Вы тут

Як абараніць ад махляроў нашых пенсіянераў?


Махляры жывуць на гэтым свеце ледзь не прыпяваючы. Ім нічога не страшна. Яны ідуць у нагу з часам, некаторыя ўжо ўзброіліся інфармацыйнымі тэхналогіямі, інтэрнэт паставілі сабе на службу. А што не мяняецца са зменай эпох, дык гэта спрыяльная глеба, на якой прарастае махлярства — людская даверлівасць і неабачлівасць. Махляры — добрыя псіхолагі. Яны ўмеюць увайсці ў давер, прытупіць пільнасць, загаварыць аб надвор'і і здароўі, расказаць навіны. А потым паступова перайсці да справы.


Новыя тэхналогіі

На маладзейшае пакаленне разлічаны перш за ўсё інтэрнэт-пасткі. Ужо амаль класічны выпадак: махляр, знаходзячыся ў Партугаліі, прадаваў кватэру ў Брэсце па вуліцы Горкага. Так танна прадаваў, што даверлівая брастаўчанка перавяла невядома каму 10 тысяч долараў... Гады два таму наша газета расказвала, як «нявеста» са Столінскага раёна знаходзіла жаніхоў у сацсетках, вяла любоўную перапіску, а тыя, нібы здурнеўшы, пераводзілі ёй грошы на будучую кватэру, на вясельныя строі, на афармленне дакументаў. Потым высветлілася, што «нявеста» замужам, яна шматдзетная маці, але сяброў па перапісцы мае багата. Проста не ўсе адважыліся напісаць заявы ў міліцыю, прыйсці ў суд. Такія ахвяры махлярства, несумненна, выклікаюць спачуванне, але з папраўкай. Маглі б усё ж раскінуць мазгамі, перш чым перадаваць грошы невядома каму. А вось старых людзей вельмі шкада. А іх па-ранейшаму крыўдзяць. Махляры не саромеюцца зайсці ў дом, проста ўкрасці пенсію альбо ўсе зберажэнні ці, прытупіўшы пільнасць, прымусіць купіць за вялікія грошы сапраўдную драбязу, зусім непатрэбную.

Колькі пішацца-гаворыцца, колькі ўчастковыя праводзяць прафілактычных гутарак, супрацоўнікі сельсаветаў нагадваюць пра пільнасць, а прыкрыя выпадкі паўтараюцца зноў і зноў. Праўда, цяпер многія ўсё ж пра бяспеку дбаюць. У вёсцы Залескі Кобрынскага раёна давялося бачыць такую карціну. Для таго каб 85-гадовая бабулька адчыніла хату, яе маладзейшая суседка бярэ кій і стукае ў сцяну пад акном: падае ўмоўны сігнал. Але тут не даводзіцца здзіўляцца, адна з апошніх жыхарак названай вёскі некалі працавала ў ахове на залатых рудніках, бабулька яшчэ той загартоўкі. Некаторыя пенсіянеры строга папярэджаныя дзецьмі, нізавошта не адчыняюць незнаёмцу. Іншыя ж... Ну не прывыклі нашы людзі зачыняцца на ўсе замкі. Тым больш старыя, якім часта не хапае жывога слова. Вось і пускаюць, гатовыя знайсці шчырага суразмоўніка.

Старыя метады

Вось і нядаўна да 86-гадовай жыхаркі Баранавічаў зайшлі жанчыны і адрэкамендаваліся работніцамі сацыяльнай службы. Пакуль адна распытвала жанчыну пра памер пенсіі, стан здароўя, праблемы і патрэбы, другая ўмудрылася знайсці бабуліну схованку з грашыма і ўкрала 380 рублёў. Махляркі наведалі пенсіянерку яшчэ 25 студзеня, але злачынства ўсё яшчэ не раскрытае. Калі не ўдалося зрабіць гэта па гарачых слядах, то потым знайсці зламысніка вельмі цяжка, яны «працуюць» надзвычай асцярожна.

Праўда, у Столінскім раёне махлярам не пашанцавала.

Да 75-гадовага жыхара вёскі Рэмель зайшлі тры жанчыны. Візіцёркі загаварылі пра ўраджай, паведамілі, што хочуць купіць бульбу. Схема тая ж: пакуль адна адцягвала ўвагу гаспадара, саўдзельніцы шнарылі па хаце. І змаглі знайсці зберажэнні: 3050 долараў і 3000 рублёў. Добра, што дзядуля хутка звярнуўся ў міліцыю. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў міліцыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей махляры былі затрыманыя, грошы канфіскаваныя і вернутыя гаспадару. Цяпер рэмельскі пенсіянер, трэба думаць, і дзясятаму закажа.

І зноў прафілактыка

Старшыня Шаняўскага сельскага Савета дэпутатаў Пружанскага раёна Сяргей Лапука — былы супрацоўнік міліцыі. Сяргей Іванавіч гаворыць:

— Даўно ўпэўніўся, што найлепшая прафілактыка — гэта індывідуальная гутарка. Вядома, мы і сходы праводзім, і розную інфармацыю размяшчаем у магазінах, іншых грамадскіх месцах. Усё гэта важна. Але найлепш пагаварыць з умоўнай Марыяй Пятроўнай, расказаць ёй пра канкрэтныя выпадкі падманаў і папярэдзіць, што адчыняць незнаёмцам ні ў якім разе нельга. Супрацоўнікі раённых службаў павінны мець пры сабе і прад'яўляць дакументы. А тыя ж работнікі аддзела сацыяльнай абароны, якімі любяць рэкамендавацца махляры, ездзяць у нас у суправаджэнні прадстаўнікоў сельвыканкама. Такую ж лінію праводзіць і наш участковы інспектар Максім Ліцкевіч.

Калега Сяргея Лапукі старшыня Ліноўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Мардань падкрэслівае, што зламыснікі нярэдка маскіруюцца пад гандляроў рознай прадукцыяй. «Заўсёды папярэджваю, прашу пенсіянераў, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Пазваніце дзецям, папытайце, ці трэба вам набываць гэтую рэч. А то купяць непатрэбнае за вялікія грошы, потым скардзяцца, а хіба тых «прадаўцоў» знойдзеш». І яшчэ на што звярнула ўвагу Таццяна Мардань: часцей за ўсё добра праінструктаваныя дзецьмі пенсіянеры не трапляюцца на прынады махляроў. Калі маладыя прыязджаюць, прывозяць прадукты, прыбіраюць у хаце, адным словам, часта наведваюць бацькоў, апошнія адчуваюць сябе абароненымі. Яны і чужака лішні раз не пусцяць, і патэлефануюць дзецям, каб параіцца. А вось адзінокія, нярэдка нават пры жывых дзецях, людзі — найбольш даступная для любых нягоднікаў катэгорыя.

— Нядаўна размаўляла з такой сям'ёй, — працягвае старшыня Савета. — Старая жанчына зусім не дагледжаная, у хаце — вэрхал, сама яна не мае сілы навесці належны парадак. Пытаю ў дзяцей, чаму не глядзяць маці. А яны адказваюць, што яна іх малымі не глядзела. На жаль, і так бывае. Але ж усё роўна нельга зусім адмаўляцца ад роднага чалавека, нават калі засталіся крыўды. Не ведаю, ці будзе мець тая мая гутарка які эфект... А нядаўна мне работнікі супрацьпажарнага нагляду скардзіліся, што пажылыя людзі ў адной з вёсак не пусцілі іх у дом, не далі магчымасці праверыць стан печаў і праводкі. Гэта ўжо адваротны бок медаля, які азначае, што наша прафілактыка ды наказы дзяцей дзейнічаюць.

Наступае вясна, час нашых рэйдаў ва ўсе, нават самыя аддаленыя і маланаселеныя вёскі. Праедзем з рознымі спецыялістамі, праведаем людзей, яшчэ раз нагадаем ім аб правілах бяспекі.

Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай КУДРАВЕЦ, нядаўна абраны на гэту пасаду, сказаў, што названай тэме раённы Савет дэпутатаў мае намер удзяляць асаблівую ўвагу як на пасяджэннях сесій, прэзідыумаў Савета, так і ў паўсядзённай рабоце з кожным сельвыканкамам.

Афіцыйны прадстаўнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Сяргей ДУЧЭНКА сказаў карэспандэнту «МС», што абласное ўпраўленне плануе вясной шэраг рэйдаў у вёскі сумесна з поштай. Чаму з поштай? Таму што і махляры любяць наведваць пажылых грамадзян пасля таго, як у населены пункт паштальён прывязе пенсію. Паштальёнаў вяскоўцы ведаюць, ім давяраюць. Вось і пастараюцца разам правесці гутарку, расказаць аб формах і метадах злачыннай дзейнасці названых элементаў.

— А формы гэтыя год ад году не мяняюцца, — працягвае Сяргей Мікалаевіч. — Вось як брэсцкія махляркі не так даўно пазванілі ў кватэру па вуліцы Набярэжнай. Пенсіянерцы, якая адкрыла, адрэкамендаваліся прадстаўніцамі газавай службы, сказалі, што могуць замяніць газавую пліту на новую па льготнай цане. Папрасілі заключыць дагавор, унесці папярэднюю аплату, усяго 5 рублёў. Уважліва глядзелі, куды бабуля ідзе па грошы. Потым адна запрасіла на кухню, каб удакладніць памеры пліты, яе параметры, функцыі. Пакуль абмяркоўвалі будучую пліту, другая махлярка ўкрала ўсе грошы. Пасля чаго зламысніцы ветліва развіталіся і пайшлі.

— Так што трэба зноў і зноў вучыць людзей пільнасці. Пасля рэйдаў з поштай маем намер правесці такія ж сумесныя акцыі і з аўтакрамамі спажыўсаюза, — падзяліўся планамі Сяргей Дучэнка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Вучыць людзей пільнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.