Вы тут

Глядзім беларускую дакументалістыку ў рэжыме анлайн


Беларускае кіно трымаецца на ўласных ініцыятывах. Колькасць фестываляў расце дзякуючы неабыякавасці апантаных аматараў айчынных фільмаў, нават сама колькасць стужак павялічваецца з гэтай жа нагоды. Два гады таму ў анлайн-прасторы нашай краіны з’явіўся фестываль беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs — чарговая спроба выклікаць цікавасць да неігравых фільмаў у жыхароў Беларусі. За 7 дзён паказаў карціны сабралі каля 5 тысяч праглядаў, у тым ліку і аўдыторыі з замежжа. Гэтым ініцыятыва арганізатараў не скончыліся: стваральнікі праводзілі апытанне «Лепшы беларускі фільм за 25 гадоў», арганізавалі рэтраспектыву фільмаў Віктара Аслюка. Што чакае гледачоў падчас сёлетняга фестывалю (які ладзіцца ў першы тыдзень сакавіка і трымаецца на валанцёрстве), распавёў арганізатар BelarusDocs Алесь Лапо.


Удзельнікі праекта «Няхай жыве Маленькі прынц».

— Алесь, як вы прыйшлі да такой формы, як анлайн-фестываль?

— Не лічу, што гэта нейкая незвычайная форма. У Беларусі ўжо існаваў анлайн-кінафестываль «Кінаварка», цяпер таксама ёсць фестываль мабільнага кіно падобнага кшталту, таму мы не першаадкрывальнікі. На мой погляд, такі фармат выдатны, бо інтэрнэт — тая пляцоўка, аўдыторыя якой увесь час пашыраецца, таму цалкам лагічна, што да кінатэатраў і тэлебачання можна дадаць яшчэ і такі спосаб прасоўвання добрага кіно. Фільмы, якія мы паказваем, заслугоўваюць прадстаўлення на вялікім экране, але гэта арганізаваць больш складана, і пакуль наш фестываль існуе ў такім валанцёрскім статусе, далей за анлайн выйсці не атрымаецца, але гэта таксама важны альтэрнатыўны спосаб пазнаёміць аўдыторыю з навінкамі беларускага кінематографа.

— Ці лёгка было знайсці падтрымку, людзей неабыякавых, якія дапамаглі арганізаваць першы фестываль?

— Нашы партнёры afi sha.tut.by лёгка пайшлі насустрач, у тым ліку з той прычыны, што маюць асобны раздзел для паказу фільмаў. Вядома, да з’яўлення BelarusDocs там не знаходзілася месца беларускай дакументалістыцы, але вынікамі першага фестывалю партал быў вельмі задаволены. Не толькі з прычыны досыць вялікай колькасці праглядаў фільмаў праграмы, але ў першую чаргу з-за шматлікіх перапостаў і станоўчых водгукаў у сацыяльных сетках і на партале.

— Чаму стаўка зроблена менавіта на беларускую дакументалістыку?

— Дакументальнае кіно ў Беларусі здымаецца на высокім узроўні, штогод з’яўляюцца цікавыя аўтары, ёсць майстры, за якімі сочыш ды чакаеш іх новых фільмаў. У ігравога кіно Беларусі пакуль няма такой індустрыі. Наогул, беларуская дакументалістыка ставіць пытанні, на якія рэжысёрам ігравога кіно не хапае смеласці: яна блізкая да жыцця, да рэальнасці і не грэбуе наватарскімі падыходамі.

— Першае выданне BelarusDocs сабрала даволі шмат праглядаў, але беларуская дакументалістыка дагэтуль недаацэненая айчынным гледачом. Як выходзіць з гэтага становішча?

 — У свой час я ладзіў паказы фільмаў Віктара Аслюка, Галіны Адамовіч у Музеі гісторыі беларускага кіно і магу сказаць, што ахвотных было больш, чым вольных месцаў. Мяркую, трэба правільна працаваць з рэкламай: браць прыклад з Андрэя Курэйчыка, які ўдала будуе рэкламную палітыку сваіх фільмаў.

Важна яшчэ разумець, што ў дачыненні да дакументальных праектаў пытанне самаакупнасці другараднае. Гэта не забаўляльны кінематограф і не цыркавое мастацтва: якаснае неігравое кіно выконвае важную функцыю дакументавання рэальнасці, ставіць надзённыя пытанні. Аўдыторыя такога кіно ніколі не будзе вялікай, як не будзе вялікай аўдыторыя любога элітарнага мастацтва. Аднак трэба рабіць усё неабходнае, каб зацікаўленыя мелі магчымасць бачыць актуальныя фільмы. На жаль, у Беларусі існуе толькі адна пляцоўка для такога паказу — Міжнародны кінафестываль «Лістапад». Возьмем для прыкладу Польшчу. Яшчэ ў савецкі час перад кожным паказам ігравых фільмаў дэманстравалі кароткаметражныя дакументальныя эцюды, а ў сучаснасці ўбачыць дакументальны фільм у пракаце — звычайная справа. Нядзіўна, што польская дакументалістыка — адна з сусветных лідараў і іх фільмы ёсць у намінацыях на «Оскар» ды іншыя прэстыжныя прэміі. Усе перспектывы мае і беларуская дакументалістыка. Але для яе развіцця дзяржаве важна адкрываць магчымасці для маладых творцаў: ладзіць рэальныя конкурсы праектаў, засноўваць стыпендыяльныя праграмы, інакш самыя таленавітыя нашыя творцы будуць працаваць на развіццё культуры суседніх краін, прыкладаў гэтага хапае.

— Як лічыце, чаму глядзець дакументальнае кіно не проста трэба, а важна?

— Дакументалістыка дае ўяўленне пра новыя формы кіно, яе часта міксуюць з анімацыяй, ствараюць фільмы ў жанры «mocumentary», то-бок з формай працуюць больш гнутка, і гэтая разнастайнасць заўважная па работах беларускіх рэжысёраў таксама. Сёлетняя праграма досыць рознабаковая, хоць перавага — на карысць сур’ёзных фільмаў, якія схіляюць да роздумаў, а вось гумарных стужак гэтым разам не так шмат.

— Якімі крытэрыямі карыстаецеся пры адборы фільмаў на фестываль?

— Падчас мінулагодняга адбору стужак я арыентаваўся на іх фестывальныя перамогі, ды сёлета падыход вырашыў перагледзець: увага ўдзялялася фільмам, якія важныя менавіта для нашай краіны. Усё ж міжнародны фестывальны рух — справа кан’юнктурная, многія важныя для нас фільмы не ўспрымаюцца за мяжой.

Праграму гэтым разам адбіралі невялікай камандай: арганізатары фестывалю Cinema Perpetuum Mobile Максім Сырэц і Лера Грын, супрацоўніца Музея гісторыі кіно Кацярына Петава і я. Свет беларускага кіно досыць вузкі: усё, што здымаецца, адразу навідавоку, таму, пэўна, ніводная важная стужка не прайшла па-за нашай увагай. Асноўным крытэрыем у фарміраванні праграмы была рознабаковасць: каб кіно было знятае рознымі студыямі, каб палітра тэм была шырокая…

— Што можна ўбачыць падчас сёлетняга фестывалю?

— Праграма складаецца з 7 фільмаў, вельмі розных, але вартых. Напрыклад, стужка «25» Андрэя Куцілы — смелая сацыяльная драма пра сучаснае пакаленне, глядзіцца на адным дыханні; Юлія Ралко зняла фільм «Орша… Мінск… Орша…», які памылкова лічыцца рэфлексіяй на школу Марыны Разбежкінай, — гэта незалежны праект, які распавядае пра паездку мінчаніна на ўік-энд у свой родны горад да бацькоў і сяброў; фільм Андрэя Кудзіненкі «Фанат» распавядзе гісторыю чалавека-дзівака, які стаў культавай персонай сярод беларускіх футбольных фанатаў; у праграме ёсць фільм Віктара Аслюка «Янка Купала», дзе аўтар задаецца пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці; таксама фільм «Няхай жыве Маленькі прынц» Кацярыны Махавай, маляўнічая стужка Вольгі Дашук пра фатографа Сяргея Плыткевіча і «Агмень» Юрыя Цімафеева. Наогул, перавага — за фільмамі-роздумамі, якія аналізуюць развіццё нашага грамадства.

— Як чалавек, зацікаўлены ў беларускай дакументалістыцы, што можаце сказаць пра тэндэнцыі нашага неігравога кіно?

— Я пазітыўна гляжу на цяперашні стан нашага неігравога кіно. Калі раней дакументалістыка развівалася толькі ў межах «Летапісу», то зараз стужкі можна здымаць самастойна, шукаць варыянты капрадукцыі, звяртацца ў замежныя фонды. Штогод з’яўляюцца новыя імёны, а фільмы атрымліваюць міжнароднае прызнанне. Засталося толькі, каб на дзяржаўным узроўні гэтыя пазітыўныя зрухі былі заўважаны і падтрыманы.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Уік-энд у правінцыі і чалавек-дзівак

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.