Вы тут

Як аб'яднаць усіх жыхароў дома дзякуючы сучасным тэхналогіям?


Сучасныя тэхналогіі ўсё шчыльней уваходзяць у наша жыццё, закранаючы і тыя сферы, якія здаваліся ад іх надзвычай далёкімі. Напрыклад, раней, каб атрымаць інфармацыю пра жыхароў дома, можна было звярнуцца да ўсюдыіснай кансьержкі або адной з суседак, якая добраахвотна брала на сябе гэтую функцыю. Зараз жа гэтыя задачы паспяхова можа вырашыць адмысловая праграма — чат-бот. Паспрабуем разабрацца, што гэта такое і для чаго патрэбна, на рэальным прыкладзе.


Чат-бот «Дамавік», як і ўсе добрыя праекты, з'явіўся дзякуючы жыццёвай неабходнасці. Яго стваральнік Максім УСАЧОЎ рыхтаваўся да пераезду ў сваю кватэру ў новабудоўлі. Прыйшоў час, калі паўстала патрэба суседзям знаходзіць адно аднаго дзеля абмену важнай інфармацыяй і рашэння праблемных пытанняў адносна дома. Звычайна ўсё пачынаецца з форуму на якім-небудзь вядомым рэсурсе. Але потым настае момант, калі «зносін» на форуме перастае хапаць, хочацца больш інтэрактыўнага ўзаемадзеяння, і людзі ствараюць групу ў сацыяльных сетках і пераходзяць туды.

Максім узяў ініцыятыву ў свае рукі, стварыў групу ў адным з найбольш папулярных месенджараў — Tеlеgrаm, і пачаў запрашаць туды будучых суседзяў. Людзей у групе станавілася ўсё больш, узнікла неабходнасць весці ўлік жыхароў, каб разумець, хто адкуль. Так з'явіўся і бот.

З тэхнічнага пункту гледжання рэалізаваць гэта для Максіма не склала цяжкасцяў, праграміст і раней займаўся распрацоўкай ботаў, так што ў яго былі неабходныя ўменні. Менавіта такі фармат узаемадзеяння з суседзямі малады чалавек выбраў таму, што месенджар ёсць у большасці людзей, якія карыстаюцца смартфонамі. Плюс да ўсяго, гэта зручна, бо ў адным месцы захоўваецца ўся неабходная інфармацыя: фатаграфіі дома, спасылкі на карысныя дакументы, кантакты суседзяў і абслуговых арганізацый. Бот вядзе базу даных жыхароў усяго дома. Знайсці кантакты суседзяў можна, напрыклад, па нумары кватэры, тэлефоне ці нумары аўтамабіля. І больш не трэба вывешваць неэстэтычныя аб'явы на дзвярах пад'езда.

Па словах Максіма Усачова, каментарыі жыльцоў у асноўным станоўчыя. Пытанні ўзнікаюць толькі ў людзей старэйшага ўзросту, якія не так добра знаёмыя з сучаснымі тэхналогіямі. Звычайна цікавяцца, што такое бот, як ім карыстацца, дзе захоўваюцца персанальныя даныя і гэтак далей. Што датычыцца прапаноў па ўдасканаленні праграмы, то часцей за ўсё яны тлумачацца асаблівасцямі дамоў. Напрыклад, у першай версіі бот не мог абслугоўваць шматсекцыйныя дамы — гэта калі адзін дом падзелены на секцыі, у кожнай з якіх па некалькі пад'ездаў. Зараз гэтая праблема вырашана.

Каб з ботам маглі разабрацца ўсе ахвотныя, Максім імкнецца зрабіць яго максімальна простым. На любое ваша пытанне, няхай гэта будзе тэлефон ліфтавай службы або імёны суседзяў па лесвічнай клетцы, праграма адкажа ў гутарковай форме.

— На дадзены момант, лічу, што бот валодае дастатковай функцыянальнасцю, каб вырашаць асноўныя праблемы жыхароў новабудоўляў. Пакуль у мяне скончыліся ідэі, як яго яшчэ можна ўдасканаліць, таму буду чакаць прапаноў збоку, — з усмешкай прыкмячае Максім.

Ініцыятыва распрацоўніка хутка перайшла выключна з яго дома на іншыя. На дадзены момант бот абслугоўвае больш за 70 новабудоўляў, прычым, як з Беларусі, так і з Расіі. Карыстанне праграмай абсалютна бясплатнае. Знайсці бот можна, увёўшы ў пошук @dаmаvіkbоt.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: «Кансьержка» ў смартфоне

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.