Вы тут

Што нам дасць Закон «Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі»


За апошнія паўстагоддзя прыкметна ўзмацнілася залежнасць інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі ад унясення мінеральных угнаенняў, пестыцыдаў, гербіцыдаў, выкарыстання хімічна сінтэзаваных сродкаў абароны раслін, энергаёмістай тэхнікі. Гэта ставіць пад пагрозу здароўе прыроды і чалавека. Рэшткавыя дозы хімічных элементаў назапашваюцца ў глебе, у прадуктах харчавання. Менавіта таму ў свеце з'явіўся новы трэнд — вырошчванне экалагічна чыстых прадуктаў. Не засталася ўбаку ад яго і наша краіна. Але для таго, каб падобная вытворчасць не стала стыхійнай, патрэбна заканадаўчая база. Пакуль праект Закона «Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі» знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адным з яго абмеркаванняў у профільнай камісіі.


Надзённая неабходнасць і экспартны патэнцыял

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун аргументавана гаворыць пра неабходнасць прыняцця гэтага закона:

— Плошча зямель у свеце для вытворчасці арганічнай прадукцыі павялічылася за 10 гадоў з 30,2 млн га да 58 млн га. Аб'ём рэалізацыі арганічнай прадукцыі за гэты перыяд на сусветным рынку вырас да 89,7 млрд долараў (павялічыўся ў 2 разы). Асаблівасцю згаданага сегмента рынку з'яўляецца стабільна высокі рост (ад 10 да 20 % у год). Згодна з экспертнымі ацэнкамі, да 2020 года міжнародны абарот арганічнай прадукцыі павялічыцца да 130 млрд долараў. У сусветным маштабе вядзецца актыўная работа па распрацоўцы і ўдасканаленні нарматыўна-прававога рэгулявання арганічнай вытворчасці. З 179 краін свету, якія ажыццяўляюць гэтую вытворчасць, 87 маюць адпаведныя законы, 17 краін знаходзяцца ў працэсе распрацоўкі і прыняцця нарматыўна-прававой базы, 20 маюць стандарты, але не маюць законаў. Сярод краін СНД па арганічнай сельскай гаспадарцы прынятыя законы ва Украіне, Казахстане, Малдове, Грузіі, Таджыкістане, Арменіі... Вытворчасць арганічнай прадукцыі нарошчваецца, і яна карыстаецца вялікім попытам. Мы маем магчымасць забяспечыць сваё насельніцтва якаснай прадукцыяй і маем экспартны патэнцыял. Ужо ёсць заказы на такую прадукцыю (сёння адна толькі Расія гатовая закупіць яе на 400 млн долараў).

Ці рэальна адмовіцца ад пестыцыдаў?

У нашай краіне шырокае распаўсюджванне атрымала інтэнсіўная сельская гаспадарка (калі без павелічэння плошчаў павялічваецца прадукцыйнасць). Па вытворчасці прадуктаў харчавання на душу насельніцтва мы знаходзімся на перадавых пазіцыях. Аднак узнікае пытанне, якім чынам атрыманы такія высокія вынікі? Прарэктар па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат сельскагаспадарчых навук Сяргей Тарасенка тлумачыць:

— Ёсць прамая залежнасць паміж ступенню хімізацыі і велічынёй атрыманага ўраджаю. Наступствы высокага ўзроўню хімізацыі — у грунтавыя паверхневыя воды трапляе ад 15 да 40 % выкарыстаных мінеральных угнаенняў. У той жа час арганічныя ўгнаенні выкарыстоўваюцца з большай карысцю для культур і з меншымі стратамі. Асноўныя мінеральныя ўгнаенні (азотныя, фосфарныя, калійныя) утрымліваюць значную колькасць соляў цяжкіх металаў. З пункту гледжання аграхіміі гэтыя солі — мікраэлементы. Гэта як у медыцыне, няма шкодных рэчываў, ёсць шкодная колькасць. Розніца паміж атрутай і лекамі толькі ў дозе. Так і тут.

Важна ведаць, што сістэмы нейтралізацыі пестыцыдаў у прыродзе не існуе. Хімічныя рэчывы (гербіцыды, інсектыцыды, фунгіцыды, стымулятары росту) трапляюць у сельскагаспадарчую прадукцыю, у глебу, у паверхневыя і грунтавыя воды. Менавіта гэта і служыць прычынай таго, што многія сёння адмаўляюцца ад іх прымянення.

Тым не менш накарміць усіх людзей арганічнай прадукцыяй — гэта ўтопія, лічыць Сяргей Тарасенка:

— Інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур павінны развівацца. Сёння экалагізацыя сельгасвытворчасці праз зніжэнне доз сродкаў абароны раслін, адмову ад хіміі, замена іх біялагічнымі рэчывамі, выкарыстанне агратэхнічных метадаў барацьбы з пустазеллем знаходзіцца на першым месцы... Трэба імкнуцца да гэтага, але арганічнае земляробства таксама мае права на існаванне. Тым не менш пры відавочных плюсах для здароўя і экалогіі гэта вытворчасць мае недахопы. Мы праводзілі розныя даследаванні, напрыклад, падчас практыкі студэнты рукамі здымалі каларадскага жука, апрацоўвалі расліны выключна адварамі і настоямі. На жаль, індэкс урадлівасці атрымаўся нізкі.

Што датычыцца цаны, то арганічная прадукцыя каштуе на рынку даражэй, але ў яе суму ўключаны і даследаванні на ўтрыманне хімічных рэчываў. Спецыялісты нашага ўніверсітэта правялі і анкетаванне. Гатоўнасць набываць арганічную прадукцыю па цане, удвая вышэйшай за традыцыйную, выказалі 28 % рэспандэнтаў, па цане традыцыйнай — 63 %.

Справа не толькі фермераў

На думку спецыяліста, з прыняццем закона арганічнай сельгасвытворчасцю будуць займацца фермерскія гаспадаркі, гаспадары прысядзібных участкаў, але ніхто не забараняе і буйным сельскагаспадарчым прадпрыемствам займацца такой дзейнасцю. «Наш закон павінен адпавядаць прынцыпам міжнароднай арганізацыі арганічнага земляробства, тады наша прадукцыя будзе сертыфікавана і можа быць канкурэнтаздольнай. Мы павінны мець орган па сертыфікацыі і сістэму сертыфікацыі такой прадукцыі. Развіццё арганічнага земляробства грунтуецца на новых ведах і тэхналогіях, тут патрэбны і досвед, і эксперымент», — лічыць Сяргей Тарасенка.

Попыт на арганічную прадукцыю (пры пастаянным росце вытворчасці ў Еўропе толькі за 2015 год склаў больш за 28 %) стабільна перавышае прапанову. Гэта ведаюць многія, таму спецыяліст «Цэнтра экалагічных рашэнняў» Наталля Парэчына лічыць, што рынак такой прадукцыі яшчэ не насычаны, беларусам ёсць дзе працаваць.

Першыя крокі ў нашай краіне былі зроблены яшчэ ў 90-я гады, актыўна арганічная тэма пачала развівацца ў 2009—2012 гадах: гэта былі першыя семінары, сустрэчы з практыкуючымі фермерамі, са студэнтамі, выступленне розных замежных экспертаў і практыкаў. Сёння выдаюцца і розныя публікацыі (у тым ліку ў часопісе «Родная прырода»).

Пачынаючы з 2012 года на пастаяннай аснове ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце стаў праходзіць тыдзень экалагізацыі сельскай гаспадаркі. Навучаюцца першыя намеснікі старшынь райвыканкамаў па сельскай гаспадарцы, старшыні сельсаветаў. Заняткі па арганічнай сельскай гаспадарцы праводзяць у рамках навучальных курсаў «Інавацыйнае развіццё АПК» і «Кіраванне харчовай і экалагічнай бяспекай». За гэтыя гады больш за 300 кіраўнікоў пазнаёміліся з тэмай арганічнай сельскай гаспадаркі. Да нас у краіну рэгулярна прыязджаюць замежныя эксперты, якія выступаюць як перад фермерамі, так і перад студэнтамі ўніверсітэтаў і каледжаў сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў (Чэхія, Польшча і многія іншыя). З 2012 года праходзяць практычна штогод міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі па арганічнай сельскай гаспадарцы. Сёлета ўпершыню была канферэнцыя для маладых навукоўцаў. Колькасць удзельнікаў падобных мерапрыемстваў пастаянна расце. Гэта навукоўцы, фермеры, бізнесмены, прадстаўнікі сертыфікацыйных органаў. Праводзяцца круглыя сталы, розныя адукацыйныя візіты. Нашы спецыялісты таксама прымаюць удзел у шэрагу розных канферэнцый, як у СНД, так і ў еўрапейскіх краінах.

Тэма арганічнай сельскай гаспадаркі адзначана і ў некалькіх стратэгічных дакументах: «Нацыянальны план дзеянняў па барацьбе з апустыньваннем і дэградацыяй зямель», «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года», «Нацыянальная стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі да змены клімату».

— Акрамя працы з фермерамі вядзецца актыўная работа з насельніцтвам па фарміраванні пакупніцкага попыту, — адзначае Наталля Парэчына. — Калі не будзе ўнутранага попыту, цяжка будзе казаць аб развіцці арганічнай сельскай гаспадаркі ў цэлым. Таму праводзяцца фэсты, пакуль толькі для Мінска, але мы плануем пашыраць мерапрыемства на ўсе абласныя, а затым і раённыя цэнтры.


Арганічная вытворчасць — гэта спосаб сельскагаспадарчай вытворчасці, пры якім не выкарыстоўваюцца хімічныя прэпараты, гармоны росту, антыбіётыкі, метады геннай інжынерыі. Вынік дасягаецца за кошт правільнага выбару сорту, агратэхнічных прыёмаў, папярэджання ўзнікнення хвароб і распаўсюджвання шкоднікаў механічнымі і біялагічнымі метадамі. Практыкуюць такое гаспадаркі больш чым у 170 краінах свету.

Вольга ПРАЛЮК

Загаловак у газеце: Барацьба за «чыстыя» прадукты

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Топ беларускіх дыялектызмаў, якія вы маглі не ведаць

Нязвыклая форма — заўсёды штуршок для пошуку.

Культура

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Як мог выглядаць Мінск? Ведае беларускі архіў

Дзе замежнікі вывучаюць савецкую архітэктуру.

Культура

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

У Вілейцы можна ўбачыць станок, аналагічны таму, за якім працаваў Скарына

Ёсць тут зала друкаванай прэсы. Аднак асаблівую цікавасць, безумоўна, выклікае ў экспазіцыі друкарскі варштат.