Вы тут

Дзе ў Воранаўскім раёне з'явяцца кашэрны рэстаран


Пра планы раёна расказвае яго кіраўнік, старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум.


— Мікалай Аркадзевіч, які вытворчы патэнцыял у раёне будзе задзейнічаны ў гэтым годзе, што новага прапануюць вашы прадпрыемствы на айчынны рынак і на экспарт?

— Сёлета, як і ў мінулым годзе, мы скіраваны на тое, каб не зніжаць тэмпы вытворчасці. Гэтыя паказчыкі ў значнай ступені забяспечвае адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна — ААТ «Воранаўская сельгастэхніка», дзе наладжаны выпуск прычэпаў для рознага віду палявых работ. Сёлета тут плануюць працягваць сертыфікацыйныя выпрабаванні і атрыманне сертыфікатаў на доследныя партыі новых агрэгатаў. Напрыклад, зараз праходзіць выпрабаванне транспартна-тэхналагічная сістэма грузападымальнасцю 40 тон. Што датычыцца знешніх рынкаў, працягваецца работа па наладжванні сумеснай вытворчасці прычэпаў з пастаўкамі машынных комплексаў у Расійскую Федэрацыю. Таксама асвойваюцца і іншыя напрамкі збыту ў рэгіёны краін СНД. У планах — экспартаваць сваю прадукцыю ў Казахстан, Узбекістан, Літву. Прагназуецца, што аб'ём экспарту прадпрыемства складзе каля аднаго мільёна долараў.

Мяркуем, што не здадуць сваіх пазіцый прыватныя прадпрыемствы. Сярод іх — фірма па выпуску адзення «Веранова», якая мае дагаворы на пастаўкі жаночай бялізны ў Расію, Літву, Эстонію, Малдову. Сялянская гаспадарка вырошчвае і рэалізуе сеянцы лясных дрэў, якія маюць попыт за межамі краіны. У экспартным патэнцыяле — медыцынскія і транспартныя паслугі.

— Якія важныя крокі, на ваш погляд, трэба зрабіць, каб палепшыць дабрабыт жыхароў раёна?

— Лічу, што галоўны паказчык дабрабыту — праца і дастойная заработная плата. Мы таксама, наколькі магчыма, стараемся гэты паказчык палепшыць. Сёлетні рост зарплаты, у параўнанні з леташнім, плануецца на ўзроўні 122 %.

Што датычыцца сітуацыі на рынку працы, то ўзровень беспрацоўя ў нас адносна невысокі. Летась працаўладкавана 673 чалавекі, з іх 422 — беспрацоўныя. Разам з тым рынак працы раёна нельга назваць спрыяльным. Зніжаецца колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце, а таксама занятых у эканоміцы. Па прагнозах, сёлета будзе зарэгістравана да 700 беспрацоўных. Рынак працы папоўняць тыя, хто раней быў заняты хатняй гаспадаркай, не мае кваліфікацыі і доўга не працаваў.

У той жа час попыт на працоўную сілу не зніжаецца. Размеркаванню свабоднай рабочай сілы садзейнічае стварэнне новых працоўных месцаў. Іх у мінулым годзе створана больш за 50. Сёлета плануем прыцягнуць у эканоміку на вакансіі і новыя працоўныя месцы не менш за 510 чалавек, у тым ліку 360 беспрацоўных.

— На што будзе звернута ўвага ў плане аднаўлення аб'ектаў, будаўніцтва новых, прыцягнення інвестыцый у раён?

— Плануем правесці рэканструкцыю шэрагу аб'ектаў сацыяльнай сферы. У іх ліку — другі пускавы комплекс Воранаўскай сярэдняй школы, тут работы вядуцца за кошт сродкаў, якія выдзяляе Сусветны банк. Будзем ажыццяўляць мадэрнізацыю даху і бытавых памяшканняў у Радунскай школе-інтэрнаце. Распачнём рэканструкцыю будынка пачатковай школы ў Радуні пад цэнтр нацыянальных культур.

Будзем працягваць і будаўніцтва жылля. Сёлета плануем здаць амаль восем тысяч квадратных метраў з улікам індывідуальнага будаўніцтва.

У нас сфарміраваны папярэдні пералік неэфектыўных аб'ектаў. Мяркуем увесці ў гаспадарчы абарот тры з іх.

Асноўныя інвестыцыі забяспечваюць мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі. Разам з гэтым плануем прыцягнуць і замежны капітал. Вядуцца перамовы з прадстаўнікамі расійскага бізнесу аб стварэнні на тэрыторыі раёна замежнага прадпрыемства для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. На плошчы ў пяць гектараў непадалёк ад аўтадарожнага пункта пропуску «Беняконі» з'явіцца лагістычны цэнтр з укараненнем сістэмы «электронная чарга».

Сёлета пачнецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта, які некалькі гадоў на слыху. Кампанія «Ор Меір» будзе весці будаўніцтва гасцінічнага комплексу ў гарадскім пасёлку Радунь. Сярод аб'ектаў — гасцявыя малапавярховыя домікі, адміністрацыйныя будынкі, рэстаран кашэрнага харчавання, лазні міквы, сінагога, сувенірныя крамы, паркоўкі. Плошча будучага комплексу складае амаль тры гектары.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Крокі да дабрабыту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».