Вы тут

Глядзім “зялёныя” мульцікі


Аднойчы да мяне ў госці прыйшоў маленькі дваюрадны брат. Удваіх мы яшчэ не заставаліся, таму я спыталася, чым будзем займацца. "Мульцікі глядзець" – пачула ў адказ. А я ўжо падрыхтавала гульні, размалёўкі, пазлы... На шчасце, сёння можна знайсці любы мульцік у любы час (дзякуй інтэрнэту), падумала я. Але дзе там! У такім аб’ёме кантэнту згубіцца дарослы, што ўжо казаць пра дзіця. Пасля доўгіх пошукаў мы нарэшце знайшлі добры мульцік. Але колькі часу патрацілі! Гэта сітуацыя навяла мяне на думку запісваць цікавыя фільмы і мульцікі, якія я бачыла. Вось некаторыя з іх. Вядома, на экалагічную тэматыку.

"Вал-І"

Настаў дзень, калі Зямля ператварылася ў вялікую звалку. Людзі пакінулі яе і перасяліліся на гіганцкі касмічны карабель. Прыбіраць за сабой яны даручылі робатам, з якіх праз 700 гадоў застаўся толькі адзін – Вал-І. Гады руплівай працы надзялілі яго якасцямі, уласцівымі чалавеку. Ён слухае музыку, сябруе з прусакамі і марыць пра каханне. Людзі ж, наадварот, сталі тоўстымі, лянівымі і безэмацыянальнымі. Яны не рухаюцца, ядуць толькі шкодную ежу і ўвесь дзень глядзяць рэкламу. Але глыбока ўнутры людзі разумеюць сваю памылку і хочуць яе выправіць. Адзінае, што можа іх выратаваць, – зялёны парастак з Зямлі. Шукаць яго адпраўляюць робата Еву, дзеля якой Вал-І гатовы пераадолець любыя адлегласці...

Гэта неверагодна кранальны і павучальны мульцік, пры тым, што ў ім амаль няма слоў.

"Лоракс"

Хлопчык Тэд жыве ў горадзе, дзе ўсе дрэвы пластыкавыя. Зразумела, кісларод яны не выпрацоўваюць, таму паветра прадаецца ў бутэльках за грошы. Але не ўсіх задавальняе такое жыццё. Па просьбе сяброўкі Тэд спрабуе знайсці хоць адно жывое дрэва. Пошукі прыводзяць хлопчыка да дзівосных адкрыццяў...

Яркі мульцік з вясёлай музыкай і добрым гумарам вучыць у любой сітуацыі заставацца чалавекам і думаць пра іншых.

"Рыбка Поньё на ўцёсе"

Аматарам анімэ абавязкова трэба паглядзець гэты мульцік. Яшчэ адзін выдатны твор знакамітага японскага рэжысёра Хаяо Міядзакі пераносіць нас ў казачны свет, дзе сябруюць хлопчык і рыбка. Мульцік паказвае, як дзейнасць чалавека адбіваецца на жывёльным свеце і нагадвае, што мы ў адказе за тых, каго прыручылі.

Куды ж без савецкай класікі? Мульцікі кароткія, але колькі ў іх сэнсу!

"Рудая кошка"

Вы заўважалі, што некаторыя людзі любяць адных жывёл, а іншыя для іх быццам не існуюць? Герой мультфільма “Рудая кошка” – адзін з такіх людзей. Хлопчык сябруе з зайчыкамі, вавёркамі, вожыкамі, а сваю кошку заўсёды праганяе. Але такія паводзіны не падабаюцца лясным жыхарам, і яны перастаюць сябраваць з хлопчыкам. Гэта сітуацыя дапамагае яму зразумець, што ўсе жывёлы вартыя любові і цяпла.

"Скарб"("Клад")

Мы прывыклі, што скарб – гэта золата ды брыльянты. Але чаго яны вартыя, калі ў чалавека няма доступу да чыстай пітной вады? Героі мульціка “Скарб” адкрываюць нам вочы на сапраўдныя каштоўнасці і вучаць беражліва да іх ставіцца.

"Як козлік зямлю трымаў"

Не магу не параіць гэты крыху наіўны, але такі кранальны мульцік. Падаецца, ён для самых маленькіх, аднак і дарослым ёсць чаму павучыцца. У цэнтры сюжэту – козлік, які аддае ўсё самае дарагое яго сэрцу, каб выратаваць Зямлю. Яскравы прыклад бескарыслівасці, смеласці, самаахвярнасці, гатоўнасці абараняць свой дом, сваю планету.

Прыемнага прагляду!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».