Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй. Радасць была кароткая


Па традыцыі ў лютым ладзяцца ўрачыстыя вечары сустрэч выпускнікоў школ. З маіх аднакласнікаў выпуску 1957 года засталіся ўжо лічаныя асобы, ды і тых жыццёвы лёс раскідаў па свеце: Эстонія, Латвія, Сібір, Украіна, Польшча. Апошняя сустрэча, хоць у няпоўным складзе, адбылася ў 2002 годзе, адзначылі 45-гадовы юбілей. Больш сабрацца не здолелі, толькі зрэдку размаўляем па тэлефоне. Нядаўна праглядаў свае школьныя фотаздымкі. І ў памяці пачаў пракручвацца, бы кінастужка, лёс майго аднакласніка Яўгена Нікіфарава. На здымку чацвёртага класа ён стаіць чацвёрты злева (я ж сяджу басанож, за мной у белым каўнерыку Галя Мароз — толькі мы з ёй змаглі закончыць сярэднюю школу і атрымаць педагагічную адукацыю).


Дык вось, у пачатку 1944 года немцы эшалонам і абозамі везлі дзяцей з-пад Ленінграда ў Германію. Але ў выніку наступлення савецкіх войскаў вымушаны былі разгрузіць эшалон на станцыі Дукшты ў Літве для эвакуацыі параненых. Дзеці шукалі прытулак, як хто змог. Жыхары Відзаў, Браслава, Друі і навакольных вёсак бралі пад апеку гаротнікаў. Марыя Нарушэвіч з Друі, маці якой жыла ў Мілашове, узяла хлопчыка ў Браславе і прывезла да маці. Жэня, якому ішоў восьмы год, стаў памочнікам, дакладней работнікам у гаспадарцы Альжбеты Панізнік — жанчыны ўладарнай, нават жорсткай. Яе гаспадарка патрабавала цяжкай фізічнай працы, якая і лягла на яшчэ кволыя дзіцячыя плечы. Некалькі разоў, не вытрымаўшы нагрузак і пакаранняў, хлопчык збягаў ад «бабушкі», як ён называў сваю «апякунку», пасвіў кароў на суседніх хутарах, але да зімы вяртаўся зноў.

Мы жылі па-суседску. У мяне было пяць сясцёр і старэйшы брат (на жаль, я, як самы малодшы, застаўся ўжо толькі адзін). Жэня пастаянна знаходзіў у нашай сям'і спагаду і падтрымку, ніколі не быў лішні і за сталом, не вельмі багатым на той час. Памятаецца, як ён, жнучы сярпом жыта, зняў кашулю і да вечара абпёк на сонцы спіну да вадзяных пухіроў. Мама тады змазвала раны вяршкамі і прыкладвала трыпутнік. Іншых лекаў не было.

У 1951 годзе Жэня скончыў чатыры класы Мілашоўскай школы, далей вучыцца «бабушка» не пусціла: «Досыць карміць дармаеда, выкарміла, як брыся». Жэня стаў працаваць ва ўжо створаным у 1949 годзе калгасе «Палітаддзелец», пазней яго прызначылі брыгадзірам. У 1956 годзе прызваны на вайсковую службу ў горад Курган, атрымаў правы кіроўцы, працаваў шафёрам аўтобуса, стварыў сям'ю. У 1963 годзе Жэня даслаў нашай сям'і радасную вестку: ён знайшоў і сустрэўся са сваёй маці і сястрой, якіх страціў у гады ліхалецця. Яны былі вывезены ў Германію. Яшчэ калі ён хадзіў у школу, настаўнікі спрабавалі знайсці яго родзічаў, але безвынікова. Сам ён ведаў, што жылі яны ў горадзе Волхаўбуд, памятаў вуліцу. Бацька Канстанцін у той час быў на фронце. Жэню з бабуляй немцы захапілі. Маці ж удалося схавацца з трыма дзецьмі. Бабулю на вачах хлопчыка немцы павесілі за рэбры (так ён запомніў) за спробу ўцячы з-пад агароджы з калючага дроту. Далейшы лёс малога пакутніка быў звязаны з вёсачкай Мілашова Мёрскага раёна.

На жаль, радасць сустрэчы з маці і сястрой (двое братоў зніклі без вестак) была вельмі кароткая, як і жыццё Яўгена Нікіфарава. Сэрца маладога мужа, сына і брата не вытрымала. Занадта шмат пакут і выпрабаванняў выпала на яго долю.

У 1964 годзе Жэні не стала, а ён збіраўся прыехаць з сям'ёй адведаць нас і, як пісаў, тыя мясціны, дзе прайшлі цяжкія, але дарагія дзіцячыя і юнацкія гады.

Альфрэд ТЫЧКО, в. Ідолта, Мёрскі раён

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».