Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў вайсковую часць 5448 у Мінску


Напярэдадні 100-годдзя з дня стварэння ўнутраных войскаў МУС Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў вайсковую часць 5448 у Мінску. Кіраўнік дзяржавы вырашыў паглядзець, як арганізаваны побыт маладых байцоў, у якіх умовах ім даводзіцца служыць. Каб пераканацца ў тым, што сапраўды ўсё добра, беларускі лідар пайшоў не па запланаваным маршруце. Таму наведаў не толькі казарму, але і амаль усе памяшканні часці. Нават сталовую, дзе пакаштаваў, чым харчуюцца байцы — і застаўся цалкам задаволены.


Прэзідэнт асобна адзначыў, што роля ўнутраных войскаў нават у мірны час — вялікая і супакойваючая. «Я гэта вельмі цаню, часта аб гэтым гавару і заўсёды настойваю на тым, каб ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў неслі службу, асабліва ў гарадах, у Мінску, дзе розных людзей хапае. І яшчэ важна: калі вы ідзяце па вуліцы і бачыце патруль, то сябе ўпэўнена і спакойна адчуваеце. Асабліва бацькі з маленькімі дзецьмі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта войскі, якія ў мірны час выконваюць функцыі па навядзенні ўнутранага парадку ў краіне, якія знаходзяцца практычна ў пастаяннай баявой гатоўнасці, як пагранічныя, напрыклад. «Гэта вельмі пачэсная служба, — лічыць беларускі лідар. — Бацькі хочуць, каб сыны тут служылі, хоць ужо і дзяўчаты служаць. Яны сёння разам з міліцыяй забяспечваюць унутраную бяспеку нашай дзяржавы. Гэта яны наводзяць парадак, дапамагаюць і ўчастковым міліцыянерам, і следчым паставіць на месца злачынцаў».

Падчас наведвання вайсковай часці Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў, якія датычыліся і іншых тэм. Так, кажучы пра асаблівасці сёлетняй пасяўной кампаніі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што залогам яе поспеху стане арганізаванасць і дысцыпліна, бо «ўсе астатнія пытанні вырашаны». Калі глеба будзе гатовая, варта пачынаць сеяць, рабіць гэта арганізавана. Увогуле на цяперашнім этапе пасяўная — гэта ўжо не тая кампанія, якая выклікае цяжкасці, як было раней. «Тады была патрэбная большая мабілізацыя людзей, не заўсёды хапала тэхнікі, угнаенняў, насення, грошай і гэтак далей. Сёння гэта ўсё ёсць. І той, хто своечасова думае аб пасяўной кампаніі, пасее нармальна», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Асобна беларускі лідар звярнуўся да тэмы перамог нашых параалімпійцаў, якія заваявалі ў Пхёнчхане ўжо дзесяць медалёў. Па яго словах, яны робяць цуды. Прытым кіраўнік дзяржавы даўно знаёмы з беларускімі параалімпійцамі, а з некаторымі сустракаўся не раз. «Яны, даказваючы, што такія ж, як і мы, здзяйсняюць подзвігі», — кажа Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт прызнаўся, што глядзіць трансляцыі з Параалімпіяды, калі ёсць магчымасць, а калі не — пераглядае запісы спаборніцтваў. «Я проста ўлюбіўся ў гэтых людзей. Гэта мужныя людзі, як яны змагаюцца! Калі б нашы спартсмены «без абмежаванняў» так выступалі, у нас было б па 30—40 медалёў», — выказаў думку кіраўнік дзяржавы.

«Скажаш ім (беларускім пераможцам-параалімпійцам. — «Зв».) «дзякуй», а яны ў два разы лепш выступаюць. Вось такія людзі... Я шчаслівы, што мне ўдалося нарэшце акунуцца ў спаборніцкі рэжым гэтых людзей і сапраўды ацаніць іх па заслугах. Яны такія малайцы! — адзначыў Прэзідэнт. — Шчыра кажучы, чакаю, калі яны вернуцца ў краіну, каб ім падзякаваць, адпаведна ўзнагародзіць і заплаціць за іх неймаверную працу. Яны не проста героі — дзесяць медалёў! Гэта незвычайныя людзі».

Такой вытрымкі і мужнасці, як у іх, не хапае ўсім беларускім атлетам, лічыць беларускі лідар. Параалімпійцы не скардзяцца, што ім зашмат гадоў — трыццаць або пад сорак, а бяруць вінтоўку — і страляюць трапна, бяруць палкі ў рукі — і перамагаюць. «Цудоўная каманда, якая нечакана для мяне так выдатна выступае», — па заслугах ацаніў спартсменаў Аляксандр Лукашэнка.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не чакаць пагрозу, а прадухіляць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».