Вы тут

У вёсцы Судзілы зладзілі рэканструкцыю вясельнага абраду


У ролю жаніха цудоўна ўжыўся сын мясцовых жыхароў, малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Галкоўскі. Нявеста таксама прыехала з Мінска. Марына Бондарава працуе архітэктарам.


Пакуль у двары жаніха запрагалі коніка ў вазок — маладой надзелі вясельны ўбор. Потым дзяўчыну пасадзілі на дзежку і шаферка (ролю якой выконвала начальнік аддзела ЗАГС Клімавіцкага райвыканкама Алена Навумава) расчэсвала пад абрадавыя песні валасы і надзела вэлюм. Пасля па старой традыцыі дзяўчаты выкінулі тую дзежку на вуліцу. Гэта дзеянне сімвалізавала іх хуткае вяселле.

За акном пачулі, як да дома пад'ехаў жаніх. Дзяўчаты выйшлі на ганак, пачаўся выкуп нявесты. Як ні стараліся мужчыны, жанчыны не хацелі страціць на выкупе. Калі торг падышоў да канца, усе расселіся ў сані. Вупраж загадзя была ўпрыгожана яркімі стужкамі і паясамі. На дугах віселі званочкі,  на шыях коней — шурхалы (звязкі званочкаў).

Коні жвава панеслі вясельны картэж у суседнюю вёску. Там, у Сідараўцы, мясцовыя жыхары «закінулі зайца». Прычым усё па звычаі — лаўка, накрытая ручніком, хлеб-соль і вядро з вадой, каб напаіць коней. Усе з добрым настроем вырашылі наведаць і вёску Мыслеўшчына. Тут таксама чакалі гасцей.

Вярнуўшыся ў Судзілы, маладыя і госці селі за стол, які ўгінаўся ад традыцыйных страў. Тут і квашаніна, і вінегрэт, і блінцы з грыбамі і капустай, і тварожнікі ў алеі са смятанай, кісель, розныя саленні і, вядома ж, тушаная бульба з печы. Госці спявалі мясцовыя абрадавыя песні пад гармонік, дарылі падарункі з жартамі і прымаўкамі.

Паводле звычаю на другі дзень вяселля нявеста ішла ў калодзеж па ваду. Сваякі жаніха ўважліва сачылі за дзеяннямі новай сваячкі. Удзельніца абраду Валянціна Багуцкая з вёскі Сідараўка ўспамінала, як некалі яе адправілі па ваду.

— Я прыйшла да крыніцы, — расказвае яна. — На край зруба паклала хлеб-соль. Набраўшы вады, на каромысле панесла яе ў дом. Несці было цяжка, пад горку. У гэты час усе назіралі за мной — ці не разалью ваду. Але я справілася.

І гэтыя дзеянні ўзнавілі пры рэканструкцыі абраду. Спрытна набраўшы два вядры вады з калодзежа, нявеста ўпэўненым крокам пайшла дадому. Насустрач жаніх з шаферам везлі на санках цешчу. Параўняўшыся з нявестай, мужчыны памылі твар жанчыны, а затым усе змаглі выпіць сцюдзёнай вадзіцы.

Беларускае вяселле — унікальны абрад, які мае сакральны сэнс. Усе яго этапы былі старанна прадуманы, як у добрым спектаклі. Прычым кожнае дзеянне не выпадковае, а павінна прынесці шчасце, лад і дастатак у сям'ю маладых.

— Яшчэ гадоў пяцьдзясят таму гэтая традыцыя была неад'емнай часткай мясцовага побыту, — кажа Аляксандр Галкоўскі. — Цяпер — гэта дзіва. Уборы, сані і вазкі, традыцыйныя песні — іх можна ўбачыць і пачуць толькі на пастановачных абрадах. Хоць жывыя тыя носьбіты, хто можа арганізаваць вяселле на ўзор продкаў, мясцовая моладзь, на жаль, па параду да старэйшых ужо не спяшаецца.

— Калі раней малодшыя з малаком маці ўбіралі звычаі продкаў, то цяпер норавы змяніліся: настаўнікі засталіся, а вучняў не знайсці, — кажа удзельнік абраду, старшы навуковы супрацоўнік Клімавіцкага краязнаўчага музея Уладзіслаў Міцічаў. — Чаму? Складанае пытанне. Напэўна, па той жа прычыне, па якой маслабойкі і жаравыя прасы паступова пераязджаюць на стэлажы этнаграфічных залаў у музеі.

Дарэчы, ідэя аднаўлення беларускага абраду з'явілася, прызнаюцца супрацоўнікі Клімавіцкага краязнаўчага музея, калі яны арганізавалі выстаўку вясельных фотаздымкаў і адзення, прымеркаваную да 100-годдзя органаў ЗАГС.

Дар'я ЭВЕРС

Фота Надзеі САБІРАВАЙ

Клімавіцкі раён

Загаловак у газеце: Закінулі зайца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».