Вы тут

«Аборты — мой боль». Інтэрв'ю з псіхолагам барысаўскага раддома


Гэта першая фраза, якую я пачула ад псіхолага барысаўскага раддома, калі дамаўлялася з ёй на інтэрв'ю.

Размаўлялі мы з Кацярынай Дзмітрыеўнай у памяшканні, дзе яна штодзень вось ужо 15 гадоў кансультуе цяжарных. Адразу ж у вочы кінуліся мяккія цацкі на крэслах ды папяровая аплікацыя на сцяне — жанчына, якая беражліва выпускае са сваёй далоні рознакаляровых матылькоў. Сюжэт псіхолаг прыдумала сама. «Жанчына па сваёй прыродзе можа нарадзіць да дзесяці дзяцей. Таму тут дзесяць праменьчыкаў. Каб наша краіна квітнела, кожная беларуска павінна нарадзіць пяцярых дзетак. Каб не вымерла — хаця б па трое». І Кацярына Дзмітрыеўна расказала прытчу пра матылька. «У адным горадзе жыў мудрэц. Але знайшоўся зайздроснік, які пачаў думаць, як даказаць іншым людзям, што на самай справе больш мудры ён. Вырашыў: «Я вазьму матылька, схаваю яго паміж далоняў, падыду на вачах ва ўсіх да мудраца і спытаюся ў яго: «Скажы, што ў мяне ў руках?» Ён, вядома ж, здагадаецца, што матылёк. Тады я яго спытаю: «А які гэта матылёк, жывы ці мёртвы?» Калі скажа, што матылёк жывы, тады я зусім непрыкметна сцісну свае далоні і раздушу яго. А калі скажа, што мёртвы, тады я адпушчу яго. І ўсе ўбачаць, што мудрэц памыліўся». Так ён і зрабіў. Узяў матылька, падышоў да мудраца і спытаўся ў яго: «Скажы, які матылёк у маіх далонях: жывы ці мёртвы?» — «Усё ў тваіх руках», — адказаў мудрэц. Тое ж самае можна сказаць і адносна жанчын, якія прыходзяць да мяне на перадабортную кансультацыю. Усё ў іх руках».


Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Пра страх нараджаць, мудрага мужа ды вайну са свекрывёй

Калі маёй дачцэ быў годзік, я стала дрэнна сябе адчуваць. Тады ніякіх тэстаў не было, пайшла да доктара. Ён сказаў: «Вы цяжарная». І назваў слова «аборт». Я такога слова не ведала нават. Прыходжу дадому і кажу мужу: «Сказалі зрабіць нейкі аборт. Маўляў, арганізм павінен адпачнуць пасля першых родаў». Ён быў, дзякуй богу, больш дасведчаны, таму не раздумваючы выпаліў: «Нават і не думай, там жа сын». Вы ведаеце, там сапраўды быў сын. Яму сёлета споўніцца 36 гадоў. Ён падарыў нам з мужам двух цудоўных унукаў. Я не магу казаць пра гэта без слёз. Страшна ўявіць, што яго магло б не быць, калі б паслухала доктара і зрабіла аборт. Хоць мне, калі шчыра, на той момант страшна было нараджаць другое дзіця. Дачушка ж маленькая на руках, а я адна, з тэмпературай, муж на палігоне як малады лейтэнант. Таму тэма абортаў — гэта мой боль. І мне вельмі шкада жанчын, якія ў сілу нейкіх абставін, маладосці, уплыву соцыуму не заўсёды своечасова спыняюцца.

Часта бывае так, што пасля перарывання цяжарнасці, асабліва першай, жанчына становіцца бяздзетнай — гэта вялізная трагедыя.

Даказана, што кожная жанчына, якая ідзе на аборт, на падсвядомым узроўні чакае, каб яе хтосьці спыніў. Часта спадзяюцца, што ад памылковага кроку стрымае муж, але гэтага, на жаль, не адбываецца. Хоць адказнасць за зараджэнне новага жыцця павінна несці не толькі жанчына, але і мужчына.

Усе думаюць, што на аборт прыходзяць у асноўным адзінокія маладыя дзяўчаты. Але гэта далёка не так. Кожная жанчына, якая хоча перапыніць цяжарнасць, ананімна запаўняе анкету. І што вы думаеце, большасць з іх не першы год замужам, маюць сваё жыллё.

Ёсць сем'і, дзе мужчыны настойваюць на аборце. Вельмі шмат сітуацый, калі на гэта іх падбухторваюць уласныя маці. Прывяду толькі адзін прыклад. Аднойчы да мяне на перадабортную кансультацыю ў слязах прыйшла маладая дзяўчына, цяжарная трэцім дзіцем. Маўляў, муж сказаў: выбірай — альбо дзіця, альбо я. Як высветлілася, там рэй вядзе свякроў. Яна ўсяляк настройвала свайго адзінага сына, маўляў, ты трэцяе дзіця не пацягнеш, не выкарміш. У выніку жанчына насуперак усім нарадзіла трэцяга сына. Сёння яму тры годзікі. І што вы думаеце, нядаўна пры сустрэчы шчаслівая маці трох хлопчыкаў падзялілася: менавіта малодшага сына больш за ўсё любяць і муж, і свякроў. А была ж такая вайна з іх боку, вам проста не перадаць.

У нашым раддоме праходзіць трохэтапнае даабортнае кансультаванне. Спачатку жанчына трапляе на прыём да доктара. Ён ёй расказвае пра шкоду для цела. Затым ідзе да мяне, размаўляем пра душу. Потым прыходзіць святар — расказвае ёй пра дух. Пасля гэтага цяжарнай даецца тры дні цішыні, каб яна абдумала ўсё і прыняла канчатковае рашэнне. Ніводная жанчына ў маёй практыцы, якая захавала дзіця, не сказала: «Як дрэнна, што я гэта зрабіла». Усе толькі радуюцца.

Пра сіндром, пакуты ды позніх дзяцей

У кабінеце Кацярыны Дзмітрыеўны ў дзень нашай гутаркі адбылося ажно чатыры выпіскі. Згадзілася на фотаздымку толькі Кацярына з Крупскага раёна. Маўляў, чаму б не расказаць усяму свету пра сваё шчасце. Маладой маці толькі 21 год — і ўжо трое дзяцей! Два сыночкі і дачушка Соня. Імя нованароджанай прыдумваў тата. Першае дзіця Каця нарадзіла ў 15 гадоў. Прызналася, былі думкі пра аборт. Але, на шчасце, мама падтрымала, сказала, што будзе дапамагаць выхоўваць унука. «Добра, калі ёсць падтрымка. Калі няма, то можна і глупства зрабіць. Сёння ніколькі не шкадую, што нарадзіла так рана. Лепш нарадзіць, чым пасля мучыцца без дзяцей». Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Ёсць і тыя, хто ўсё ж такі кладзецца на аперацыйны стол... Потым прыходзіць усведамленне здзейсненага ўчынку і надыходзіць постабортны сіндром, які нярэдка завяршаецца псіхічнымі расстройствамі. Свядомасць — верхняя частка айсберга. Падсвядомасць — тая частка псіхікі, якая «пад вадой». Яна намі кіруе. Свядомасць забівае дзіця, а падсвядомасць — пачынае крычаць: «Навошта ты забіла маё дзіця?» Як праявіцца постабортны сіндром у канкрэтнай жанчыны, ніхто не скажа. Гэта можа быць раздражненне на мужа, злосць на старэйшых дзяцей («я з-за цябе гэта зрабіла»), могуць сніцца жахі і чуцца дзіцячыя крыкі.

У маёй тэлефоннай кнізе ёсць нумар жанчыны, якая займае ў горадзе добрую пасаду. У іх з мужам двое цудоўных дзетак-школьнікаў. І раптам у яе незапланаваная цяжарнасць. Яна хоча пакінуць дзіця, вагаецца. Муж кажа: «Не, мы не пацягнем, ідзі рабі аборт». І яна зрабіла. У яе постабортны сіндром выявіўся ў форме моцнага жадання мець маленькае дзіця. Але нарадзіць дагэтуль так і не змагла. Пайшлі выкідыш за выкідышам... Сёння на гэтую жанчыну балюча глядзець...

У нас у горадзе ёсць валанцёрскі рух супраць абортаў. Сярод актывістаў шмат сталых жанчын, якія некалі зрабілі аборт і якім гэта баліць. Яны пакутуюць і такім чынам стараюцца кампенсаваць сваю віну, дапамагчы іншым не паўтарыць іх памылку. Напярэдадні Раства гэтыя жанчыны перадаюць адзінокім мамачкам, якія знаходзяцца ў складаным матэрыяльным становішчы, новае адзенне для малечы, свечку і крыжык.

Большасць жанчын, якія рашыліся на аборт пасля 40 гадоў, робяць гэта зусім не таму, што ім дзіця не патрэбна. А з-за страху нараджаць у познім узросце, з-за навязаных грамадствам стэрэатыпаў. Маўляў, сорамна, што людзі скажуць, дзеці дарослыя, трэба рыхтавацца няньчыць унукаў. Больш смелыя жанчыны паслябальзакаўскага ўзросту — тыя, якія ствараюць сям'ю паўторна. Бо яны хочуць мець агульнае дзіця з новым мужам. Вось сёння выпісвалася мама, якой каля сарака. У яе другі шлюб. Браціка прыйшла сустракаць і яе старэйшая дачка — студэнтка.

Целам кіруе душа. У маёй практыцы было вельмі шмат прыкладаў, калі быццам бы і дактары не раяць па медыцынскіх паказаннях нараджаць. А жанчына кажа: «Я хачу дзіця». Гэтае «я хачу» мае такую сілу, што пераадольвае ўсё. І медыцына спраўляецца. У выніку гэта вялікая радасць. Усе, як адна, «узроставыя» мамы кажуць, што позняе мацярынства асаблівае, больш свядомае.

А вы ведалі, што дзіця пляскае ў далонькі ад радасці, калі тата кажа маме, што ён яе кахае? Перынатальная псіхалогія — гэта маё хобі. (Кацярына Дзмітрыеўна мае сертыфікат перынатальнага псіхолага.) Гэта навука, якая вывучае псіхічнае развіццё дзіцяці ва ўлонні мамы. Лічу, што кожны чалавек на зямлі павінен ведаць пра такую навуку. Бо гэта цуд. Як толькі дзве клеткі сустрэліся, яшчэ няма ні мозга, ні сэрца, але дзіця ўжо рэагуе на настрой мамы. Мама радуецца — маленькая кропачка, якую відаць толькі пад мікраскопам, качаецца павольна. Мама сумуе, перажывае, плача — дзіця стукае так, як стукае наша сэрца, калі ў нас трывога.

Вельмі балюча, што людзі да канца не ўсведамляюць, што дзіця — гэта плод кахання мужчыны і жанчыны. І калі гэты плод забіваецца, адносіны разбураюцца, страчваюцца ранейшыя пачуцці. Стандартная дзяжурная фраза: «Мы разышліся, бо не сышліся характарамі». Пытаюся: «Вы колькі гадоў пражылі?» — «10, 15 нават больш». — «Вы ў загс ішлі па каханні». — «Так». — «А што здарылася?» — «Не ведаю». — «Можа, у вас былі перарыванні цяжарнасці? — «Так, былі». Заходнія псіхолагі даказалі, што вялікая колькасць разводаў адбываецца па прычыне абортаў. Калі б людзі не рабілі гэтай самай страшнай аперацыі ў свеце, думаю, і сем'і былі б больш трывалымі.

Пра «эга», бездапаможнасць ды невытлумачальную радасць

Жанчынам, якія прыйшлі на перадабортную кансультацыю, Кацярына Русанава паказвае вось гэты эмбрыён. Лялька, зробленая ў натуральную велічыню, дае візуальнае ўяўленне пра тое, як выглядае дзіця на 12-м тыдні цяжарнасці (менавіта да гэтага тэрміну можна рабіць аборт). Такім нестандартным спосабам удалося захаваць не адно жыццё.

Сёння кожны доктар мае права па сваім рэлігійным перакананні адмовіцца ад правядзення аборту. Гэта прадугледжана законам «Аб ахове здароўя», які ўступіў у сілу 27 снежня 2014 года. Вы, напэўна, ведаеце, што Лагойск — горад без абортаў. З аднаго боку, я радуюся, што дактары праявілі сваю актыўную пазіцыю, мужнасць. З другога — калі жанчына задумала зрабіць аборт, яна яго зробіць і ў іншым месцы, нават нелегальна. Таму я супраць усеагульнай заканадаўчай забароны абортаў у нашай краіне.

Калі спружыну сціснуць, яна потым дасць вельмі вялікую рэакцыю. Усеагульнай забаронай мы нічога не дасягнём. Наадварот, можам паставіць пад пагрозу жаночае здароўе. Нават цяпер, калі дазволены аборт, цяжарныя, якія не ўкладваюцца ў тэрміны, ідуць на такія глупствы, што проста страшна робіцца. Мая пазіцыя і большасці маіх калег: хоць аборт — гэта грэх, але забарона не выйсце з сітуацыі. Я — за актыўную тлумачальную, прафілактычную работу.

Хочаце, падзялюся яшчэ адной прытчай? Я яе часта расказваю жанчынам, якія прыходзяць да мяне на кансультацыю. Да старца звярнулася вельмі бедная сямейная пара. «Я цяжарная пятым дзіцем, а ў нас ужо і так чацвёра. Калі пятае народзіцца — не пражывём. Яго нават няма куды спаць пакласці. Дабраславіце на аборт». На што старац адказаў: «Калі ўжо так не пад сілу, што ж, дабраслаўляю вас забіць сваё дзіця. Толькі забівайце старэйшую дачку. Ёй ужо пятнаццаць, пажыла крыху на свеце, пабачыла маму, сонца. Маленькага нельга чапаць. Ён самы бездапаможны. Нават схавацца нікуды не можа». Жанчына закрыла твар рукамі, зарыдала і... нарадзіла пятае дзіця.

Нядаўна ў літаратуры сустрэла такое паняцце: сучасная жанчына — гэта «параненая мама». Бо па прыродзе ў нас закладзена любові на 10 дзяцей. Калі нараджаем аднаго-двух, то мы ў іх гэту любоў укладваем. Адсюль так шмат праблем паміж бацькамі і дзецьмі. Бо мы залюбліваем сваіх крывіначак, а яны ў адказ аддаляюцца. Не сакрэт, што моцная любоў — горшая за нянавісць. Якая мама не параненая? Даказана, што сапраўдны мацярынскі інстынкт прачынаецца пры нараджэнні пятага дзіцяці. І сапраўды, усе жанчыны, якія нарадзілі пятае немаўля ў нашых сценах, прызнаюцца, што адчуваюць нейкую невытлумачальную, дагэтуль няведамую, радасць унутры.

У сучасным грамадстве, на жаль, дзяцей нараджаюць дзеля задавальнення свайго «эга». Я ў свой час сябе задаволіла. У мяне ёсць і дзяўчынка, і хлопчык. Часта сама ў сябе пытаюся: адкуль у цябе гэта ўсё ўзялося? Я змалку вельмі люблю дзяцей. Калі мне было 7-8 гадоў, пакуль іншыя дзеці гулялі на дварэ, я з задавальненнем няньчыла сваіх пляменнікаў. У мяне моцны мацярынскі інстынкт. Але соцыум адыграў сваю ролю. Успамінаю, калі я выходзіла замуж, ён даваў устаноўку: пажыві спачатку для сябе. Мне горка і балюча ад гэтага.

Вельмі хацелася б, каб усе жанчыны адчулі шчасце мацярынства. І каб менш было «параненых мам». Напэўна, і ў мяне ёсць нейкі сіндром. Ведаеце, чым больш жыву, тым больш шкадую, што ў мяне не пяцёра дзяцей. Таму, відаць, мая праца таксама свайго роду служэнне, кампенсацыя сваёй віны.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Загаловак у газеце: Кацярына РУСАНАВА: «Мару, каб было як мага менш «параненых мам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.