Вы тут

З цікавасцю да Рэальнасці


У Маладзёжным тэатры — прэм’ера трэцяга спектакля Дзмітрыя Багаслаўскага. Як адчувае сябе ў Мінску «Чалавек з Падольска» маскоўскага майстра слова Дзмітрыя Данілава?


Сцэна са спектакля «Чалавек з Падольска»

Два гады таму драматург і акцёр Дзмітрый Багаслаўскі заявіў пра сябе як рэжысёра, калі паставіў на эксперыментальнай Малой сцэне роднага Маладзёжнага тэатра спектакль «Саша, вынесі смецце» па п’есе сучасніцы ўкраінкі Наталлі Варажбіт. Пасля поспеху дэбютнай пастаноўкі, у тым ліку на некалькіх фестывалях Беларусі, Расіі і Украіны, Багаслаўскі здзейсніў замах на асноўную, вялікую, сцэну — перанёс на яе «DreamWorks» расійскага калегі Івана Вырыпаева. А цяпер выпусціў трэцюю прэм’еру на трэцяй сцэне Маладзёжнага ў Малой зале (на трэцім паверсе!) і зноў прыцягнуў увагу да сябе, тэатра і сучаснай драматургіі.

Варта пачаць з п’есы. Як і ў выпадку з першымі дзвюма пастаноўкамі Багаслаўскага, у «Чалавеку з Падольска» заўважаецца руплівая праца драматурга-прафесіянала з тэкстам іншага аўтара. Дарэчы, дэбютная п’еса журналіста і пісьменніка Дзмітрыя Данілава сёлета трапіла ў спіс намінантаў на «Залатую маску» разам з творам беларускага драматурга Андрэя Іванова. «Чалавек з Падольска» — невялікая аднаактовая п’еса, у якой захоўваецца арыстоцелеўскае адзінства часу, месца і дзеяння.

Гледачы разам з галоўным героем апынаюцца ў аддзяленні паліцыі. Як і трыццацігадоваму жыхару Падольска Мікалаю (Дзяніс Аўхарэнка), ім не выйсці адсюль да канца спектакля. Так жа, як і Мікалай, яны да апошняга не будуць разумець: чаму? Навошта ў героя пытаюцца пра колькасць насельніцтва Падольска ці пра год надання яму статусу горада. Далей — болей, нават імкнуцца залезці ў душу: падабаецца праца? ёсць хобі? а жонка? кахаеш яе?.. Недастаткова пашпарта для высвятлення асобы чалавека. Увесь час пануе адно на ўсіх адчуванне, што вось-вось здарыцца нешта страшнае і нават чаканае, калі псіхалагічнага ціску будзе ўжо недастаткова… Разам з героем даводзіцца глядзець дзіўны, жудасны сон, дзе невядома, хто каму сніцца.

Гэта свет падобнага да рэчаіснасці Залюстроўя са сваім адваротным бокам. На сцяну за спінамі прысутных праецыруюцца палахлівыя думкі героя: мужчыны з чорна-белым грымам на тварах збіваюць Мікалая, але гэта — прыкладаюць палец да вуснаў — сакрэт. Рэальныя паліцэйскія паводзяць сябе больш нетыпова. Перарываюць экзамен на патрыятычныя пачуцці да Падольска «мазгавым танцам»: прымушаюць Мікалая рухацца і вымаўляць складаныя гукаспалучэнні для развіцця нейронных сувязяў. Жанчына ў форме (Марына Блінова) гіпнатызуе затрыманага, каб яму было прасцей успамінаць і апісваць, што ён бачыць навокал па дарозе на працу (а ён не заўважае нічога). Прысутныя пранікнёна спяваюць «народны» варыянт гімна Масквы, дзе гучыць, між іншым, верш Ясеніна. Нібы ілюзіяністы ў цырку, вартавыя парадку паказваюць фокусы, якімі валодаюць. Але гвозд праграмы — гэта ператварэнне ў паліцэйскага яшчэ аднаго арыштанта, Чалавека з Мыцішчаў (Андрэй Гладкі). Зрабіць з таварыша Мікалая па няшчасці падсадную качку — выдатная рэжысёрская задума. У фінале былы Чалавек з Мыцішчаў зачытвае герою пратакол, фактычна — прысуд: Мікалай жыве на аўтамаце, як жывёла, не цікавіцца навакольнай Рэальнасцю (напісанне з вялікай літары прадугледжана службовымі інструкцыямі), не любіць родны горад. Вось у чым яго віна! І не толькі яго, даводзіць рэжысёр і сам на відэа зачытвае тэкст-абвінавачванне ад свайго імя адначасова з акцёрамі спектакля і работнікамі тэатра.

Што дэкларуецца пастаноўкай — цалкам зразумела, тлумачыцца паслядоўна і да дробязяў. Цікавей — як або кім. У дысананс уступаюць метады, якімі імкнуцца абудзіць самасвядомасць чалавека, грамадзяніна сваёй краіны. Як і галоўны герой спектакля, усе астатнія ў ім — разгубленыя марыянеткі ў невядома кім прыдуманай гульні. Але можна адчуць прывідную руку, якая пасля спектакля пакідае на сцяне пасланне...

Паліна ПІТКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.