Вы тут

Пасажыр трапіў у пастку


І для гледача пачалося ўсё самае цікавае.

Шчаслівая сям'я — перашкода — спакуса — пастка — перыпетыі — хэпі-энд. Знаёмая схема чарговы раз увасобілася ў карціне Жаўма Кальет-Сера «Пасажыр», дзе галоўную ролю — страхаўшчыка і былога паліцэйскага, прадстаўніка сярэдняга класа з не беззаганнай, але ўсё ж высакароднасцю — выканаў Ліям Нісан. Схема дазваляе прадказаць і некаторыя ўчынкі персанажаў, і фінал, да таго ж чароўная спакусніца ў прыгарадным цягніку — у кіно ўжо не навінка. Але, як заведзена, галоўным элементам кампазіцыі з'яўляюцца перыпетыі, і менавіта дзеля іх і толькі іх — дынамічных, драйвовых і, канешне, забаўляльных — варта завітаць у кінатэатр.


Калі шасцідзесяцігадовы Майкл пасля звальнення чарговы раз едзе дадому на электрычцы, да яго падсаджваецца прывабная жанчына і прапануе знайсці ў цягніку чужака за сто тысяч долараў, чвэрць з якіх схавана ў прыбіральні другога вагона. Майкл правярае сур'ёзнасць прапановы і забірае грошы, але адносна бязвінны пачатак уключае галоўнага героя ў жорсткую гульню, з якой яму будзе надзвычай складана выйсці пераможцам. Былы паліцэйскі вымушаны — ужо не толькі з-за грошай, але і з-за пагрозы яго сям'і — знайсці і пазначыць пэўнага чалавека... каб таго забілі і забралі нейкі прадмет. Вось тут і пачынаецца самае неверагоднае — забойствы, напружаны пошук, раскрыццё персанажаў — пасажыраў цягніка, таямнічасць і ўсюдыіснасць тых, хто кіруе гульнёй, і спробы Майкла захаваць жыцці людзей.

Так на вялікі экран трапіла чарговая аднаразовая, але ўсё ж забава. Карціна «Пасажыр» настолькі сканцэнтравана на сваім жанры і супрацьстаянні галоўнага героя навязаным абставінам, то-бок чыста на задавальненні гледача, што нават не раскрывае таямніцу пра носьбіт, на які арганізавалася цэлае паляванне ўладных людзей. Тое, што называецца макгафінам, тут становіцца толькі функцыяй, але не паўстае прадметам з паўнавартаснай сэнсавай нагрузкай. Гэта значыць, у фільме пару разоў пікнулі пра карупцыю і забойства, якое падавалася як самазабойства, але магчымасць стварыць дадатковы сэнсавы падмурак свядома ўпусцілі. На карысць перыпетыям.

«Пасажыр» пабудаваны па пэўным трафарэце. Галоўны герой па законах Галівуда не здаецца пасля перашкод (Майкл даводзіць справу да канца і перамагае), з'яўляецца майстрам сваёй справы (мінулае паліцэйскага праяўляецца ўдала і прыгожа) і мае загану (спакушаецца і бярэ прапанаваныя дваццаць пяць тысяч долараў). Мы знаходзім ворага, але па памылковым следзе, а здраднік раскрываецца «нечакана» дзякуючы звычайнай фразе. Герой Ліяма Нісана шукае сведку з ліку меркаваных пасажыраў, але ім аказваецца чалавек, на якім да гэтага ўвага ніяк не канцэнтравалася. Ды і навошта станоўчы супрацоўнік ФБР папрасіў сведку з'ехаць з горада на цягніку? Вядома ж, каб адбыўся гэты сюжэт. Карацей, схема і шаблоны, паспяхова распрацаваныя і растыражаваныя Галівудам, чарговы раз, праўда, з не ідэальна прапісанымі матывацыямі, увасобіліся ў капрадукцыі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі.

І галоўнае прапісана насуперак традыцыйнаму — макгафін, гэта значыць таямнічы прадмет, вакол якога ўвесь сыр-бор, не стаў інтрыгай і ніяк сябе не паказаў, проста застаўся ў руках Майкла. У выніку зрушаны акцэнт на барацьбе без разумення, дзеля чаго ўсё адбывалася — бо адбывалася літаральна дзеля невядомых інтарэсаў невядомых нам уплывовых людзей — дае адчуванне бойкі над пустэчай. Штрыхамі тут абазначылі забойства і жаданне знайсці сведку, але, відаць, існаванне іх толькі ў выглядзе штрыхоў ніяк не апраўдана. Так ці інакш, трафарэт начынілі ўмеранай — «далікатнай» — напружанасці жарсцямі і прыгожым выкручваннем галоўнага героя, што высакародна абараняе сведку.

Некалькі ахвяр, жахі, пагроза жыццям — і ў выніку Майкл усё роўна сядзіць у пледзе сярод паліцэйскіх машын і асэнсоўвае тое, што адбылося. Але, як ужо гаварылася, галоўнае — перыпетыі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Пасажыр трапіў у пастку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.