Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Быў выбух, але не салют

...З вёскі дамоў, у горад, Вера прыехала трохі раней — не дакапала бульбу, бо нідзе ж яна не дзенецца — пачакае, а вось свята — не.

Лізе, Верынай дачцэ, спаўнялася 20. Круглая дата. Дзяўчына хацела адзначыць, збірала гасцей. І хто, як не маці, павінен быў тут падключыцца — дапамагчы ёй купіць усё неабходнае, прыгатаваць на стол...

Вечарам за ім сабраліся Лізіны стрыечныя браты, сябры, сяброўкі. Сядзелі шумна, весела, бо імянінніца разам з матуляй, апроч рознай смакаты, падрыхтавалі яшчэ і конкурсы, гульні, забаўкі, танцы...

Надурэліся, карацей, насмяяліся. У «праграме» свята заставалася хіба самае кранальнае: матулі — вынесці торт, імянінніцы — загадаць жаданне ды задзьмуць на торце свечкі. Госці зноў паселі за стол.

Пуставала толькі крэсла Максіма — аднаго з запрошаных хлопцаў. Ён, падобна, затрымліваўся (прабачце, у прыбіральні), кампанія сцішана чакала. І не столькі яго вяртання, колькі таго, што вось зараз жа ў пакоі патухне святло, у дзвярах з'явіцца... торт са свечкамі, пачнецца чаяпіцце.

...Выбух (?!) у гэтай цішыні быў настолькі гучны і нечаканы, што ўсе разгубіліся, знямелі.

Толькі праз імгненні Вера з Лізай (а госці следам) кінуліся на гук і ўжо там усё зразумелі...

Плітку для абліцоўкі сцен было тады не дастаць, не купіць, але ж Веры неяк пашчасціла. У выніку сцены ў прыбіральні атрымаліся настолькі прыгожымі, што, здавалася, грэх свідраваць там нейкія дзіркі — прыладжваць «вяшак» для туалетнай паперы... Яны для гэтага іншую «канструкцыю» прыдумалі: да трохлітровіка з фарбай, які стаяў на самаробнай палічцы над бачком (а самі бачкі ў той час віселі ледзь не пад столлю) прывязалі прыгожую вяровачку, на яе падчапілі паперу...

І ўсё б нічога, калі б яна, тая вяровачка, не звісала ў найбліжэйшым суседстве са шнурком для зліву і калі б той госць, Максім, іх не пераблытаў...

Пасля гэтага слоік з фарбай і грымнуў. Прычым не проста на падлогу: ён грымнуў на... унітаз... Разбіўся сам. Разбіў незаменную ў доме пасудзіну.

Што было рабіць гаспадыні? Ну, вядома ж, прыбіраць друз і фарбу, праветрываць памяшканне. Вера, што называецца, закасала рукавы.

Імянінніца з гасцямі пайшла на вуліцу.

Свята скончылася. І праз гады, магчыма, забылася б, калі б не гэты нечаканы... «салют».

Таццяна Чэкед, г. Гомель


Свая ручка не сучка

Пры слове «пікнік», мусіць, многія прыгадаюць прыгожыя сцэны з кінафільма «Масква слязам не верыць»: мужчыны (у тым ліку «Гога, ён жа Гоша, ён жа Юрый, ён жа Жора») смажаць шашлыкі, жанчыны — адпачываюць, побач бегае сабака... Потым — віно, задушэўныя размовы, песні пад гітару. І ўсё, заўважце, сумеснае, бо той, хто ў адзіночку нешта п'е, той калектыў не прызнае.

...Адзін з іх, вось такіх — чыста мужчынскіх, досыць рэгулярна (хоць і стыхійна) збіраўся ў гаражах. Пачыналася ўсё з таго, што ў некага зламалася машына, і для таго, каб яе паправіць, трэба з адным суседам параіцца, у другога — пазычыць інструмент альбо запчасткі, у трэцяга — папрасіць дапамогі. А потым, калі справа зробіцца, ну вядома ж, разам пасядзець, узяць па «кроплі».

Згаджаліся на гэта ўсе, апроч Руслана. Што здзіўляла, чалавек ён не фанабэрысты, нават кампанейскі: з ахвотай браўся дапамагчы (і толк у аўтасправе ведаў), мог свежы анекдот расказаць і з усімі пасмяяцца... А вось каб скінуцца ды разам выпіць — не, ніколі. «Давайце без мяне», — казаў суседзям па гаражы.

І хлопцы, вядома ж, «давалі» (ці «паддавалі»?) — калі менш, калі больш, пасля чаго нехта абавязкова казаў, што Руслан іх усё-ткі «не паважае», бо калі б паважаў, то хоць зрэдку, але ж далучаўся б!

— А хочаце, — заікнуўся неяк таксіст Алёша, — я яго «далучу»?

— Ага, як маленькага за руку прывядзеш і во тут пасадзіш, — не паверылі мужчыны.

— І пасаджу! — пайшоў у заклад хлопец. — Дайце мне месяц часу.

— Ды хоць два, — «раскашэліўся» нехта з кампаніі.

І яны сталі чакаць. Як і раней, па выхадных збіраліся ў гаражах, як і раней, збіралі рублі на выпіўку.

— Хлопцы, вазьміце і мае, — прапанаваў аднойчы... Руслан.

Мужчыны — аслупянелі, але ж грошы ўзялі...

А потым — пілі і не п'янелі: з цікавасцю пазіралі то ў бок Аляксея («Няўжо перавыхаваў? Але як?»), то ў бок Руслана («Дзе гэта хто здох? Чаму ты раптам з намі?»).

Не вытрывалі: пасля трэцяй чаркі спыталі. Руслан тады выцягнуў з кішэні мясцовую рэкламную газету і рашуча прамовіў:

— Калі б ведаў, хто аб'яву падаў, — прыдушыў бы!

— А што там? — зацікавіліся хлопцы.

— Ды наце, пачытайце... Вось тут, — пальцам паказаў Руслан і аддаў газету застольнікам.

— «Прыму ў кампанію, — уголас зачытаў першы, — моцнага здаровага мужчыну (можна двух) для дыскусій на розныя тэмы. Выпіўка з закускай гарантуюцца. Нумар тэлефона...»

— Ад званкоў — адбою не было! — скардзіўся тым часам Руслан. — Аднаго, прабачце, пашлю (скажу, што не даваў ніякіх аб'яў!), другі тэлефануе... І ўсе здаровыя... А ўжо якія «падкаваныя»! Асобныя — адразу ў дыскусіі: то «Крым наш альбо не наш», то «ў чым памылка Абамы»... Прыйшлося нумар тэлефона змяніць. Ведаць бы, з-за каго...

Лёшу-таксіста кампанія, вядома ж, не выдала — ні ў той раз, ні пасля. А зараз ужо і не страшна, бо злосць, як здаецца, Руслан памяняў на міласць: ён па-ранейшаму выпівае рэдка, але ж тады, кажа, лепш са сваімі, чым з чужымі. Здаровымі...

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Прысмакаў хацелася ўсім

Гэта гісторыя адбылася ў часы так званага застою — татальнага дэфіцыту на ўсё: кнігі, мэблю, прасціны, шыфер, адзенне, абутак, зялёны гарошак, каўбасу...

З чым, можа, прасцей было, дык гэта з добрымі людзьмі, бо якраз тады нашаму дзядулю-ўдаўцу пашчасціла на... новую бабулю, жанчыну, якая найперш сардэчнасцю ды гасціннасцю яшчэ больш з'яднала нашу сям'ю... Апроч таго (што таксама немалаважна), дачка гэтай самай бабулі працавала на мясакамбінаце.

Дык вось, неяк напрадвесні мой тата запрог Лысага — найлепшага калгаснага каня, ускінуў на вазок бензапілу і з сямігадовым сынам Міхасём, які зранку круціўся пад нагамі, адправіўся да «маладажонаў» на падмогу.

Усе разам і недзе да абеду яны пілавалі дровы, пасля, удосталь начаставаўшыся і нагаварыўшыся, сталі збірацца дамоў. Гэтаму найболей радаваўся галоўны з памагатых — Міхасёк, бо яму, апроч пакунка цукерак, дасталася яшчэ і палка дэфіцытнага сервелату. Гэты гасцінец хлопчык трымаў перад самым носам, каб удосталь нанюхацца: дамашні шасток з «пальцам піханымі» каўбасамі ўжо даўно пусцеў...

Конь бег трушком. Седакі — бацька з сынам — зацягнулі было бадзёрае «...три танкиста, три весёлых друга...», але ж хутка сціхлі, бо напрасткі пераязджалі раку. І зранку лёд іх вытрымаў, а вось зараз...

— Трымайся, сын! — крыкнуў малому тата, убачыўшы, што конь правальваецца ў ваду.

— Но-о, пайшоў! — падганяў ён Лысага, і той, бедны, стараўся як мог: упарта крышыў лёд, аж пакуль не дастаў капытамі дна...

Толькі тады ўжо тата азірнуўся назад і ўбачыў, як і за што трымаецца яго Міхась. Ну па-першае, аказалася, што малы сядзіць на высокай спінцы вазка (прыкладна, як варона на коліку), а па-другое, над галавой і аберуч трымае бабуліну каўбасу...

Як ён пры гэтым утрымаўся на возе, аднаму толькі Богу вядома!

Але ж добра ўсё, што добра канчаецца: перад маці яны павініліся (абодва), мокрае з сябе паздымалі. Потым Міхась грэўся на печы — сушыў і вопратку, і валёнкі. А ўжо сагрэўшыся і злезшы адтуль — частаваў усіх цукеркамі і тонкімі скрылькамі каўбасы.

...Што цікава, з тых часоў прайшлі дзесяцігоддзі. Міхась вырас: не злічыць, колькі разоў сядзеў за рознымі святочнымі сталамі і якіх толькі мясных далікатэсаў там не «назіраў»...

Але ж казаў, што той бабулін сервелат і на смак, і на пах быў найлепшы!

Таццяна Раманава, г. Наваполацк

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Р. S. Нагадаем, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў «Звязды» не проста друкуюцца, а ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую...

Вызначаць іх будзе вялікае чытацкае і маленькае рэдакцыйнае журы на пачатку наступнага года. А пакуль — пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?