Вы тут

Якія новыя помнікі з'яўляюцца ў Мінску?


Звычайна помнікі ўспрымаюцца як неад'емная частка горада, здаецца, што яны былі заўсёды і застануцца на сваіх месцах таксама навечна. Такі настрой дыктуе сама іх назва. Тым не менш на карце беларускай сталіцы перыядычна з'яўляюцца новыя маўклівыя сведкі часу. Прычым нярэдка — гэта прывітанне праз флёр стагоддзяў. Такое жыццё: часта, каб ацаніць чыйсьці ўклад у развіццё цэлага народа, прычым як станоўчы, так і негатыўны, павінна змяніцца не адно пакаленне...


«Ідылія ў рэстаране»

Помнік, пра які пойдзе гаворка, «прапісаўся» ў Мінску менш за два гады таму, тым не менш без хоць бы збеглай яго згадкі не абыходзіцца ўжо ні адна экскурсія па цэнтры. Турысты жартуюць, што яго другой назвай можа стаць «У рэстаране». Нібыта паміж двума мужчынамі адбываецца такі дыялог: «Гэта рахунак?» — «Я гэта не еў!» Не варта ўспрымаць падобныя заўвагі як абразу, большасць гарадскіх аб'ектаў вядуць «двайное» жыццё: афіцыйнае і тое, якое складаецца з чутак і легендаў. Вы ўжо здагадаліся, што за помнік маецца на ўвазе? Яшчэ адна падказка — ён быў адкрыты ў Дзень горада ў 2016 годзе. У Верхнім горадзе. Хаваць праўду больш не мае сэнсу — гэта помнік Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, а заадно і створанай імі сумесна оперы «Сялянка». Між іншым, першай беларускай оперы. Але ў той час гэта не толькі не праславіла аўтараў, але наклікала на іх пэўныя праблемы.

Месца для помніка, дарэчы, выбрана было невыпадкова. Усяго за сотню метраў ад яго некаторы час жыла сям'я Манюшкі.

Сам Станіслаў нарадзіўся ў маёнтку Убель пад Мінскам. Ён быў адзіным дзіцем у бацькоў, слабым і хваравітым, але ў той жа час вытанчаным і захопленым мастацтвам. Адбівалася добрае паходжанне: ягоны дзед па матчынай лініі быў заснавальнікам вытворчасці слуцкіх паясоў. Бацькі бачылі ў сыне будучага прафесійнага музыку, таму адправілі яго вучыцца ў Варшаву. Аднак паўстанне 1830—1831 гадоў унесла карэктывы ў іх планы: сродкаў, каб аплачваць дарагую вучобу, не хапала, а сама сям'я вымушана была пераехаць у Мінск. Пасяліліся яны ў доме на рагу цяперашніх вуліц Энгельса і Інтэрнацыянальнай, дзе зараз знаходзіцца французская пякарня.

Станіслаў вучыўся ў гімназіі, якая размяшчалася ў будынку былога базыльянскага кляштара. Ён вельмі любіў музыку ў прынцыпе, але яго сапраўдным захапленнем быў арган. Балазе, паслухаць арганную музыку можна было зноў жа за некалькі крокаў ад дома — у Дамініканскім манастыры, які знаходзіўся на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. Арган славіўся на ўвесь горад, і малады чалавек быў настолькі пакораны яго чароўнымі гукамі, што вырашыў сам стаць арганістам. У канцы 1850-х, доўгі час пажыўшы ў Вільні і Пецярбургу, ён усё ж такі пераязджае ў Варшаву, дзе працуе прафесарам музыкі. Ён быў вельмі любімы ўсімі, пачынаючы ад гледачоў на канцэртах і заканчваючы сваімі студэнтамі. Як любы творчы чалавек, ён меў тонкую душэўную арганізацыю. У рэшце рэшт ён пасварыўся з дырэктарам акадэміі да такой ступені, што памёр ад разрыву сэрца. Ці так гэта было на самай справе, сцвярджаць сёння складана, але на заметку ўзяць варта: сябе трэба берагчы. Вяртаючыся да тэмы: калі кампазітара хавалі, развітацца з майстрам прыйшло 100 тысяч чалавек. Пасля сябе ён пакінуў вялікія даўгі, але і вялікую спадчыну — уся беларуская і польская опера пачалася з яго.

Што датычыцца Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, то гэта першы драматург, які пісаў на беларускай мове, пра беларусаў і для іх. У оперы «Сялянка» (або «Ідылія») галоўнымі дзейнымі асобамі былі сяляне. Не дзіўна, што ўжо на наступны дзень пасля прэм'еры царскі ўрад гэтую пастаноўку забараніў. 1852 год — час зусім не спакойны. Затое цяпер і ставіць оперу, і казаць пра яе, і нават прысвячаць ёй помнікі можна смела. О справядлівы трыумф часу!

Гарадская мелодыя: свіст гарадавога

Наступны помнік, пра які пойдзе гаворка, не прысвечаны канкрэтнай гістарычнай асобе. Гэта сімвал прафесіі і самога адчування абароненасці. Дарэчы, ён з'явіўся ў горадзе яшчэ пазней — у мінулым сакавіку. А вось размешчаны помнік у адной з самых старых частак горада — на Гарадскім Вале. Між іншым, вуліцу ўпрыгожвае нямала будынкаў, якія праектавалі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Для Мінска з яго складанай гісторыяй захаваць іх — ужо вялікая ўдача. Сярод іх, напрыклад, пажарная часць, чый фасад з чырвонай цэглы стаў негалоснай візітнай карткай Мінска, а яшчэ будынкі МУС і Музея міліцыі. Вось мы і дайшлі да сутнасці: сам помнік таксама звязаны з працай праваахоўных органаў. Яго адкрылі летась напярэдадні святкавання 100-гадовага юбілею беларускай міліцыі. Скульптура адлюстроўвае гарадавога разам з сабачкам — сімвал спакою і парадку, якія пануюць у горадзе.

Самі гарадавыя з'явіліся ў царскай Расіі, а адпаведна і ў Беларусі, якая ўваходзіла тады ў яе склад, у 1860-я гады. Функцыі, якія яны выконвалі, можна параўнаць з абавязкамі патрульна-паставой службы. Праўда, вуліцы яны не патрулявалі, а знаходзіліся ў межах строга адведзенага месца.

Гэта лёгка растлумачыць: у часы адсутнасці рацый і мабільных тэлефонаў (пагадзіцеся, зараз такое ўжо досыць складана ўявіць) гарадавыя павінны былі знаходзіцца ў межах бачнасці адзін аднаго, каб у выпадку неабходнасці прыйсці на дапамогу. Цікавы факт, што на кожным пасту працавала пазменна па трое гарадавых, а вось адзін начальнік прыходзіўся чамусьці на чатырох чалавек. Да канца ХІХ стагоддзя быў прыняты закон, што ў гарадах з насельніцтвам больш за дзве тысячы чалавек павінна прыходзіцца не больш аднаго гарадавога на кожныя 500 чалавек. Згодна з перапісам 1897 года, у Мінску пражывала 91 тысяча чалавек, а значыць, горад мог дазволіць сабе наняць каля 180 паліцэйскіх гэтага чыну.

Пазнаць гарадавога можна было не толькі па форме — яе можна падрабязна разгледзець на помніку, — але і па свістку, які быў яго абавязковым атрыбутам.

Шматзначнае кола

Адзін з самых «свежых» помнікаў урачыста адкрылі ў Мінску ў гэтым верасні. Ён не прысвечаны ні знакамітым асобам, ні прафесіям. Яго маштабы куды шырэйшыя. На абноўленай набярэжнай Свіслачы з'явіўся найстаражытнейшы салярны сімвал, а дакладней — кола. Чаму можа быць прысвечана такая скульптура? На самай справе — чаму пажадаеце: сонечнай энергіі, руху, жыццёваму цыклу, высакароднасці і нават самому часу. Колу менавіта з васьмю спіцамі часцей за ўсё прыпісваюць значэнне адраджэння і абнаўлення. У нашым выпадку гэтая скульптурная кампазіцыя сімвалізуе згуртаванне беларусаў усяго свету. Дарэчы, месца для яе ўстаноўкі было выбрана зусім невыпадкова. Тут знаходзілася старажытнае мінскае гарадзішча, навукоўцам нават удалося знайсці кола, узрост якога склаў каля тысячы гадоў.

На дадзены момант беларуская дыяспара па ўсім свеце налічвае каля трох мільёнаў чалавек, а гэта ў паўтара раза больш за насельніцтва Мінска. Першыя перадумовы для міграцыі беларусаў склаліся яшчэ ў ХV—ХVІ стагоддзях. Тады шляхта з беларускіх земляў ехала ў Еўропу дзеля вучобы ва ўніверсітэтах. Большасць вярталася, але некаторыя жылі там дзесяцігоддзямі або нават заставаліся назаўсёды. Успомнім таго ж Ілью Капіевіча, які доўга жыў у Амстэрдаме, або Сцяпана Аскерку, які з'ехаў у Прусію.

У часы царскай Расіі прычыны пакінуць краіну былі крыху іншымі, адна з іх — нязгода з тагачасным рэжымам. Але, зноў жа, міграцыю тады нельга было назваць масавай. Справа ў тым, што нярэдка такой магчымасцю карысталіся выдатныя асобы, таму тэма і была на слыху. Памятаеце гісторыю Тадэвуша Касцюшкі ці Івана Дамейкі?

Масавы характар міграцыя набыла ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Мінск, буйны горад, яна закранула не так моцна, як навакольныя вёскі. Людзі беглі з краіны з-за беззямелля і адсутнасці сродкаў для існавання. Цяпер бы мы назвалі гэта «амерыканскай марай», а тады гэта было проста спробай пракарміць сям'ю. Эмігравалі ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Заходняй Еўропы, вялікая частка беларусаў, каля 700 тысяч, адправілася асвойваць новыя землі ў Сібіры. Што было далей, усім добра вядома: войны, рэвалюцыі, рэпрэсіі — усе гэтыя падзеі прымушалі людзей пакідаць любімыя прасторы ў пошуках бяспекі.

«Ідэалогія» сучаснай моладзі актыўна накіравана на касмапалітызм. Падарожнічайце, жывіце ў іншых краінах, але памятайце, хто вы ёсць і што вы заўсёды можаце вярнуцца. Вярнуцца, каб прагуляцца па знаёмых з ранняга дзяцінства ці юнацтва ўтульных вулачках беларускай сталіцы. Можа быць, па дарозе вы прыкмеціце яшчэ некалькі новых цікавых кампазіцый...

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Вас тут не стаяла

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.