алеі, які некалькі разоў выкарыстоўваецца, — і праз пару гадзін пачынаецца рвота, паднімаецца тэмпература. Такая нездаровая ежа выклікае прыступ гастрыту. Ротавірусная інфекцыя лечыцца супрацьвіруснымі прэпаратамі, а харчовая таксікаінфекцыя патрабуе антыбіётыкаў.

— Ці ёсць прадукты, якімі мы знішчаем страўнік?

— Тут гаворку трэба весці хутчэй не аб прадуктах, а аб няправільным харчаванні ў цэлым. У нас, на жаль, многія, у тым ліку дзеці і падлеткі, часта не паспяваюць паесці, харчуюцца няправільна. Прымаць ежу трэба сама меней шэсць разоў на дзень, але невялікімі порцыямі. Па-першае, гэта дапамагае не набіраць лішнюю вагу. Па-другое, калі мы харчуемся кожныя 3-4 гадзіны, паляпшаецца работа страўнікава-кішачнага тракта. Ежа — найлепшы жаўцягонны сродак. Пасля яе прыёму выпрацоўваецца жоўць, яна дапамагае ў ператраўліванні страў. Калі пасля сняданку мы цэлы дзень не маем магчымасці харчавацца правільна, абмяжоўваемся перакусамі, а падчас вячэры аб'ядаемся, адбываецца расцяжэнне слізістай страўніка і магутны выкід ферментаў: жоўцевых, падстраўнікавых, у вялікай колькасці выпрацоўваецца страўнікавы сок, жоўць. Гэта вельмі высокая нагрузка на стрававальную сістэму і ўвесь арганізм. Некаторыя адразу пасля багатай вячэры кладуцца спаць, што таксама няправільна. Калі па такім прынцыпе харчавацца доўгі час, узнікнуць гастрыт, язва і атлусценне.

Калі казаць пра рацыён, то ежа павінна быць пераважна вараная, абавязкова патрэбныя кашы, малочныя прадукты, супы, мяса, рыба, садавіна і гародніна. Фаст-фуд, бульба фры ў рэстаранах хуткага харчавання — ежа на крайні выпадак. Перакусваць гэтым кожны дзень нельга.

— Як пазбегнуць хранічнага гастрыту?

— Востры гастрыт, які ўзнікае калі мы нечым атруціліся, вылечваецца. І калі вы ведзяце здаровы лад жыцця і правільна харчуецеся, ён не ператвараецца ў хранічны. Калі ж вы пастаянна парушаеце прынцыпы здаровага харчавання (недаядаеце, а пасля пераядаеце, маеце шкодныя звычкі, у прыватнасці, прымаеце алкаголь і курыце, асабліва на галодны страўнік), унутраны слой эпідэрмісу пашкоджваецца. Калі слізістую не лячыць, захворванне пераходзіць у хранічную форму. Спачатку запаляецца ўнутраная абалонка страўніка. Калі працэс ідзе далей, паглыбляецца пад слізістую — утвараюцца язвы. Калі язвавую хваробу не лячыць, гэта можа прывесці да раку страўніка.

— Бактэрыя Хелікабактэр пілары таксама выклікае гастрыт?

— Так, і гастрыт, і язвавую хваробу. Адзін з характэрных сімптомаў пры гэтых захворваннях — галодныя болі. Здаецца, калі нешта з'есці, баліць менш. На самай справе, гэта падманлівае адчуванне. Ад ежы страўнік раздуваецца, павялічваецца колькасць салянай кіслаты. З-за гэтага з'яўляецца пякотка, адрыжка кіслым, метэарызм, запоры. Такія сімптомы характэрныя, калі кіслотнасць страўніка павышаная. З паніжанай кіслотнасцю скаргі ў пацыентаў крыху іншыя, але большасць хворых адчуваюць менавіта пералічаныя дыспепсічныя сімптомы.

— Галодны страўнік не павінен балець?

— Звычайна мы адчуваем голад, болі ў норме быць не павінна. Многае яшчэ залежыць ад болевага парогу. Некаторыя хворыя адчуваюць толькі слабасць. Пасля прыёму ежы ў норме вы таксама не павінны нічога адчуваць. З язвавай хваробай пасля прыёму ежы становіцца лягчэй, але хутка боль зноў вяртаецца. Яе зноў імкнуцца заядаць, пацыенты з язвамі і гастрытамі часам нават набіраюць вагу, але пакутуюць ад ацёчнасці.

— Гэта значыць, хвароба не працякае схавана...

— Так. Але ўсё роўна не ўсе пацыенты звяртаюцца да ўрача. Прымаюць сімптаматычныя прэпараты, соду — ім становіцца крышачку лягчэй. У каго невысокі болевы парог, жывуць з болямі. І гэта вядзе да сумных вынікаў. Так узнікаюць запушчаныя формы раку страўніка. Таму калі перыядычна ўзнікаюць болі ў страўніку, запоры і панос, трэба абследавацца.

— Якім чынам гэта робіцца?

— Выконваецца гастрафібраскапія — агляд слізістай страўніка з дапамогай гастраскопа, больш вядомага як зонд. Гэта дзве не самыя прыемныя хвіліны, але працэдура вельмі неабходная. Цяпер абавязкова выконваецца біяпсія, каб не прапусціць анкалагічныя захворванні. І правяраюць на наяўнасць Хелікабактэр. Калі іх выяўляюць, прызначаецца эрадыкацыйная схема, скіраваная на іх знішчэнне.

— Якімі яшчэ метадамі можна выявіць Хелікабактэр?

— Па аналізе крыві, а таксама выконваецца дыхальны тэст. Калі ўпершыню выяўляецца язвавая хвароба, пацыенту прызначаецца лячэнне, і пасля, калі не хочацца зноў глытаць зонд, ёсць такая альтэрнатыва. Аналіз крыві на Хелікабактэр робіцца пакуль толькі на платнай аснове, а ў паліклініках, як правіла, прапануюць бясплатны дыхальны тэст.

— Хранічныя гастрыты — гэта хвароба якога ўзросту?

— Такі дыягназ ставіцца нават дзецям школьнага ўзросту. У многім тут сваю ролю адыгрывае спадчынны фактар: калі ў бацькоў ёсць Хелікабактэр, а харчуюцца ў сям'і, вядома, з агульнага посуду, то вялікая верагоднасць, што гэта бактэрыя будзе і ў дзяцей. Хелікабактэр гіне толькі пры тэмпературы 60 градусаў, яна добра знішчаецца ў пасудамыечных машынах, але зразумела, што ў хатніх умовах посуд у такой гарачай вадзе ніхто не мые. Таму, калі ў некага выяўляюцца гэтыя бактэрыі, рэкамендуецца лячэнне ўсёй сям'і. Як вядома, не ўсе дзеці харчуюцца правільна. Іх здароўе залежыць ад таго, як іх кормяць бацькі. Важна не ігнараваць харчаванне ў школе, каб не было вялікага перапынку ў прыёмах ежы. Спачатку ў дзяцей развіваецца гастрыт, і яны прэтэндэнты на язву, асабліва язву дванаццаціперснай кішкі. Гэта стрэсавая язва. Падлеткі асабліва да яе схільныя з-за сваёй няўстойлівай псіхікі. І калі язва страўніка больш сустракаецца ў дарослага насельніцтва, то язва дванаццаціперснай кішкі — гэта пераважна хвароба падлеткаў.

— Хелікабактэр ва ўсіх выклікае язву?

— Ёсць людзі, якія жывуць з гэтай бактэрыяй усё жыццё, і яна не выклікае язвавую хваробу. Таму падхапіць яе можна дзе заўгодна: у сталоўцы, кафэ, у гасцях, калі няякасна апрацаваны посуд. Але лячыць яе важна, бо гэта прафілактыка раку, так мы не дапускаем утварэння лімфомы страўніка. Іншая справа, што не ва ўсіх Хелікабактэр можна знішчыць, лячэнне дае вынік прыкладна ў 90 % выпадкаў. Таму лепш не дапускаць запалення слізістай і прытрымлівацца прынцыпаў правільнага харчавання.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Вось жа язва!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.