Вы тут

Якія сферы сёння найбольш перспектыўныя для бізнесу?


Якія сферы сёння найбольш перспектыўныя для бізнесу? Як зарабляць грошы, пачынаючы з дзіцячага садка? І чаму бізнес — гэта вечная барацьба? Мы запыталі ў спецыялістаў, ці ўласцівая беларусам прадпрымальніцкая ініцыятыва?


Сяргей СТРЭЛЬЧЫК, віцэ-старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў:

— Беларусам уласцівае імкненне да добрага, матэрыяльна забяспечанага жыцця, і таму яны жадаюць займацца прадпрымальніцтвам. У рамках магчымасцяў нашага грамадскага аб'яднання мы дапамагаем ім у гэтым. Саюз звяртае ўвагу ўлады на праблемы бізнесу, адзначаючы пэўныя недапрацоўкі ў заканадаўстве. Дапамагаем на больш высокім узроўні вырашаць уласныя праблемы нашых сяброў. Якая матывацыя займацца прадпрымальніцтвам — атрымаць прыбытак ці рэалізавацца? Я не магу адназначна сказаць, што на першым месцы. Зарабляць грошы — гэта адна з магчымасцяў самарэалізацыі. Але матэрыяльны складнік таксама вельмі важны.

Як і ўсім дзелавым людзям у свеце, беларусам цікавы тыя сферы бізнесу, якія дазваляюць зарабляць грошы з меншай рызыкай. Сёння можна заўважыць, што перспектыўнымі з'яўляюцца рознічны і аптовы гандаль, перавозкі, будаўніцтва. Гэтыя сферы больш эфектыўныя з боку ўкладання капіталу і аддачы грошай.

Валерый БАРАДЗЕНЯ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах:

— У савецкія часы прадпрымальніцтва нават праследавалася законам. (Напрыклад, спекулянты маглі атрымаць 25 гадоў турмы ці нават вышэйшую меру пакарання.) Але гэта і было праяўленнем прадпрымальніцкай ініцыятывы. Гісторыя ўскладніла канкурэнтаздольнасць нашага бізнесу на сусветнай арэне...

На мой погляд, прадпрымальніцкая ініцыятыва выхоўваецца. Калі, дзякуючы атмасферы, чалавек не будзе баяцца зрабіць памылку, думаю, рэалізацыя магчымасцяў хутка набярэ моц. Прадпрымальніцкая ініцыятыва — гэта мастацтва аб'яднаць любыя эканамічныя рэсурсы для атрымання максімальнага эфекту. Я ўпэўнены, што ў нас гэта ёсць. Зазірнуўшы ў гісторыю, убачым, колькі беларусаў сталі вядомыя ў свеце дзякуючы сваім бізнес-праектам! Сёння наша задача — стварыць атмасферу падтрымкі прадпрымальніцтва ў краіне, каб рэалізоўваліся любыя ідэі і пачынанні. Яны дадуць сур'ёзны імпульс для росту эканомікі.

Лілія КОВАЛЬ, віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў:

— Паводле статыстычных даных, паспяхова займацца прадпрымальніцтвам могуць толькі 4—6 % людзей. Такія ж паказчыкі дзелавой актыўнасці ўласцівы і для насельніцтва Беларусі. На мой погляд, для выхавання бізнес-ініцыятывы трэба змяніць праграмы адукацыі. З дзяцінства неабходна выпрацоўваць прадпрымальніцкія якасці, мысленне, здольнасць не баяцца рызыкаваць, лагічна пралічваць свае крокі. У нашых адукацыйных праграмах гэта адсутнічае, таму не вельмі актыўныя і бізнес-ініцыятывы. Я вывучала амерыканскія праекты развіцця прадпрымальніцтва. Там з ясляў выпрацоўваюцца здольнасці да гэтай дзейнасці.

Напрыклад, да свята ў нас дзеці рыхтуюць сваімі рукамі сувеніры для бацькоў, потым іх дораць. А за мяжой ім у галовы ўкладаюць, што нават гэты малюнак — праца, якая мае свой кошт! Вырабы выстаўляюцца на аўкцыён. Каб падтрымаць кошт створанай прадукцыі, бацькі купляюць сувенір не свайго дзіцяці, а сына ці дачкі суседзяў. Няхай цана вырабу нават адна капейка, але важна, каб дзіця адчула значнасць сваёй працы. Асновы ацэнкі кожнага прадукту і ўсведамленне яго кошту закладваюць асновы прадпрымальніцкага мыслення.

Мікіта ВЯЛЬМАСКІН, прадпрымальнік у сферы ІТ, г. Мінск:

— Гістарычна прадпрымальніцтва на тэрыторыі Беларусі было ў росквіце. На фатаграфіях дарэвалюцыйнай Міншчыны і Гомельшчыны можна заўважыць шмат уласных прадпрыемстваў. У савецкія часы прадпрымальніцтва спынілася. Мы прайшлі пераломныя 90-я гады, калі ўсталявалася наша маладая дзяржава. Пасля 2000-х пачало аднаўляцца прадпрымальніцтва. Прайшло ўсяго 18 гадоў, гэта фактычна падлеткавы ўзрост для бізнесу... Я вельмі рады, што сёння людзі цікавяцца прадпрымальніцтвам. Калі ў эканамічнай сітуацыі адбываюцца нечаканыя змены, некаторыя адразу апускаюць рукі. Гэта паказвае, што чалавек не зразумеў: бізнес — вечная барацьба. Мільёны долараў не з'яўляюцца адразу. Прадпрымальніцтва — гэта самадысцыпліна. Прадстаўнікі бізнес-колаў сцвярджаюць, што прадпрымальнікі — эліта грамадства. Я з гэтым згодны, таму што яны рызыкуюць, ствараюць, і эканоміка краіны ў значнай ступені залежыць ад развіцця прадпрымальніцтва.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Бізнес па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.