Вы тут

Што цікавага рыхтуюць тэатры Беларусі


Гэтая падборка навін тэатра, магчыма, і не пакажа, наколькі розным можа быць тэатральнае відовішча, але некалькі яго экзэмпляраў дакладна прадэманструе. І калі брадвейская эстэтыка мае доўгую гісторыю, дакументальны тэатр яшчэ так-сяк трапляе ў сферу эксперымента, то пачнём мы з самай што ні ёсць для нашай тэрыторыі навінкі.


1. У Беларусі ўпершыню на тэрыторыі СНД — прынамсі, так кажуць піяршчыкі — будзе пастаўлены атмасферны спектакль для дзяцей. Гэта значыць, што гледачы з завязанымі вачыма будуць спасцігаць пастаноўку праз слых, нюх і дотык, то-бок аўдыторыя аўтаматычна пашырыцца і ўключыць у сябе невідушчых і людзей з праблемамі са зрокам, што не маюць магчымасці паўнавартасна ўспрымаць традыцыйныя тэатральныя імпрэзы. Першым такім спектаклем, а магчыма, не апошнім, стане «Снежная каралева» па п'есе Рагіма Мусаева па матывах казкі Ханса Крысціяна Андэрсана — яе паставіць калектыў «Цім тэатр» з Гомеля пры генеральнай падтрымцы кампаніі velcom.

Прадставіць будучы спектакль публіцы плануецца ў пачатку красавіка, і можна прадказаць яму высокую папулярнасць хоць бы з-за відавочнай выключанасці некаторых груп людзей з культурнага кантэксту краіны. Успамінаецца, якую ўвагу на кінафестывалі «Лістапад» прыцягнуў фільм Міраслава Слабашпіцкага «Племя», нягледзячы на сваю спецыфіку незабаўляльнага кіно. Героі ў ім камунікавалі выключна на мове жэстаў, а значыць, глуханямыя маглі зразумець і ўспрыняць карціну ад пачатку да канца, таму і білеты на фільм, які ў выніку большасць гледачоў хацела б паспяхова забыць, было не купіць.

Будучым гледачам «Снежнай каралевы», асабліва тым, хто ведае і любіць тэатр, давядзецца перажыць новыя ўражанні і задзейнічаць сваю фантазію, чаму апроч вядомага сюжэта будуць спрыяць гукавыя эфекты, вентыляцыя, пахі і іншае.


«Antі[gone]».

2. Яшчэ адзін нетрадыцыйны тэатральны праект — дакументальны спектакль «Antі[gone]» па матывах трагедыі Сафокла «Антыгона», які ўжо прагучаў у беларускай тэатральнай прасторы, — можна будзе ўбачыць у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура 12 красавіка. Яго паставіў рэжысёр і акцёр, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка пры падтрымцы «АРТ карпарэйшн». Тут сабраны рэальныя людзі са сваімі асабістымі гісторыямі, якія на адной сцэне суседнічаюць з тэатральнай старажытнагрэчаскай Антыгонай. Са сваім прыватным выступяць маркетолаг, юрыстка, сацыёлаг, кіраўнік PR-агенцва, журналістка, выдавец, прадзюсар, спартсменка, палітолаг і актывіст.

Прэм'ера спектакля «Antі[gone]» адбылася 12 чэрвеня 2017 года, ён таксама паказваўся ў беларускай праграме мінулага фестывалю «ТЭАРТ». Варта адзначыць месца — у музеі-майстэрні Заіра Азгура дзейных асоб дакументальнай пастаноўкі будуць атачаць вобразы, бюсты, выявы савецкіх лідараў, што дадасць і відовішчнасці, і дадатковых сэнсаў.

Білеты на «Antі[gone]» ўжо ў продажы.


«Тэ­ры­то­рыя мю­зік­ла».

3. 12 сакавіка споўнілася пяць гадоў «Тэрыторыі мюзікла» — прыватнай тэатральнай кампаніі, якая працуе ў «брадвейскім» кірунку і развівае ў нашай прасторы жанр мюзікла. Тэатр быў створаны дзякуючы супрацоўніцтву беларускіх пастаноўшчыкаў і народнага артыста Расіі кампазітара Генадзя Гладкова, якое і раней мела месца на беларускай сцэне, а ў выніку склалася ў асобную фармацыю са сваімі задачамі і канцэпцыяй.

Пачаткам існавання «Тэрыторыі мюзікла» лічыцца творчы вечар Генадзя Гладкова «Формула любві» на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, якому папярэднічалі мюзіклы «Прыгоды брэменскіх музыкантаў», «12 крэслаў» і «Звычайны цуд» у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музыкальным тэатры.

Сёння «Тэрыторыя мюзікла» носіць імя кампазітара і афіцыйна з ім супрацоўнічае, але кажуць, што, нават маючы свайго асноўнага аўтара, калектыў карыстаецца поўнай творчай свабодай у працы над рэпертуарам, а кіраўнікі тэатра Настасся Грыненка і Дзмітрый Якубовіч з'яўляюцца адзінымі ў Беларусі, хто стварае буйныя праекты ў кантэксце брадвейскай музыкальнай культуры.

Калектыў налічвае больш за пяцьдзясят супрацоўнікаў, хоць у пачатку існавання «Тэрыторыі мюзікла» іх было каля дваццаці, і на найбліжэйшы час рыхтуе дзве прэм'еры. 28 сакавіка на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў будзе прадстаўлены рок-мюзікл у дзвюх дзеях «Недалёка ад нормы», а ў чэрвені — новая версія мюзікла Генадзя Гладкова «Звычайны цуд».

Што важна, адной са сваіх задач «Тэрыторыя мюзікла» лічыць пошук перспектыўных беларускіх аўтараў, што можна разумець як курс на раскрыццё талентаў у беларускім Брадвеі.

Загаловак у газеце: Атмасферны спектакль, «Антыгона» і Брадвей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».