21 Верасень, пятніца

Вы тут

Чаму Італія зрушылася ўправа?


На сакавіцкіх парламенцкіх выбарах у Італіі кіраўнічая цяпер левацэнтрысцкая кааліцыя пацярпела сакрушальнае паражэнне. Гэта стала вядома, калі міністэрства ўнутраных спраў краіны правяло дакладны падлік галасоў. Такім чынам, кааліцыя левых сіл становіцца толькі трэцяй па велічыні палітычнай сілай у краіне. Вынікі выбараў у парламент Італіі прымусілі краіны Еўрасаюза занепакоіцца аб перспектывах ЕС, заўважае Euronews, паколькі большасць галасоў выбаршчыкі аддалі еўраскептыкам і папулістам. Тэлеканал перадае, што вынікі сталі шокам для Бруселя, дзе асцерагаюцца ўзмацнення і распаўсюджвання папулісцкіх і антымігранцкіх настрояў. Амбіцыі Італіі заняць месца Вялікабрытаніі ў ЕС і стаць трэцяй па значнасці краінай у Еўрасаюзе зноў аказаліся пад пагрозай. Па выніках парламенцкіх выбараў ні адна з палітычных сіл не змагла сабе забяспечыць упэўненую большасць, якая дазволіла б без праблем сфарміраваць новы ўрад. Чым абернецца «правы паварот» на Апенінах?


Трэцяя рэспубліка

Парламенцкія выбары прайшлі па новай сістэме, якую дэпутаты зацвердзілі восенню мінулага года. Паводле новага закона, трэць складу абедзвюх палат абіралася ў аднамандатных акругах, дзве трэці — прапарцыянальна агульнанацыянальнаму выніку той ці іншай партыі. Дагэтуль у краіне дзесяць гадоў дзейнічаў выбарчы закон, які заахвочваў стварэнне кааліцый. Па ім большасць у 54 % аўтаматычна атрымлівала кааліцыя партый, якая набрала большасць. Дзякуючы такой сістэме левацэнтрыстам у 2013 годзе ўдалося сфарміраваць урад, атрымаўшы па факце толькі 29 % галасоў.

Няма ніякага сакрэту ў тым, што, праціскаючы мінулай восенню праз парламент закон пад назвай Rosatellum, які прадугледжвае складаную змешаную выбарчую сістэму, сваю галоўнаю задачу яго аўтары бачылі ў тым, каб не дапусціць да ўлады несістэмную апазіцыю ў асобе «Руху 5 зорак» (Р5З). Дамагчыся гэтага можна было толькі адным спосабам — стварыць такія ўмовы, пры якіх ні адна палітычная сіла краіны не змагла б атрымаць пераканаўчую перамогу на выбарах. «У гэтым сэнсе Rosatellum спрацаваў на 100 %. У цяперашняй сітуацыі няма ніводнай партыі ці кааліцыі, якая магла б у адзіночку сфарміраваць урад», — адзначыў у размове з РІА «Навіны» вядомы палітолаг Джэрмана Даторэ, які працуе на кафедры стратэгічных даследаванняў Рымскага ўніверсітэта LUІSS.

Левацэнтрысцкі блок, куды ўваходзяць пяць агульнанацыянальных партый плюс рэгіянальны спіс з Вале д'Аоста, атрымаў на галасаванні ў ніжнюю палату парламента 22,9 % галасоў. Дэмакратычная партыя — цэнтральная сіла ў блоку, — якая ў 2013 годзе з партнёрамі сфарміравала ўрад, набрала толькі 18,7 % галасоў. Лідар дэмакратаў і экс-прэм'ер Матэа Рэнца ўжо абвясціў аб сваім сыходзе з пасады кіраўніка партыі, перадае агенцтва ANSA. Нашмат больш галасоў сабралі папулісты з «Пяці зорак» — 32,6 % (на выбарах 2013 года рух атрымаў 25,6 %). Сапраўдным трыумфатарам сакавіцкіх выбараў стала правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзіць чатыры партыі. Яна набрала ў цэлым 37 %: асноўную долю галасоў атрымалі нацыяналісты з «Лігі» Матэа Сальвіні (17,5 %) і партыя экс-прэм'ера Сільвіа Берлусконі «Наперад, Італія» (14 %). На галасаванні 2013 года правацэнтрысты разам атрымалі 29,2 % галасоў, а «Ліга» — толькі 4,1 %.

Падобная сітуацыя склалася і на выбарах у сенат, верхнюю палату парламента, якія прайшлі адначасова з абраннем дэпутатаў. У верхняй палаце правацэнтрысты атрымалі 37,5 % галасоў, «Пяць зорак» набрала 32,2 %, а левацэнтрысты — 23 %.

У канцы 2014 года была створана «сястрынская» партыя «Лігі Поўначы» пад назвай «Мы разам з Сальвіні» адмыслова для паўднёвых рэгіёнаў краіны. На выбарах 2018 года яна ішла па адзіным спісе «Лігі». Але на поўдні «Лізе» так і не ўдалося заручыцца падтрымкай: у кожнай з паўднёвых абласцей яна атрымала па 5-6 % галасоў, а ў Неапалі і ваколіцах — усяго 2,9 %. Лідарам на поўдні стаў рух «Пяць зорак», які набраў у рэгіёнах на поўдзень ад Рыма звыш 40 % галасоў, а ў Неапалі — 54 %. Дэмпартыя прыйшла першай ва ўсіх буйных гарадах Цэнтральнай і Паўночнай Італіі, акрамя Венецыі, Генуі і Рыма, дзе перамог рух «Пяць зорак», і Вероны, дзе большасць галасоў атрымала «Ліга». «Гэта постідэалагічны вынік, які выходзіць за рамкі традыцыйнай схемы «правыя-левыя». Сёння нараджаецца Трэцяя рэспубліка, і яна стане рэспублікай італьянскіх грамадзян», — абвясціў Джэрмана Даторэ.

Удалы рэбрэндынг

Лідар «Лігі» 44-гадовы Матэа Сальвіні выступіў з пераможнай прамовай, назваўшы свой рух «лідарам правацэнтрысцкай кааліцыі», якая «мае поўнае права і абавязак кіраваць краінай». Кажуць, што пасля гэтага ён адправіўся на вілу Берлусконі ў Аркоры, дзе, мяркуючы па ўсім, абяцаў аслабленаму саюзніку выканаць раней узятыя на сябе абавязацельствы. Сальвіні ўзначаліў партыю ў 2013 годзе, пры ім яна прайшла відавочны рэбрэндынг: не толькі змяніла назву з «Лігі Поўначы» на проста «Лігу», але і адышла ад крайніх нацыяналістычных пазіцый. Да нядаўняга часу партыя выступала за аддзяленне эканамічна развітой поўначы Італіі ад астатняй краіны, але ў ходзе цяперашняй кампаніі адмовілася ад заклікаў да сепаратызму, ператварыўшыся ў антыімігранцкую, правапапулісцкую партыю еўраскептыкаў. «Ліга» падчас перадвыбарнай кампаніі абяцала дэпартаваць усіх нелегальных мігрантаў і ўзмацніць памежны кантроль. Партыя таксама выступае за адмову ад выкарыстання еўра і за выхад з ЕС, калі Еўрасаюз не зменіць сваю палітыку ў дачыненні да Італіі. Зараз, на думку Сальвіні, ЕС не ўлічвае інтарэсы краіны.

Згодна з перадвыбарнымі апытаннямі, партыя 81-гадовага Берлусконі «Наперад, Італія» павінна была абысці «Лігу». Але ў выніку яна саступіла ёй амаль 4 %, або больш за 1 млн галасоў. Лідарства «Лігі» ў кааліцыі з партыяй «Наперад, Італія» не было вялікай нечаканасцю, сказала РБК супрацоўнік кафедры інтэграцыйных працэсаў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Алена Маслава. З прыходам Сальвіні ў 2013 годзе на пасаду генеральнага сакратара правацэнтрысцкая партыя пачала набіраць папулярнасць. Зараз яе падтрымлівае не толькі традыцыйны электарат з паўночных раёнаў Італіі, але і цэнтр краіны, кажа эксперт.

Мінулыя выбары сталі гістарычнай падзеяй, заявіў на канферэнцыі клуба «Валдай» прафесар Інстытута грамадскіх навук Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы Джавані Савіна. Дэмпартыя выступіла нечакана няўдала, рух «Пяць зорак» паказаў вынік лепшы, чым абяцаны сацыёлагамі, а «Ліга» хоць і дабілася высокіх лічбаў, не змагла зацвердзіць сябе як агульнанацыянальная партыя, набраўшы на поўдні нязначны працэнт галасоў, растлумачыў Савіна.

Трэнд на кааліцыі

Італія з'яўляецца парламенцкай рэспублікай, і для фарміравання ўрада партыі ці кааліцыі партый патрэбна падтрымка не менш як паловы дэпутатаў парламента. Аднак паколькі ні адна з партый, якія прайшлі ў парламент, не зойме больш за палову месцаў, прыйдзецца дамаўляцца аб стварэнні кааліцыі. Ёсць тры варыянты развіцця падзей, прагназаваў РБК навуковы кіраўнік Еўрапейскага інстытута МДІМА Алег Барабанаў: альбо стварэнне шырокай кааліцыі правага і левага блокаў, альбо «скупка» падтрымкі дэпутатаў ад малых партый, альбо перавыбары, калі кааліцыя не будзе створана. Па словах Сальвіні, ён гатовы да дыялогу з усімі рухамі, але выступае супраць шырокай кааліцыі. У сваёй прамове 5 сакавіка ён заявіў пра сябе як пра патэнцыйнага прэм'ера.

Намер узначаліць урад ёсць і ў «Пяці зорак». Лідар руху 31-гадовы Луіджы Дзі Маё пасля выбараў заявіў, што адкрыты да дыялогу з усімі партыямі аб стварэнні кааліцыі. Паколькі ні адна з дзвюх кааліцый не набірае большасці, «Пяць зорак», па словах Дзі Маё, «сур'ёзна ўспрымае сваю палітычную адказнасць» пры стварэнні кабінета. На мінулых выбарах рух, прыйшоўшы першым з 25,6 % галасоў, адмовіўся ад фарміравання кааліцый з кім бы там ні было і не ўвайшоў ва ўрад.

Зараз магчымым зыходам перамоўнага працэсу, нягледзячы на праграмныя адрозненні, можа стаць пазаблокавая кааліцыя папулістаў з «Лігі» і «Пяці зорак», якія разам набіраюць каля 50 % галасоў, расказала на канферэнцыі клуба «Валдай» дырэктар рымскага Інстытута міжнародных адносін Наталі Точы. Магчымы ўрад папулістаў і нацыяналістаў будзе вельмі непрыемным сюрпрызам для Бруселя, але некіраванай Італія не стане, запэўніваюць эксперты выдання Fіnancіal Tіmes. Галоўны слуп палітычнай стабільнасці ў рэспубліцы — інстытут прэзідэнта. «Апошнія 19 гадоў гэтую пасаду займаюць вопытныя палітыкі з найвышэйшым аўтарытэтам», адзначыла FT. Цяперашні прэзідэнт Серджа Матарэла, сцвярджаюць эксперты выдання, здольны правесці краіну праз паслявыбарную нестабільнасць. Як піша агенцтва Reuters, першае пасяджэнне новага парламента адкрыецца 23 сакавіка. На працягу двух дзён усе дэпутаты і сенатары павінны будуць афіцыйна аб'явіць аб тым, да якой партыйнай групы яны належаць. Першай рэальнай задачай, якую трэба будзе вырашыць парламентарыям новага склікання, будзе абранне кіраўнікоў абедзвюх палат. Гэты інстытуцыянальны акт мае ў Італіі зусім не фармальнае значэнне, паколькі менавіта старшыням Палаты дэпутатаў і Сената Рэспублікі ў адпаведнасці з канстытуцыяй трэба адыграваць вельмі прыкметную ролю ў хітраспляценнях італьянскай палітыкі. А кіраўнік Сената, з'яўляючыся другой асобай у дзяржаўнай іерархіі, і зусім можа выконваць функцыі кіраўніка дзяржавы, калі прэзідэнт не ў стане гэтага рабіць. Абранне старшыняў палат у цяперашняй сітуацыі стане тым больш важным, што яно дасць пэўнае ўяўленне пра тое, якога тыпу большасць маецца на ўвазе стварыць у парламенце. І вось калі кіраўнікі абедзвюх палат будуць абраныя і пачнуць выкананне сваіх абавязкаў, яны будуць запрошаны ў Квірынальскі палац да прэзідэнта, дзе такім чынам пачнуцца фармальныя кансультацыі па фарміраванні новага ўрада. Па выніках сустрэч з усімі лідарамі парламенцкіх фракцый кіраўнік дзяржавы павінен будзе прыняць рашэнне аб тым, каму даручыць стварэнне новага Савета міністраў Італіі.

Трэба прызнаць, што задача прэзідэнта рэспублікі на гэты раз сапраўды няпростая. Як дакладна паказваў напярэдадні выбараў вядомы журналіст экс-сенатар Антоніа Паліта, «італьянцам прыйдзецца звярнуцца да алгебраічных формул, каб расшыфраваць вынік выбараў 4 сакавіка і знайсці рашэнне загадкі аб фарміраванні ўрада». Натуральна, мясцовыя палітыкі ўжо ў дзень абвяшчэння папярэдніх вынікаў выбараў пачалі ламаць галаву над рашэннем гэтай задачы. Пачаліся інтэнсіўныя палітычныя кансультацыі, вынікам якіх павінны стаць прапановы, якія і лягуць на стол прэзідэнта. Менавіта кіраўнік дзяржавы стане апошняй інстанцыяй у вырашэнні італьянскага палітычнага рэбуса.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Пярэпалах на Апенінах

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!