Вы тут

Падатковы кодэкс будзе сёлета скарэктаваны


Уладзімір Панцюхоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, ужо не першае скліканне сярод іншага займаецца аналізам заканадаўства ў гэтай галіне. На яго думку, эканамічны поспех краіны шмат у чым залежыць не толькі ад дзелавой ініцыятывы ўнутранага ці знешняга інвестара, але і ад таго, з якімі дакументамі і ўмовамі вядзення бізнесу яму давядзецца сутыкнуцца.


— Аснова работы сенатараў — паляпшэнне законаў. Як у гэтым кірунку складваецца работа камісіі, якую вы ўзначальваеце?

— Перакананы, што заканатворчая праца не церпіць мітусні, а патрабуе сур'ёзнай удумлівай работы, вывучэння велізарнай колькасці матэрыялаў. Хачу падкрэсліць, што асноўная работа камісіі сканцэнтравана на заканадаўчым забеспячэнні прыярытэтаў, якія былі ўхвалены на V Усебеларускім народным сходзе. Яны, мяркую, ва ўсіх на слыху — інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя і моладзь.

Перш за ўсё, наступіў час працаваць, працаваць па-сапраўднаму, а не толькі шукаць і знаходзіць інвестыцыі. Інвестыцыі — гэта аснова для эканамічнага росту. Гэта відавочна. Будуць інвестыцыі, значыць, зможам забяспечыць эфектыўную занятасць, правесці глыбокую мадэрнізацыю. Гэта рост канкурэнтаздольнасці, а значыць, экспарту і валютнай выручкі ў краіну.

Разам з тым сітуацыя ў інвестыцыйнай сферы выклікае вялікую занепакоенасць. Агульнавядома, што зніжэнне працягваецца ўжо чатыры гады. Можа, гэта ўжо і нагнала аскому, але я паўтару — адным з дзейсных механізмаў павышэння прывабнасці краіны для інвестара з'яўляецца далейшае ўдасканаленне інвестыцыйнага заканадаўства.Такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы.

— Якія хібы ў заканадаўстве бачыць камісія?

— Прымаючы ўдзел у распрацоўцы плана мерапрыемстваў па ўдасканаленні інвестыцыйнага клімату, мы зразумелі, што інвестыцыйная прывабнасць краіны не вычэрпваецца сістэмай ільгот для інвестараў і субсідый для вытворцаў інавацыйнай прадукцыі. Яна ўключае ў сябе і палітычную стабільнасць, празрыстасць, наяўнасць антыкарупцыйных механізмаў. Найбольш значныя прапановы — гэта забеспячэнне гарантыі для інвестараў пры змене заканадаўства, укараненне механізма страхавання інвестыцыйных рызык, перагляд падыходаў да субсідыярнай адказнасці ў выпадку банкруцтва.

Але, нягледзячы на шэраг няўзгодненых пазіцый з эканамічным блокам урада і профільнымі міністэрствамі па падыходах да ўдасканалення інвестыцыйнага заканадаўства, мы ўсё ж такі канструктыўна працуем з усімі зацікаўленымі ўдзельнікамі гэтага складанага працэсу.

Забягаючы крыху наперад, скажу, што восенню 2018 года плануюцца парламенцкія слуханні па тэме паляпшэння інвестыцыйнага клімату. Мяркую, што ў рамках гэтага мерапрыемства ў нас будзе яшчэ адна магчымасць «зверыць гадзіннікі» па грунтоўных пытаннях у гэтай складанай сферы. Але толькі праца, яе вынік могуць даказаць, што інвестыцыйны клімат у нас рэальна не горшы, чым сітуацыя ў эканоміцы.

— Інвестыцыі прыносяць і шэраг новых працоўных месцаў...

— Сапраўды, ні час, ні працу спыніць нельга. Пры тым штогод колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы Беларусі, скарачаецца. У членаў нашай камісіі сфарміравалася ўстойлівае меркаванне, што гэты негатыўны трэнд абумоўлены не толькі дэмаграфічным фактарам. Міграцыя, нізкі ўзровень аплаты працы, ценявы сектар уносяць свой «уклад» у зніжэнне паказчыка занятага насельніцтва. Упэўнены, што ў сярэднетэрміновым перыядзе забеспячэнне эфектыўнай занятасці стане адным з галоўных выклікаў для ўсёй вертыкалі ўлады.

У краіне створаны беспрэцэдэнтныя прававыя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва, самазанятасці. Прыняты пакет нарматыўных прававых актаў па лібералізацыі бізнесу і разняволенні дзелавой ініцыятывы. Шкада, што не ўсе прапановы нашай і іншых камісій Савета Рэспублікі былі ўлічаны. Асноўная ідэя, якая належыць Савету Рэспублікі, — прыняцце актаў «пакетным прынцыпам», на жаль, не прайшла.

— А што вы скажаце пра сітуацыю з экспартам?

— Асноўную долю вырабленай прадукцыі — дзве трэція — трэба экспартаваць (каб не павялічваць складскія запасы). Не сакрэт, што гэта складаная справа. Сёння ўсе дзяржавы імкнуцца абараніць унутраны рынак і падтрымаць нацыянальных вытворцаў. Гэта жорсткі рэалізм. Пераможа толькі ўпарты. І мы павінны быць такімі.

На нашу думку, варта неадкладна стымуляваць бюджэтныя механізмы падтрымкі экспарту. У той жа час яе аб'ём павінен быць абгрунтаваным. На гэта мы звярталі ўвагу распрацоўшчыкаў праекта бюджэту на гэты год.

Найважнейшае пытанне экспартнай стратэгіі — дыверсіфікацыя паставак. У межах міжнароднай дзейнасці мы імкнёмся, на мой погляд, спрыяць фарміраванню станоўчага іміджу беларускай прадукцыі. Зручнай пляцоўкай у пашырэнні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і, у прыватнасці, экспарту павінен стаць V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца сёлета.

— Нядаўна прыняты так званы дэкрэт «ПВТ 2.0» мусіць спрыяць развіццю эканомікі і, галоўнае, — ІТ-сектара.

— Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» стане «дарожнай картай» для дзяржаўных органаў па нарошчванні долі інфармацыйных паслуг у ВУП краіны і выкананні задачы кіраўніка дзяржавы аб фарміраванні ІТ-краіны. Лічым, што найважнейшай мэтай лічбавізацыі эканомікі з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці бізнесу. Пацвярджаецца гэта і тым фактам, што Дэкрэт № 8 увайшоў у пакет нарматыўных прававых актаў па лібералізацыі бізнесу і разняволенні дзелавой ініцыятывы.

Мы сваю работу накіруем на заканадаўчае забеспячэнне лічбавізацыі галін эканомікі. Для гэтага плануецца прапрацаваць з зацікаўленымі пытанне аб фарміраванні асобнай дзяржаўнай праграмы па развіцці лічбавай эканомікі, арганізаваць абмен вопытам з замежнымі калегамі, правесці адпаведную секцыю на V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, папулярызаваць сярод насельніцтва канцэпцыю лічбавых тэхналогій і яе ўкараненне ў вытворчыя працэсы.

Каб якасна ўплываць на ўсе сферы грамадскага жыцця, лічбавая эканоміка не павінна быць эканомікай для абраных.

— Асобнае пытанне для вашай камісіі — бюджэт.

— Гэта асобны блок нашай работы. Сфармірмаваць бюджэт у жорсткіх умовах было няпроста. І ўсё ж гэта лягчэй, чым яго выконваць. Нам спатрэбіцца напружаная праца ўсяго насельніцтва краіны, працоўных калектываў, уладаў усіх узроўняў. Многае, што робіцца ў краіне сур'ёзнага, грунтоўнага, робіцца за кошт бюджэту.

Сёлета плануецца распрацоўка законапраекта, які прадугледжвае комплексную карэкціроўку Падатковага кодэкса на прынцыпах стабільнасці, зразумеласці прававых нормаў і лёгкасці іх успрымання. Пастаянная камісія і профільнае ўпраўленне Сакратарыята прымуць непасрэдны і ініцыятыўны ўдзел у гэтай рабоце. Дакладней, мы ўжо яе пачалі ў складзе рабочай групы, створанай у мэтах комплекснай карэкціроўкі Падатковага кодэкса.

У адпаведнасці з патрабаваннямі старшыні Савета Рэспублікі асаблівую ўвагу мы ўдзяляем аналізу правапрымяняльнай практыкі, маніторынгу заканадаўства. У 2017 годзе праводзіўся маніторынг Закона «Аб гаспадарчых таварыствах». Важнасць гэтага закона пацвярджаецца адной лічбай. У нашай краіне каля 140 тысяч юрыдычных асоб, з якіх каля 65 тысяч з'яўляюцца гаспадарчымі таварыствамі.

У межах маніторынгу мы звярнулі ўвагу на аналагічныя законы нашых сяброў па Еўразійскім эканамічным саюзе і Еўрасаюзе. На жаль, пры канцэптуальным падабенстве маюцца прынцыповыя адрозненні, якія, на думку камісіі, не на нашу карысць. Заканадаўствы Расіі і Казахстана прадугледжваюць дзяленне акцыянерных таварыстваў на публічныя і непублічныя (а гэта перавага для інвестара), замацаваны механізм сек'юрытызацыі (магчымасць рэструктурызацыі даўгоў гаспадарчых таварыстваў шляхам канвертавання даўгавых абавязацельстваў у акцыі (долі).

Наш Закон мае шэраг прабелаў, якія павінны быць ліквідаваны. Толькі адзін прыклад — неабходна адмяніць забарону на ўдзел гаспадарчага таварыства ў якасці адзінага ўдзельніка ў іншым таварыстве. Гэта абмежаванне негатыўна адбіваецца ў адносінах да замежных юрыдычных асоб з адным удзельнікам. Выпрацаваныя падчас маніторынгу рэкамендацыі накіраваны ў Савет Міністраў. Работа па карэкціроўцы Закона аб гаспадарчых таварыствах працягнецца ў бягучым годзе.

Хачу нагадаць выказванне-патрабаванне кіраўніка дзяржавы: «Сенатары павінны, ідучы ад жыцця, ад практыкі, адказаць на пытанне: ці прынясе той ці іншы закон рэальную карысць людзям і краіне?» Вось мы і працуем у гэтым кірунку.

Хачу з упэўненасцю заявіць: змены прававога ландшафту ў эканоміцы, якія адбываюцца сёння пры ўдзеле нашай Пастаяннай камісіі, ужо ў гэтай пяцігодцы акажуць пазітыўны ўплыў на эканамічнае развіццё дзяржавы.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Законы павінны паспяваць за эканомікай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».