Вы тут

Куды ў вялікім горадзе вывозяць сабраны снег


Дзясяткі магутных грузавікоў выходзяць на вуліцы Мінска. Іх мэта — забраць кучы снегу, якія ўтварыліся пасля расчысткі тратуараў, праезнай часткі і прыпынкаў грамадскага транспарту, і адвезці іх на спецыялізаваны палігон. Там, нікому не замінаючы, яны будуць пакрысе таяць. Адметна, што такія палігоны знаходзяцца непасрэдна ў межах сталіцы. Як правіла, гэта месцы незаўважныя, дзе, як гаворыцца, чужыя не ходзяць. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне сталіцы сёлета снег звозяць на тэрыторыю былой вайсковай часці. Карэспандэнты «Звязды» выправіліся ў царства снегавых гор.


Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Адліга, якая ў пачатку тыдня накрыла сталіцу, дабралася і да палігона. Праўда, калі ў дварах газоны яшчэ пакрыты бялюткім (хоць ужо і рыхлым) снегам, то гэтае ўражанне на тэрыторыі звалкі прападае адразу пры ўездзе. З-пад ног пры кожным кроку разлятаецца сумесь вады, мокрага снегу і пяску. Ды і перад намі высяцца не белыя горы, дзе працуюць машыны, а глыбы ў чорна-шэра-белай расфарбоўцы. Вышыня іх розная — ад невялікіх гурбаў і да горак у пяць-шэсць метраў.

Але снегавы палігон — гэта не проста тэрыторыя, дзе, здавалася б, у хаатычным парадку ляжаць кучы снегу. Тут ёсць вагончык, у якім працуе вартаўнік.

— Не, я тут не снег ахоўваю, — усміхаецца Уладзімір Порах. — Я сачу за парадкам. Не так даўно дзеці хацелі зрэзаць дарогу праз наш палігон. Я іх спыніў, растлумачыў, што тут пабочным асобам хадзіць нельга. Яшчэ я рэгіструю кожнага вадзіцеля.

У спецыяльным журнале каліграфічным почыркам выведзены даты, пад імі — час, арганізацыя, нумар аўтамабіля, аб'ём, прозвішчы кіроўцаў. На гэты палігон прывозяць снег 18 прадпрыемстваў, размешчаных у Фрунзенскім раёне. Яны прыбіраюць снег сваімі сіламі і заключылі з Рамаўтадарам адмысловы дагавор на вываз. У спецыяльны талон упісваецца кубатура. Напрыклад, 30-тонны самазвал прывозіць сюды 21 кубічны метр снегу. І ў гэты час каля будкі вартаўніка на выезд пайшоў гіганцкі жоўты грузавік.

— Гэта паехаў дваццацітоннік! — кажа начальнік участка па ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі УП «Рамаўтадар Фрунзенскага раёна Мінска» Арцём Шынкевіч. — Ён прывёз сюды чатырнаццаць кубаметраў снегу. А вось зараз на разгрузку прыехала машына грузападымальнасцю ў 10 тон. Вось бачыце, літаральна хвіліна-другая — аўтамабіль разгрузіўся і гатовы ў зваротны рэйс. А ўсяго такіх рэйсаў за змену можа быць ад 10 да 12. Скажам, на прыпынак, дзе ссунулі снег у кучу, прыехаў пагрузчык і аўтамабіль. Два-тры каўшы — і дзесяцітонны самазвал запоўнены цалкам. Мы ж на дзяжурным аўтамабілі маніторым якасць таго, як чысцяцца вуліцы. І пры неабходнасці пераразмяркоўваем тэхніку.

Толькі за люты на снегавы палігон даставілі 8700 кубаметраў снегу, сабраных на дарогах Фрунзенскага раёна. За выключэннем дзвюх вуліц — магістральныя Кальварыйскую і Прытыцкага чысцяць аўтамабілі цэнтральнага падраздзялення. Да таго ж работы падбавіў сакавік. Як кажа Арцём Шынкевіч, снег тут будзе раставаць да канца мая, а можа, нават і да сярэдзіны чэрвеня. Усё залежыць ад таго, якой будзе вясна — сонечнай і цёплай або халоднай і пахмурнай. Але паскорыць гэты працэс можна. Спецыяльны бульдозер разраўноўвае і буртуе гурбы, каб яны знікалі як мага хутчэй і не заміналі кіроўцам прывозіць новыя партыі снегу.

— Мы здавалі ранейшы палігон на вуліцы Шаранговіча ў маі-чэрвені мінулага года, — працягвае Арцём Шынкевіч. — Калі паглядзіце на карту горада, то там велізарная пустка. І сабралі там даволі шмат пустых пластыкавых бутэлек. Гэта і не дзіўна — калі на праезнай частцы ляжыць нейкае смецце, то яно заграбаецца каўшом пагрузчыка. Напрыклад, прыйшоў кіроўца, даліў тасол, а бутэльку кінуў у снег. Ці папіў кавы, а аднаразовы кубачак — таксама ў гурбу. Аднойчы ў снезе знайшлі нават мабільны тэлефон....

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Край штучных гор

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.