Вы тут

Калі літары злучаюцца з нотамі?


Душу народа захоўваюць песні, даказалі класікі беларускай спеўнай культуры Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. Часам словы і музыка ў спалучэнні адкрываюць новыя і таямнічыя сэнсы, становяцца адметнымі творамі, нават класічнымі. У гісторыі беларускай музыкі ёсць песні-цуды, якія з’яўляюцца прыкладам сугучнасці думак паэта і аўтара музыкі. Ёсць песні, калі варта толькі пачуць мелодыю, і тут жа міжволі прамаўляюцца словы: напрыклад, «Зорка Венера», «Бывайце здаровы», «Ты мне вясною прыснілася» ды шмат іншых, якія ўспрымаюцца як выдатныя творы. Кампазітары ХХ стагоддзя актыўна бралі класічную паэзію (між іншым, для іх яна была тады сучаснай) і перакладалі на мову музыкі. І гэта з задавальненнем не толькі слухалі: такія песні ішлі ў народ, пачыналі жыць самастойным жыццём. Такім чынам, дзякуючы музыцы загучалі на шырокіх прасторах цудоўныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Адама Русака, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна ды іншых выдатных паэтаў. Яны станавіліся суперхітамі дзякуючы выдатным выканаўцам. Напрыклад, такімі перлінамі ўзбагацілі айчынную культуру славутыя «Песняры», для якіх багата песень на словы класікаў стварыў Ігар Лучанок, ды і сам Уладзімір Мулявін. А што зараз? Як і дзе прадстаўлена ў музыцы сёняшняя беларуская паэзія?


Ёсць такая прафесія

Сучаснасць кінула выклік тандэму «паэт — кампазітар». Усё часцей з’яўляюцца меркаванні: калі мелодыя песні падабаецца, то гэтага дастаткова для поспеху, а сэнс слоў можна ўжо і не лавіць. Таму тэкст у песні для многіх сучасных аматараў музыкі адыходзіць на другі план. Ды і самі спевакі часам не могуць вызначыцца, што ж першаснае ў песні: музыка ці тэкст? Звычайна гэта пытанне рытарычнае, бо толькі разам гэтыя складнікі могуць стварыць адзінае, лагічнае ды глыбокасэнсоўнае цэлае.

Паэзія стала асновай многіх музычных жанраў (араторыі, кантаты ды інш.). І не проста так існуе выраз «з песні слоў не выкінеш», як і нездарма ёсць асобнае азначэнне «паэт-песеннік».

Намеснік старшыні беларускага Саюза кампазітараў Эдуард Зарыцкі адзначае, што ў сяброў саюза наладжана сувязь з паэтамі-песеннікамі, нават ёсць «Анталогія беларускай паэзіі ў музыцы»:

— Сувязь паміж паэтамі і кампазітарамі ў межах саюзаў выключна індывідуальная: напрыклад, у мяне ёсць кола паэтаў-песеннікаў, з якімі я працую і ствараю песні на іх вершы. Я б не сказаў, што выкарыстанне чужых вершаў — з’ява ў музыцы масавая, таму на ўзроўні саміх саюзаў супрацоўнічаць, можа, і немэтазгодна. Насамрэч духоўная і творчая сувязь усталёўваецца паміж асобнымі паэтамі і кампазітарамі, а гэта таксама можна назваць супрацоўніцтвам. На жаль, цяпер дапамогай паэтаў-песеннікаў карыстаюцца ў асноўным прафесійныя кампазітары, для якіх важная якасць твора. Я і сам выкарыстоўваў вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Леаніда Дранько-Майсюка. А непрафесійныя музыканты думаюць, што вершы для песні пішуцца вельмі проста, хочуць сэканоміць, таму дапамогай паэтаў не карыстаюцца, пішуць самі, але я не магу назваць гэта якаснымі творамі.

Чаму роля слоў у песнях у наш час усё часцей прыніжаецца? Бо насамрэч жа вытокі прафесіі паэтаў-песеннікаў сягаюць углыб стагоддзяў — была патрэба ў песнях у розныя эпохі. Для нас больш важная сучаснасць…

Творчы тандэм

Прадстаўнікі гэтай прафесіі звяртаюць ўвагу на тое, што іх праца недаацэненая, музыка ў песнях цэніцца больш, за тэкст выплачваюць прыблізна — ад кошту твора. Але творчы працэс — рэч непрадказальная, і як вынік — вельмі складаная. Словы для песні могуць нарадзіцца і за 30 хвілін, і за год, таму па гэтым крытэрыі ацэньваць працу паэта немагчыма ды няварта. Ды і часта ў саміх вершах ужо закладзена мелодыка.

У цяперашняй рэчаіснасці прадстаўнікі беларускай папулярнай музыкі да творчасці паэтаў звяртаюцца наогул не вельмі часта, адна з прычын — кампазітары проста не ведаюць ці не бачаць прафесіяналаў, якія могуць напісаць якасны тэкст песні. Аднак ёсць у нас тут свае зоркі! Напрыклад, хто не ведае Уладзіміра Карызну, аўтара перапрацаванага беларускага гімна? Ён стаў вядомы менавіта ў якасці паэта-песенніка дзякуючы сваёй лірычнай і шчырай паэзіі, якую адразу заўважылі кампазітары Анатоль Багатыроў, Юрый Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі ды іншыя. Многія вершы сучаснай паэткі Таццяны Мушынскай пакладзеныя на музыку прафесійнымі беларускімі кампазітарамі, творы якіх можна пачуць у філарманічных залах. Алег Жукаў стварае вершы для песень Юрыя Антонава, Анатоля Ярмоленкі, «Песняроў», Ларысы Долінай. Паэт-песеннік Вольга Роўная піша словы для Вікторыі Дайнекі і Валерыя Лявонцьева, яна неаднаразова атрымлівала «Залаты грамафон». Алена Ермаловіч стварае песні для беларускіх і расійскіх выканаўцаў ды саўндтрэкі да фільмаў (напрыклад, вядомы «Розыгрыш» А. Кудзіненкі). І гэта далёка не ўсе імёны!..

Ды літаратары ўсё ж уздзейнічаюць на сучасную беларускую музыку: рок-групы выкарыстоўваюць вершы Віктара Шніпа, кампазітары Эдуард Зарыцкі ды Алег Елісеенкаў любяць «агучваць» Навума Гальпяровіча, многія лірычныя вершы Анатоля Грачанікава паклаў на музыку Генрых Вагнер ды Ігар Лучанок, а Міхаіла Анемпадыстава наогул называюць стваральнікам нацыянальнай рок-паэзіі (менавіта ён аўтар знакамітай песні «Простыя словы», якая не губляе папулярнасці вось ужо два дзесяцігоддзі).

За межамі догмаў

Сапраўды, маладыя беларускія музыканты любяць пісаць словы да ўласнай музыкі самі, але таксама часам звяртаюцца да паэтаў. Выдатная ілюстрацыя — рок-зборнік «Паэты жывуць у песнях», створаны з мэтай папулярызаваць айчынную паэзію сярод моладзі. Туды ўвайшлі вершы Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса, Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Разанава, Ларысы Геніюш ды іншых выбітных паэтаў. Дапамогай вершаў Петруся Броўкі заручыўся Лявон Вольскі, вершы Насты Кудасавай і Ніны Лістоты таксама гучаць у музычнай абгортцы, Ганна Хітрык любіць «спяваць» вершы Андрэя Хадановіча. Сярод такіх тандэмаў і гурт «Rahis» Дзяніса Філіпенкі: «Аднойчы Глеб Лабадзенка падарыў нам некалькі вершаў і на два з іх мы зрабілі песні. Задача была цікавая — падабраць да верша структуру, інтанацыі, настрой і зрабіць песню. Ствараць песні на вершы іншых аўтараў дакладна не спосаб папулярызацыі літаратуры, а хутчэй жаданне запомніць момант і эмоцыі, каб пасля ўзгадваць гэта. Я б сказаў, што пісаць песні на вершы — гэта як разгадваць галаваломку ці “капацца” ў іншай галаве: па дарозе разумееш, што паэт падсвядома хацеў сказаць сваім творам, а песня, калі ўсё сыходзіцца і падабаецца, становіцца напалову тваёй, бо музыканты бяруць на сябе адказнасць за чужы верш». Дзяніс адзначае, што такая форма супрацоўніцтва паміж рознымі людзьмі спрыяе развіццю абодвух — і паэта, і музыканта, але галоўнае нават не ў сакральным значэнні такой кааперацыі, а ў тым, ці падабаецца песня аўдыторыі.

Паэт Раман Абрамчук (па сумяшчальніцтве лідар гурта «Гарадскі вал») таксама выкарыстоўвае ўласныя тэксты для песень, і менавіта яны складаюць аснову рэпертуару, але ў калектыву ёсць цыкл твораў на вершы Антона Рудака, якія Раман выбраў на падсвядомым узроўні, яны кранулі яго: «Калі прааналізаваць, то мяне асабіста яго творчасць зацікавіла тым, што тут ёсць краязнаўчы момант ды гістарызм — блізкія мне стыхіі, у якіх мы сышліся. І, вядома ж, варта адзначыць моладзевы тон, рытміку, сучасную мову і адпаведнасць таму кантэксту, у якім я сам жыву».

Папулярызацыйнага моманту ў выкарыстанні чужых вершаў Раман не бачыць — для мастацкай творчасці гэтае паняцце наогул не пасуе, бо тут няма нічога прадуманага, на этапе сачынення трэба разняволіцца, выйсці за межы догмаў: «Маё супрацоўніцтва з Рудаком адбылося выключна таму, што яго вершы напяваліся самі сабой, клаліся на мае мелодыі, і гэта ўзбагачае, бо вершы Антона маюць цікавую рытміку, а гэта для сучаснай музыкі — вельмі важны момант. Наогул, паэзія вельмі музычная, таму яна апрыёры нейкага кшталту музыка, але, безумоўна, бываюць цяжкасці з тым, як раскрыць верш за кошт вакалу ці партый інструментаў. Чым болей цішыні ў жыцці, тым больш удала можна “лавіць” мелодыі, класці вершы на самабытную музыку, каб песня не ўспрымалася скажона».

Маладыя прамоўцы

У розных музычных кірункаў — свае асаблівасці. Напрыклад, модны сёння хіп-хоп, у якім досыць паспяхова рэалізуюцца дзясяткі беларускіх артыстаў, мае асаблівыя стасункі са словамі. Аснова тут менавіта тэкст, таму да яго варта падысці як мінімум небанальна, як максімум — адказна. Калі не можаш напісаць сам — звярніся да гострайтара (з англійскай можна перакласці гэтае слова як «цень пісьменніка», што тлумачыць і значэнне — чалавек, які піша словы для музыканта, а сам застаецца ў цені) ці паэта. Музыкант Юрый Касцень, вядомы як SP Kava, свае повязі з паэтамі знайшоў дзякуючы ўдзелу ў конкурсе «Заспявай.BY» — там удзельніку трэба выбраць верш сучаснага беларускага паэта ды пакласці яго на музыку. Юрыю прапанавалі ўзяць удзел у гэтым спаборніцтве сябры, і ў выніку артыст атрымаў цікавы досвед ды новую песню: «З паэтам Андрэем Адамовічам мы ў той час сябравалі, і напярэдадні ён дасылаў мне нізку вершаў (рыхтавалася да выхаду яго кніга “Дзень паэзіі смерці дзень”). І гэтыя вершы добра клаліся на біт — цікава было ставіць эксперэменты ў гэтым плане, убачыць, што атрымаецца ў выніку. Мяркую, што для хіп-хоп выканаўцы важна пісаць тэксты песень самому — гэта адрознівае яго ад іншых спевакоў, бо ён — прамоўца, але мне падабаецца, што ў выпадку выкарыстання вершаў я магу перадаваць прамову камусьці яшчэ».

Пакуль гэта была адзіная спроба Юрыя пакласці чыесьці вершы на музыку. У песнях артыста часта можна заўважыць інтэртэкст: творца карыстаецца радкамі з твораў Караткевіча ды Разанава: «У маіх думках ёсць працяг такога спосабу супрацоўніцтва, але звычайна мне мала аднаго твора — калі я спалучу некалькі, упэўнены, што сэнс артымаецца новы, але дакладна магу сказаць, што мне вельмі падабаецца творчасць Алеся Разанава часоў “Вастрыя стралы”».

Словам, эксперыменты над сінтэзам беларускай музыкі ды літаратуры працягваюцца. Вось яшчэ прыклад — Максім Іўкін і яго эксперыментальны фолькавы гурт «Балцкі субстрат»: музыканты ствараюць мікс акадэмічанай музыкі, унікальнай беларускай аўтэнтыкі ды сучаснай (і не толькі) паэзіі такіх аўтараў, як Змітрок Бядуля, Віктар Сямашка, Андрэй Гуцаў ды інш. Нядаўна мы ўжо пісалі пра Сержука Доўгушава (лідар гурта «VuRaj»). Ён выпусціў альбом «Дарогі», куды ўвайшлі песні на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Не забываецца на беларускую паэзію і гурт Міхала Бараноўскага з сімвалічнай назвай «Нельга забыць»: у калектыву выйшлі альбомы з песнямі на словы Караткевіча ды Багдановіча, а таксама песні на вершы Ларысы Геніюш. Напэўна, сапраўды літаратура і музыка — з’явы непадзельныя, бо як інакш растлумачыць тую гармонію, у якой суіснуюць гэтыя, на першы погляд, розныя, віды мастацтва?

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.