Вы тут

Гутарка з Міколам Мятліцкім пра пераклад кітайскай паэзіі


Мікола МЯТЛІЦКІ — вядомы ў Беларусі паэт і перакладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры. Шмат часу ў сваім творчым жыцці аддае перакладам паэзіі народаў свету. У свой час розгалас выклікалі анталогія аднаго перакладчыка «Сугучнасць», кніга паэзіі казахскага асветніка, першапраходца на ніве прыгожага пісьменства Абая «Стэпавы прастор». У 2012-м паэт выдаў анталогію «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая». А параўнальна нядаўна замахнуўся на выданне адной кнігай новых перакладаў з кітайскай паэзіі — і вось толькі што ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыла свет анталогія «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая ХХ стагоддзя». Гэтая праца і паслужыла падставай для нашай гутаркі з перакладчыкам.


Фота Кастуся ДРОБАВА

— Мікалай Міхайлавіч, першая анталогія ўмясціла ваша перакладчыцкае асэнсаванне ўсёй кітайскай паэзіі. А новы праект — толькі адно дваццатае стагоддзе... У чым адрозненне, з якімі складанасцямі давялося сутыкнуцца?

— Да новага праекта я падыходзіў, на шчасце, не ў творчай адзіноце. Дый, прызнацца, такое аднаму не па сіле: можна патануць у акіяне сучаснай кітайскай літаратуры, дзе творчых людзей на сённяшні дзень столькі, як у нашай краіне насельніцтва. Таму мае шчырыя словы ўдзячнасці ўкладальніку анталогіі Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу, які здабыў ужо адгранёны дзесяцігоддзямі паэтычны матэрыял. Мы не мелі права проста так аднекуль штосьці браць. Анталогія цэлага стагоддзя абавязвала ствараць вартую, яскравую карціну паўнакроўнага народнага жыцця, захаванага ў мастацкім слове. З усёй упэўненасцю магу адзначыць, што, прачытаўшы «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы», чытач адкрые для сябе душу сучаснага Кітая. Дваццатае стагоддзе — гэта падмурак яго станаўлення як новай, яшчэ мала зразумелай чалавецтву краіны-лідара і ў той жа час працяг няспыннага развіцця шматтысячагадовай кітайскай цывілізацыі. Вось і было самым складаным выбудаваць саму духоўную дамінанту гэтага развіцця. На радасць, сапраўдная паэзія дае такую магчымасць.

— І ўсё ж, калі гаварыць пра паэтычную характарыстыку дваццатага стагоддзя вачыма кітайскіх паэтаў, то якую выснову можна зрабіць?

— Перш-наперш, паэзія Кітая дваццатага стагоддзя — залаты злітак чалавечае мужнасці. Я не кажу ўжо аб такіх паняццях, як сумленнасць і высокая мараль. Гэта ў даўняй паэтычнай традыцыі. Ва ўсе часы ў Кітаі браліся за пяро самыя таленавітыя і самыя сумленныя людзі. Паэтычнае слова сталася мерай чалавечае годнасці і сумлення. Гэты адвечны закон не парушаны і ў дваццатым стагоддзі. І нам, беларусам, асабліва зразумелы. Не раз і нашы айчынныя паэты пісалі крывёю сэрца.

Да таго ж дваццатае стагоддзе Кітая як бы распалавінена жорсткім мячом барацьбы за дзяржаўную незалежнасць. Мы ведаем, што сучасны Кітай, які развіваецца на вачах усяго свету, быў абвешчаны 1 кастрычніка 1949 года. Дый гэтая, другая палова яго суверэннага існавання даволі заплямлена падзеямі культурнай рэвалюцыі, калі забівалі сумленных паэтаў дубінкамі проста на плошчах. А колькі трагедый лёсаў у першай палове стагоддзя? Хаця б прыгадаць паэта-юнака Інь Фу, забітага гаміньданаўцамі, няспраўджанага генія кітайскай паэзіі, або сусветна вядомага Вэнь Ідо, які загінуў ад здрадніцкай чанкайшысцкай кулі. Мы не акцэнтавалі ўвагі на нейкіх біяграфічных звестках — выбудоўвалі з паэтычных твораў саму народную біяграфію, што значна важней.

— Сярод іншых паэтаў анталогіі — і Маа Цзэдун. Чым кіраваліся, уключаючы вершы гэтага знакамітага палітыка ў анталогію?

— Безумоўна, павышаным пачуццём гістарызму. Вершы Маа Цзэдуна — яскравая старонка барацьбы за незалежнасць краіны. Яны напісаныя з вялікім сардэчным цяплом, верай у моц чалавечага духу. Таму такія кранальныя. Чытаючы іх і пасля пераўвасабляючы на беларускую мову, я зусім не думаў пра Маа Цзэдуна як палітыка.

— Калі гаварыць пра параўнанні, то наколькі адрозніваюцца нацыянальныя паэзіі ў Беларусі і Кітаі ў дваццатым стагоддзі?

— Вельмі ж ужо судакранаюцца сваімі болевымі кропкамі. Багушэвіч, Цётка, Купала, Колас, Багдановіч... — світальная зара нашай літаратуры. Пярэдадзень дваццатага стагоддзя і яго пачатак у нас, беларусаў, адметны бунтарным паэтычным словам, поўным закліку «людзьмі звацца». І потым, калі пасля кастрычніка сямнаццатага сталі звацца людзьмі, крывавых плямін у нашай гісторыі, на жаль, не паменшала. Наступалі расстрэльныя трыццатыя, а потым — вайна. Лёс многіх беларускіх паэтаў гэтага часу можна назваць па-сапраўднаму трагічным. У кітайскай гісторыі таго ж перыяду засталася свая крывавая барацьба за лепшую долю і волю, свае набыткі і страты. Дваццатае стагоддзе Кітая пачыналася пад раскаты Іхэтуаньскага паўстання супраць абвешчанай ЗША палітыкі «адкрытых дзвярэй». Пасля паражэння паўстанцаў Кітай канчаткова быў ператвораны ў паўкалонію. З 1901 года іншаземцы маглі трымаць у Кітаі свае войскі і флот. З гэтай прычыны ў краіне актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух, народ Кітая адчуў моцны прыліў змагарнай энергіі...

Як і ў нас, беларусаў, паэзія ў кітайцаў глыбока рэалістычная. А гэта дае падставы амаль фізічна адчуць подаўна страчаны час, вярнуцца ў пражытае і перажытае.

Яднае нас вялікая сіла духу і прага жыцця. І сёння разуменне гэтага нас багата ў чым збліжае і родніць.

— Як вы асабіста лічыце, ці складваецца нейкая пэўная школа, пэўная традыцыя ў пераўвасабленні кітайскай літаратуры на мову Купалы і Коласа?

— Гэтай своеасаблівай перакладчыцкай школай усё паўнагучней становіцца выданне паэтычнай серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Да таго ж няподаўна распачата практыка побач з перакладамі змяшчаць творы і на мове арыгінала, каб зблізіць нашу славянскую кірыліцу з іерагліфічным пісьменствам. Мяне вельмі захапляе, што нашы маладыя калегі ідуць у Кітай з адкрытым сэрцам, многія дасканала ведаюць кітайскую мову. Надыходзіць час адкрыцця і кітайскай прозы, а таксама нарастання зваротных сувязяў — перакладу твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў на кітайскую мову. Як практык-перакладчык магу засведчыць, што на мове Купалы і Коласа кітайская паэзія гучыць гэтак жа меладычна і паўнагучна, як і вершы нашых беларускіх класікаў.

— Што ў вашых планах як сталага, вопытнага перакладчыка кітайскай паэзіі надалей?

Закаханасць у кітайскую паэзію прыйшла да мяне нечакана — з томікам вершаў Ван Вэя. Я адкрыў для сябе потым многіх і многіх вялікіх паэтаў Кітая, пачуў сэрцам паэтычны накал радка некаторых сучасных творцаў. Не думаю, што гэтак жа нечакана, як прыйшло, маё захапленне кітайскай паэзіяй і сыдзе. Паэзія Кітая мае сутнасную глыбіню, грунтуецца на тых чалавечых каштоўнасцях, якія называюцца вечнымі. І сёння адпусціць яе з абсягаў душы — значна здрабнець духоўна самому. Тым больш калі ўжо грукаецца настойліва Ай Цін — перакладзі!

І калі гэтая кніга з'явіцца — чытач паэзіі па-беларуску шмат новага ў цэлым адкрые пра Кітай. Ай Цін — паэт з асабліва шматпакутным лёсам. Творца, які прайшоў няпростыя выпрабаванні і ўвабраў у сябе шмат што з еўрапейскай паэзіі.

Так. Ай Цін зіхаціць многімі паэтычнымі фарбамі. Ён падобны на вогнішча, што асвятляе ваколіцу...

— Ці не здаецца вам, што наспеў час пастаянна дзеючага семінара перакладчыкаў кітайскай мастацкай літаратуры ў Беларусі?

— Справа перакладу ў Беларусі здаўна з'яўляецца саматужнай творчай практыкай. Перакладам займаліся нашы класікі-пачынальнікі — Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч. Іх маладзейшыя калегі таксама лічылі сваім творчым абавязкам далучыцца да гэтай пачэснай місіі. Скажам, з вялікай адказнасцю да перакладу ставіліся Максім Танк і Аркадзь Куляшоў. Былі і ёсць у нас сапраўдныя чыста перакладчыкі — Язэп Семяжон, Юрка Гаўрук, Васіль Сёмуха. Кожны абраў нейкі свой літаратурны маршрут, як Ніл Гілевіч — Балгарыю, Іван Чарота — Сербію. Новы час, безумоўна, адкрывае і новыя магчымасці. Цяпер можна паспрабаваць замахнуцца і на пастаянна дзеючы семінар. І тут можна сапраўды пачаць з Кітая. Намі багата ўжо зроблена ў гэтым кірунку. Мы павінны зберагчы і прымножыць перакладчыцкі вопыт нашых папярэднікаў, якія па праве лічылі, што айчынная літаратура не павінна быць ізаляванай ад астатняга свету.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Загаловак у газеце: З адказнасцю перад светам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?