Вы тут

Раман Заслонаў: прыемна, што моладзі падабаюцца мае творы


Беларускага мастака Рамана Заслонава ведаюць ва ўсім свеце, яго карціны знаходзяцца ў прыватных і музейных калекцыях практычна на ўсіх кантынентах планеты. У Беларусі да яго ставяцца з павагай: любоў да радзімы мастак не хавае. Тут вельмі любяць яго творы — яркія, рамантычныя, якія захоўваюць асаблівы свет чалавечых мар і жаданняў. Сёння аўтар працуе ў самых розных кірунках і ўсё часцей здзіўляе аматараў мастацтва смелымі ідэямі. Раман Заслонаў расказаў нашаму выданню, як ставіцца да крытыкі і чаму не жадае рэгістравацца ў сацыяльных сетках, а таксама адзначыў асаблівасці жыцця на дзве краіны.


— Нядаўна гартала стужку інстаграма і затрымала позірк на меркаванні сваёй знаёмай, якой падабаюцца вашы карціны. Аднак прадстаўнікі старэйшага пакалення чамусьці іх крытыкуюць…

— Безумоўна, прыемна, што моладзі падабаюцца мае творы. Але не магу сказаць, што крытыка гучыць менавіта з боку старэйшага пакалення. Вядома, бываюць людзі, якім яны нецікавыя, бывае і наадварот, але нельга абагульняць. Калі два гады таму адкрывалася мая выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, я прачытаў кнігу водгукаў: з негатыўных было толькі некалькі, усе астатнія — цёплыя, станоўчыя. Лічу, што мастак у прынцыпе не можа падабацца ўсім. У мяне ёсць меркаванне наконт крытычных выказванняў. Раней, калі людзям штосьці не падабалася, яны пісалі сваё меркаванне на платах, цяпер жа таксама пішуць, толькі ў сацыяльных сетках ці ў кнізе водгукаў, але як правіла ананімна. А пасля спакойна вітаюцца з табой, як лепшыя сябры. З гэтай пазіцыі я не зарэгістраваны ні ў адной з сацыяльных сетак. Мне здаецца, што меркаванне трэба выказваць асабіста, гледзячы свайму апаненту ў вочы.

— Вы прыйшлі да фігуратыўнага жывапісу ў дзевяностых гадах, і з таго часу ваш стыль вельмі пазнавальны. Як мяркуеце: дасягнуць індывідуальнага аўтарскага стылю — гэта поспех для творцы?

— На мой погляд, у мастацтве немагчыма існаваць без аўтарскага стылю. Мастака павінны пазнаваць, але пошукі стылю не самамэта. Галоўнае, каб было што сказаць або разабрацца самому з сабой, са сваімі ўнутранымі супярэчнасцямі і канфліктамі. Унікальны выпадак Пабла Пікаса, які ўсё жыццё шукаў розныя стылі і сам жа іх вынаходзіў. Гэта быў чалавек, у якім жыла творчасць, які сам сябе пастаянна перакройваў, і яго немагчыма было спыніць.

Мне таксама было складана. Спачатку чатыры гады мастацкая школа, пасля шэсць гадоў Акадэміі мастацтваў, а пасля яшчэ тры гады творчых майстэрняў Акадэміі мастацтваў СССР пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага, якія вельмі запомніліся творчай атмасферай.

— Як у вас складваліся адносіны з Міхаілам Савіцкім, бо ваша падача творчасці, верагодна, была яму не блізкая?

— Чалавек ён складаны, але мастак вялікі, які ўвайшоў у гісторыю беларускага, савецкага і сусветнага мастацтва. Так, крытыка з яго боку была, але я ўсё роўна імкнуўся рабіць тое, што хацеў. Пасля навучання мы некалькі разоў сустракаліся. Гэтыя сустрэчы памятаю добра. Я і Міхаіл Андрэевіч у размове прыйшлі да высновы, што час змяніўся, а з ім — і адносіны паміж мастакамі. Сустракаючыся праз многія гады, мы размаўлялі менавіта як творцы. Ён свае заўвагі ў дачыненні да мастакоў майго пакалення праз прызму гадоў успрымаў таксама па-іншаму.

— Ад заняткаў жывапісам вы ўсё ж падышлі да інсталяцыі. На сёння ў вас шмат праектаў, звязаных з рознымі кірункамі творчасці...

— Напэўна, можа падацца, што ў маёй творчасці рэзкія павароты. На самай справе ў мяне ніколі не было спантанных праектаў. Напрыклад, мая дыпломная праца — гэта серыя пейзажаў, прычым напісаных з натуры. Да гэтага часу адзін з пейзажаў знаходзіцца ў кабінеце рэктара Акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны. У той час у акадэміі было актуальна ствараць сюжэтныя карціны, я сабе шчыра прызнаўся, што ў кампазіцыі не моцны, а вось у пейзажы нешта сказаць мог. Дарэчы, магчыма, калі-небудзь зраблю выстаўку сваіх пейзажаў, пакажу тое, што даўно забылася.

Цяпер спрабую сябе ў канцэптуальных праектах: той жа праект «Стол», у якога тры аўтары — я, Віктар Лабковіч і Сяргей Талыбаў. Мне вельмі спадабалася працаваць з відэаартам, аб’ядноўваць яго разам з інсталяцыяй. Дарэчы, праз некалькі месяцаў будзе прэзентаваны мастацкі фільм, які мы зрабілі той жа кампаніяй, што працавала і над «Сталом».

«Плоць музы».

— Паколькі дваццаць гадоў вы жывяце і выстаўляецеся ў двух краінах — у Беларусі і ў Францыі, у якой з іх вам усё ж больш камфортна?

— Насамрэч камфортна мне і тут, і там. Але пытанне ў тым, што пэўны перыяд жыцця — большую частку — я знаходзіўся ў Францыі, але ніколі не было адчування, што я перамясціўся ў іншую прастору. Проста цэнтр інтарэсаў быў не ў Мінску, а ў іншай краіне. Ды сутнасць чалавека памяняць немагчыма. Захоўваецца гістарычная памяць, якая людзей аб’ядноўвае. Я правяраў гэта на практыцы: калі ў іншай краіне сустракаеш чалавека нават неабавязкова з Беларусі, а з любой краіны былога Савецкага Саюза (дзякуючы таму, што мы ўспрымалі адны і тыя ж фільмы, кнігі, літаратуру), з ім не трэба ніякіх падрыхтоўчых размоў і можна размаўляць адразу пра многае, ён цябе будзе разумець. Напрыклад, я не хадзіў у французскую школу ў дзяцінстве і не слухаў іх папулярныя музычныя хіты. Я выдатна ведаю французскую мову, добра на ёй размаўляю, але я не стаў сапраўдным французам з-за гэтага.

Мне здаецца, цяпер увогуле такі час, калі мастак не можа працаваць толькі ў межах сваёй краіны. Глабалізацыя ў мастацтве вельмі моцная. У канцы дзевяностых мне таксама было цікавей выстаўляцца ў Францыі, чым у нас. Бо там стаўленне да мастакоў было іншае. У сваёй краіне мы былі нікому не патрэбнымі маладымі аўтарамі, якія проста выжывалі, а там да мяне ставіліся сур’ёзна, пра мае творы пісалі французскія газеты.

Да Беларусі ў мяне асаблівае пачуццё. Я вельмі люблю сваю краіну. І заўсёды стаўлюся сур’ёзна да арганізацыі тут сваіх праектаў. Калі рабіў выстаўку два гады таму, мяне хвалявала рэакцыя гледача. І я не чакаў, што прыйдзе так шмат людзей.

— У вашых работах часта прысутнічае жаночы вобраз. Ёсць адчуванне, што вы малюеце аднаго чалавека, трансфармуючы яго з работы ў работу…

— На самай справе гэта не адзін вобраз. Рысы кожнай з намаляваных жанчын фарміраваліся на працягу доўгага часу. Рыжавалосыя, русыя прыгажуні дапамагаюць мне адлюстраваць настрой. Жаночы вобраз — мая візітка. З дапамогай іх атрымліваецца ствараць патрэбную атмасферу карціны. Цікава і характэрна тое, што мае творы выклікаюць у гледача не заўсёды адназначную і падобную рэакцыю. Глыбіня мастака і яго адметнасць залежаць ад таго, ці выклікаюць яго работы адназначнае бачанне. Не хочацца ствараць плакаты, сэнс якіх проста счытваецца. Мне здаецца, сёння гэта нікому не цікава. Былі выпадкі, калі я пісаў карціну, і яна мне здавалася настолькі зразумелай і яснай, што не мог у прынцыпе дапусціць нейкага іншага меркавання гледача. Але гледачы ўмудраліся ўбачыць абсалютна іншую тэму. Такія сітуацыі заўсёды радуюць: значыць, у работах прысутнічае шматузроўневасць. І ў гэтым мая задача як мастака.

— Ваш праект «Стол» браў удзел у 57-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва і прадстаўляў там нашу краіну. Раскажыце, як праект ацаніла міжнародная мастацкая супольнасць?

— Першая станоўчая адзнака нашага павільёна прагучала з вуснаў членаў прэстыжнага міжнароднага журы яшчэ да афіцыйнага адкрыцця біенале. У першыя ж дні работы біенале найстарэйшы італьянскі часопіс па мастацтве Kyos надрукаваў артыкул пра маю творчасць.

 Наступным этапам стаў рэдакцыйны артыкул у нямецкім часопісе Kunst Forum, дзякуючы якому публіка пачала да нас прыходзіць з вялікім імпэтам. Цяжка пераацаніць значэнне наведвання нашага павільёна галоўным куратарам біенале Крысцін Масэль і яе станоўчую ацэнку. Дорага каштуюць словы пра глыбіню ўражання такіх прызнаных ва ўсім свеце яркіх прадстаўнікоў сучаснага мастацтва, як І Сукюнг з Паўднёвай Карэі і Даўн Каспер з ЗША. Надоўга запомняцца цёплыя размовы і абмеркаванне праекта з Эрнеста Нета (Бразілія).

15 чэрвеня адбыўся адкрыты стол, дзе на сустрэчу са мной як з мастаком і куратарам прыйшлі калекцыянеры сучаснага мастацтва, куратары, крытыкі і журналісты. Была нечаканасцю атмасфера шчырасці і цеплыні ў абмеркаванні нашага праекта такой разнастайнай публікай.

 Правядзенне адкрытых сталоў — гэта новая ініцыятыва, што з’явілася сёлета на Венецыянскай біенале, якую мы працягнулі ў Мінску 27 лютага гэтага года. А наогул самым дарагім уражаннем ад Венецыі сталі стасункі з простымі наведвальнікамі нашага павільёна.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.