Вы тут

Да чаго можа прывесці курэнне на балконе?


Вясна на вуліцы ўжо пакрысе ўступае ў свае правы. На балконы зноў пацягнуцца курыльшчыкі. Вось толькі недакуркі яны не заўжды складваюць у попельніцу, а адпраўляюць іх у «вольнае падзенне». І невядома, ці даляцяць тыя да зямлі (забрудзяць наваколле) або стануць непрыемным «сюрпрызам» для кагосьці з суседзяў.


...З-за таго, што аўтамабілі ў суседнім двары стаялі прыпаркаваныя ў тры шэрагі, прыбраць снег адтуль было немагчыма. Таму, каб не мясіць кашу і не пэцкаць абутак, вырашыў пайсці ўздоўж дзевяціпавярховіка па прачышчанай сцежцы. І раптам перада мной зваліўся чыйсьці недакурак. Я тут жа ўзняў галаву, каб выказаць гаспадару недакурка ўсё, што пра яго думаю, — вядома ж, у межах прыстойнасці. Але дзе ты там знойдзеш неахайнага курца, калі над табой вокны 64 кватэр?

А мінулым летам «бычок» заляцеў і да мяне на лоджыю. На вуліцы тады было каля трыццаці градусаў вышэй за нуль. Натуральна, сядзець з задраенымі вокнамі ў такое спякотнае надвор'е не вельмі хацелася. І, лежачы на канапе, бакавым зрокам заўважыў, як зверху «верталёцікам» проста на падаконнік планіруе недакурак. На шчасце, побач стаяла банка з вадой, якую я тут жа і выплюхнуў на нязванага госця. Адкуль ён прыляцеў — чорт яго ведае...

— Дакладнай статыстыкі, колькі ж пажараў узнікла з-за безадказных курцоў, у ратавальнікаў няма, — кажа афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Вольга Мельчанка. — Але такія выпадкі раз-пораз трапляюць у зводкі. Увосень 2016 года экіпаж ратавальнікаў выехаў на сталічную вуліцу Каліноўскага. Паступіла паведамленне аб тым, што ў доме на першым паверсе палае балкон. Ратавальнікі прыбылі літаральна праз пяць хвілін, але... балкон тады згарэў цалкам.

27 верасня 2017 года адзначылася тым, што ў Мінску згарэлі адразу два балконы. Удзень запалалі рэчы на балконе двухпакаёвай кватэры, размешчанай на першым паверсе ў доме па вуліцы Кунцаўшчына. На шчасце, тым усё і скончылася — далей балкона полымя прайсці не паспела, бо пільныя мінакі вельмі хутка набралі нумар «101» — гаспадароў дома не было. А вось ужо ўвечары яшчэ адзін недакурак запаліў рэчы на балконе восьмага паверха ў доме на процілеглым канцы сталіцы — у Зялёным Лузе. Як і ў папярэднім выпадку, дома таксама не было нікога. Але тут ужо агонь заўважылі значна пазней. У выніку ён пашкодзіў аконную раму, закурадыміў пакой і яшчэ рэчы, якія знаходзіліся на балконе кватэры паверхам вышэй.

Ды і драўляная балконная рама не заўжды з'яўляецца надзейным ахоўнікам ад непагашаных недакуркаў. Паказальны выпадак здарыўся напрыканцы лютага ў Мінску, калі ратавальнікі тушылі раму ў чатырохпавярховым доме на завулку Казлова.

Недакурак вельмі доўга тлее. І без старонняй дапамогі хутка ён не згасне. А паколькі ён лёгкі, то прадвызначыць, па якой траекторыі паляціць, проста немагчыма. Скажам, калі яго выкінулі з акна дзявятага паверха, то ён вельмі проста можа стаць непрыемным «сюрпрызам» для жыхароў другога ці трэцяга. Або ўвогуле прыляцець па сыходнай з суседняга пад'езда.

Зрэшты, небяспека ўзгарання пагражае і самім аматарам пакурыць на балконе. Пакінутая запальнічка пад уздзеяннем прамых прамянёў сонца можа разагрэцца да высокай тэмпературы і дэфармавацца або ўвогуле разарвацца.

Пажар на балконе небяспечны тым, што часта гэтая частка кватэры ператворана ў сховішча непатрэбных рэчаў. Знайсці своечасова вогненнага «госця», які, напрыклад, заваліўся на кіпу макулатуры паміж старым рондалем і роварам, вельмі цяжка. Асабліва калі на вуліцы цёпла і рама ўвесь дзень расчынена насцеж. А ў дамах старой пабудовы і дагэтуль ёсць балконы, дзе аконных рам няма ўвогуле. Таму ўмовы для пажару там створаны проста ідэальныя. Гаспадар кватэры рызыкуе заўважыць полымя толькі тады, калі агонь ужо пачне пранікаць праз аконную раму ў кватэру. І добра яшчэ, калі дома нехта знаходзіцца і паспее своечасова прыняць меры. А калі не? Затушыць пажар таксама не заўжды лёгка — не сакрэт, што многія двары ў сталіцы «забіты» аўтамабілямі літаральна «пад завязку». А аўталесвіцы неяк жа трэба падабрацца да патрэбнага балкона.

— Знайсці віноўніка можна не заўсёды, — працягвае Вольга Мельчанка. — Курыльшчыкаў у нас вельмі шмат, і прыцягнуць іх да адказнасці перад узнікненнем надзвычайнай сітуацыі немагчыма з-за таго, што курэнне ў нас не забаронена. Да таго ж агонь часта знішчае саму крыніцу ўзгарання, і судовыя эксперты не маюць магчымасці правесці патрэбнае даследаванне. Але калі недакурак усё ж нейкім чынам захаваўся, то вылічыць «падпальшчыка» цяжкасці не складае. Дапамагаюць і сведчанні відавочцаў.

Напрыклад, калі некалькі гадоў таму згарэў балкон па вуліцы Убарэвіча, то віноўніцу пажару знайшлі даволі хутка. Ёй аказалася трыццацігадовая жанчына, якая кінула недакурак. У такім выпадку штраф будзе не толькі за выкідванне смецця, але і за неасцярожнае абыходжанне з агнём. На сёння гэтая сума складае ад 30 да 50 базавых велічынь. Калі ж з-за пажару была знішчана маёмасць на суму, большую за тысячу базавых, то да курыльшчыка будзе ўжыты артыкул Крымінальнага кодэкса. Ну і, канешне ж, давядзецца ў поўным аб'ёме кампенсаваць нанесены ўрон. Дык можа, усё ж танней пераабсталяваць пад попельніцу непатрэбную бляшанку?


Калі ж з-за пажару была знішчана маёмасць на суму, большую за тысячу базавых, то да курыльшчыка будзе ўжыты артыкул Крымінальнага кодэкса. Ну і, канешне ж, давядзецца ў поўным аб'ёме кампенсаваць нанесены ўрон.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Вогненныя «бычкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.