Вы тут

Канстытуцыя — Асноўны Закон грамадства і дзяржавы


15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі, адно з галоўных свят суверэннай беларускай дзяржаўнасці. У гэты дзень у 1994 годзе шляхам усенароднага рэферэндуму была прынята Канстытуцыя незалежнай Беларусі. У ёй увасобіліся духоўныя і прававыя каштоўнасці беларускага народа, агульнапрызнаныя дзяржаўна-прававыя ідэі ўсяго чалавечага грамадства. Са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах, якія адбыліся ў 1996 і 2004 гадах, амаль чвэрць стагоддзя Канстытуцыя з'яўляецца Асноўным Законам грамадства і дзяржавы.


Упершыню ў гісторыі беларускай дзяржавы чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі абвешчаны найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, замацаваны абавязак дзяржавы выконваць іх і абараняць. Канстытуцыйна-прававому статусу чалавека прысвечана больш як палова артыкулаў Канстытуцыі. Яны прадугледжваюць, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы.

Згодна з Канстытуцыяй, дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. Прадугледжана таксама адказнасць грамадзяніна за няўхільнае выкананне сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Прынцып узаемнай адказнасці грамадзяніна і дзяржавы складае аснову балансу канстытуцыйных каштоўнасцяў.

Гэтыя і іншыя палажэнні Канстытуцыі выступаюць моцнай прававой асновай свабоднага і годнага развіцця чалавека. На дзесяцігоддзі ўперад яны сталі вызначальным крытэрыем дзейнасці дзяржавы, усіх яе органаў, інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

Канстытуцыя вызначае ўстоі дзяржаўна-прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь, абвяшчае яе дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, у якой народ з'яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй, дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на свабоду аб'яднанняў гарантуюцца кожнаму. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў.

На аснове Канстытуцыі ўмацоўваецца сацыяльная дзяржава. Канстытуцыйныя прынцыпы і нормы вызначаюць патрэбнасці чалавека ў годным жыцці і развіцці ў якасці мэты функцыянавання ўсіх формаў уласнасці, сацыяльных інстытутаў. У Рэспубліцы Беларусь ахоўваецца здароўе грамадзян, гарантуюцца правы на працу і адпачынак, адукацыю, сацыяльнае забеспячэнне, спрыяльнае навакольнае асяроддзе, на ўдзел у культурным жыцці. Пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям'я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства. У мэтах паляпшэння ўмоў жыцця ажыццяўляецца кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў. Адпаведныя напрамкі дзейнасці сацыяльнай дзяржавы рэалізуюцца згодна з прынцыпам сацыяльнай справядлівасці, сацыяльнай абароненасці і сацыяльнай салідарнасці.

У Рэспубліцы Беларусь як прававой дзяржаве зацвярджаецца вяршэнства права. Канстытуцыя з'яўляецца актам прамога дзеяння і замацоўвае асноватворныя прынцыпы і нормы рэалізацыі важнейшых грамадскіх адносін. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Паслядоўнае развіццё канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцяў у заканадаўстве забяспечвае такія яго важнейшыя ўласцівасці, як легітымнасць і сацыяльная прымальнасць. Яны спрыяюць гарманізацыі грамадства, трываламу функцыянаванню грамадзянскай супольнасці і публічнай улады.

Канстытуцыя з'яўляецца галоўнай прававой апорай незалежнай і суверэннай дзяржавы Рэспубліка Беларусь, правоў і свабод яе грамадзян, прагрэсіўнага развіцця грамадства і дзяржавы.

Зацвярджэнне замацаваных у Канстытуцыі фундаментальных каштоўнасцяў забяспечваецца канстытуцыйна-прававымі механізмамі яе выконвання і абароны. Гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна з'яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў парламентам Рэспублікі Беларусь прымаюцца законы. Выкананне Канстытуцыі забяспечваецца ўрадам Рэспублікі Беларусь. На аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў ажыццяўляюць правасуддзе суды.

Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным судом Рэспублікі Беларусь. Рэалізуючы свае паўнамоцтвы, Канстытуцыйны суд забяспечвае вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднае дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абарону канстытуцыйнага ладу, канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. У пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе», адрасаваным Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны суд адзначыў, што забеспячэнне канстытуцыяналізацыі грамадскіх адносін з'яўляецца абавязкам усіх дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, службовых асоб і грамадзян.

Нязменнасць ролі Канстытуцыі як Асноўнага Закона грамадства і дзяржавы пацвярджае прыхільнасць народа Беларусі да канстытуцыйных каштоўнасцяў, яго імкненне рэальна сцвярджаць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, устоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, паслядоўна садзейнічаць станаўленню кожнага грамадзяніна як носьбіта канстытуцыйных правоў, свабод і абавязкаў, актыўнага ўдзельніка канстытуцыйных адносін.

Наталля Карповіч, намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».