Вы тут

У Магілёве далі ацэнку рабоце аглядных камісій


Трывожная статыстыка па пажарах у першыя месяцы года прымусіла ратавальнікаў, следчых і пракурорскіх работнікаў кансалідавацца і выпрацаваць агульную стратэгію дзеянняў. Падчас круглага стала, які адбыўся ў Магілёве, была прааналізавана і роля грамадскасці ў папярэджванні няшчасных выпадкаў. Выказваліся некаторыя заўвагі і наконт работы аглядных камісій. Недахопы высветліліся падчас праверкі пракуратурай ступені гатоўнасці сельскіх Саветаў, іншых органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў і арганізацый да абароны насельніцтва ад пажараў.


— Работу аглядных камісій нельга пераацаніць, яны шмат чаго робяць для прафілактыкі пажараў. Але, на жаль, ёсць і негатыўныя прыклады, калі прысутнічае пэўная доля фармалізму, — адзначыў пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Дзяніс Хмялькоў. — Дастаткова згадаць справаздачу Паршынскага сельвыканкама Горацкага раёна, дзе было напісана, што летась усе 656 дамоў, якія там зарэгістраваныя, былі абследаваныя на прадмет супрацьпажарнай бяспекі. На самай справе выявілася, што гэта не так. Жыллё аднаго з жыхароў сельсавета, інваліда 1-й групы па зроку, правяралі апошні раз у 2016 годзе, а дом яшчэ аднаго вяскоўца, інваліда 2-й групы, наогул наведвалі ў 2015 годзе. Аналагічныя факты выяўлены ў Кіраўскім, Крычаўскім, Круглянскім, Шклоўскім, Мсціслаўскім раёнах.

Пры праверцы высвятляліся таксама парушэнні тыповага Палажэння аб умовах і парадку правядзення аглядаў супрацьпажарнага стану дамоў. Напрыклад, у камісіях Горацкага і Шклоўскага раёнаў адсутнічалі спецыялісты па энергетычным і газавым наглядах. А ў камісіях Ленінскага і Аўсянкаўскага сельвыканкамаў Горацкага раёна не аказалася прадстаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду.

Не ўсюды аглядныя камісіі ўзаемадзейнічаюць з іншымі суб'ектамі прафілактыкі. Напрыклад, камісія Трасцінскага сельвыканкама тройчы наведвала грамадзяніна з вёскі Яноўка, які груба ігнараваў тэхніку супрацьпажарнай бяспекі. Трывогу выклікалі скразныя расколіны ў яго печцы, адсутнасць запорнага прыстасавання на пячных дзверцах. Мужчыну прымушалі выправіць недахопы, правяралі, але выключна на грамадскім узроўні. Інфармацыя пра грубыя парушэнні Хоцімскаму раённаму аддзелу НС нават не перадавалася. На момант праверкі жылля гэтага вяскоўца пракурорскімі работнікамі шмат парушэнняў так і не было выпраўлена.

Некаторым аглядным камісіям не хапае ўвагі да сваіх землякоў з абмежаванымі магчымасцямі. У інвалідаў 1-й і 2-й груп не заўсёды знаходзяцца грошы на рамонт сваіх печак. А правяральшчыкі не заўсёды звяртаюцца ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання з просьбай дапамагчы гэтым людзям ліквідаваць недахопы.

Бывае, што члены аглядных камісій не толькі не клапоцяцца пра лёс сваіх, можна лічыць, суседзяў, але і не ведаюць, хто яшчэ ўваходзіць у склад камісіі. Такі факт быў выяўлены ў Круглянскім раёне.

Ёсць недахопы не толькі ў рабоце аглядных камісій, але і ў дзеяннях адказных за супрацьпажарную бяспеку спецыялістаў ад мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, арганізацый.

— Супрацоўнікі гаррайаддзелаў па НС накіроўваюць па месцы працы парушальнікаў або іх родным інфармацыю, каб яны паўплывалі на тых, хто ігнаруе правілы бяспекі. Але яе не заўсёды прымаюць да ведама. У выніку адбываюцца няшчасныя выпадкі, якіх можна было б проста пазбегнуць, — сведчыць Дзяніс Хмялькоў. — У раёнах шмат чаго робіцца для таго, каб прадухіліць пажары, але не заўсёды праводзяцца планавыя якасныя поўнамаштабныя агляды супрацьпажарнага стану. І гэта, на жаль, негатыўна адбіваецца на абстаноўцы. Калі падыходзіць да праблемы адказна, не ігнараваць патрабаванні ратавальнікаў, больш уважліва ставіцца да сваіх суайчыннікаў, менш будзе чорных фарбаў у нашым жыцці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Куды глядзяць аглядныя камісіі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».