18 Верасень, аўторак

Вы тут

Уладзімір Андрэйчанка — пра заканатворчасць і адказнасць парламента


Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі даў эксклюзіўнае інтэрв'ю «Звяздзе». Уладзімір Андрэйчанка — пра заканатворчасць, вясновую сесію і адказнасць парламента.


На пульсе праблем

— Адзін знакаміты чалавек некалі сказаў, што законы павінны адпавядаць уласцівасцям народа, толькі тады яны і працуюць. Уладзімір Паўлавіч, якім уласцівасцям беларускага народа, на вашу думку, адпавядае наша заканадаўства?

— Па галоўнай сутнасці, я назваў бы імкненне да мірнага, спакойнага, годнага жыцця на роднай зямлі, сваім розумам і са свайго мазаля, з апорай на нацыянальныя традыцыі і гістарычны вопыт, уменне ладзіць з людзьмі розных нацыянальнасцяў, праявіць добрую волю, дамаўляцца. Яшчэ адзначу рашучае непрыманне агрэсіі, насілля, любых беспарадкаў, дыскрэдытацыі дзяржавы і ўсяго, што наносіць ёй шкоду, здольнасць да разумных рашэнняў у складаных сітуацыях. Усё гэта адлюстроўвае нашы грамадскія каштоўнасці, факусіруецца ў дзяржаўнай палітыцы і знаходзіць увасабленне ў заканадаўчай базе, дзякуючы чаму Беларусь за няпросты час суверэнітэту і незалежнасці не адкацілася назад у развіцці, а на такім трывалым фундаменце паслядоўна рухаецца наперад. Дзейнасць Палаты прадстаўнікоў падпарадкавана менавіта гэтаму.

— У сваіх каментарыях да заканатворчай работы парламента вы акцэнтуеце яе накіраванасць на прыняцце ўсебакова прапрацаваных, якасных і своечасовых рашэнняў. Аднак наколькі магчыма забяспечыць своечасовасць, калі ад распрацоўкі законапраекта і да яго прыняцця Палатай прадстаўнікоў праходзіць звычайна даволі працяглы час?

— Проста трэба працаваць на апераджэнне.

— У якім напрамку?

— Адчуваючы пульс праблем, у цесным супрацоўніцтве з іншымі дзяржаўнымі органамі, спецыялістамі-практыкамі, экспертамі і грамадскасцю добра прагназаваць тэндэнцыі ў розных сферах грамадскага жыцця, асабліва ў эканоміцы, соцыуме, забеспячэнні нацыянальнай і грамадскай бяспекі, і прымаць адэкватныя рашэнні. Праца скажу вам, клопатная, комплексная, разнастайная па форме, але вынік яе вельмі значны для таго, каб прававыя механізмы развіваліся ў адпаведнасці з задачамі і мэтамі, якія стаяць перад нашай краінай.

Праз шырокі дыялог

— Заўважана, што ў цяперашнім дэпутацкім скліканні Палаты прадстаўнікоў праводзіцца больш, чым раней, круглых сталоў, семінараў, выязных пасяджэнняў пастаянных камісій і іншых мерапрыемстваў.

— Гэта робіцца ў кантэксце таго, пра што я сказаў. Пры распрацоўцы і ўзаконьванні нормаў права мы абавязкова абапіраемся на грамадскую думку і экспертнае асяроддзе, бо чым эфектыўней працуюць парламентарыі, тым лепш для дзяржаўнай палітыкі. Хачу падкрэсліць, што для нас важна не толькі ведаць, як у грамадстве рэагуюць на законы і новыя заканадаўчыя ініцыятывы шырокага гучання, але і самім аператыўна інфармаваць людзей аб рабоце Палаты прадстаўнікоў. Прычым грамадскую думку на законы і нашы парламенцкія акцыі мы хочам ведаць пастаянна, у рэжыме анлайн. Таму актыўна развіваем механізм кансультацый з грамадскасцю і сур'ёзны прафесіянальны дыялог. Прыгаданыя вамі і іншыя мерапрыемствы дапамагаюць вызначыць прабелы ў нарматыўна-прававой базе, зняць супярэчнасці, пазбавіцца ад празмернай зарэгуляванасці некаторых пытанняў і знаходзіць такія заканадаўчыя рашэнні, якія адпавядаюць інтарэсам грамадства і дзяржавы.

— Парламент — гэта пляцоўка для дыскусій ці для дыялогу? Як вы мяркуеце?

— Я лічу, што парламент — гэта шырокі дыялог, сур'ёзная аналітыка, ініцыятыва і ўзважаныя рашэнні. Дыялог без дыскусій не абыходзіцца, бо як дэпутаты, так і эксперты па шэрагу пытанняў маюць розныя пункты гледжання. Але дыскусіі абавязкова павінны быць канкрэтныя, а не абстрактныя, і завяршацца прыняццем рашэння, каб яны не былі пустым марнаваннем часу. Прынятыя Палатай прадстаўнікоў базавыя законы з'яўляюцца, як правіла, вынікам прадметных дыскусій, кампрамісу і пошуку збалансаваных рашэнняў усімі ўдзельнікамі заканатворчага працэсу. Нам вельмі дапамагае ўдасканальваць нашу заканатворчую дзейнасць зваротная сувязь з выбарчымі акругамі, дзе ў многім фарміруецца пазіцыя дэпутатаў па прававых навацыях.

— Скажыце па сваім багатым дэпутацкім вопыце, з рэгіянальнага, так сказаць, пункту гледжання, што абавязкова павінна быць у законах?

— Дакладнасць, яснасць і рэалістычнасць прававых мер. Гэта правіла нашай заканатворчай работы.

У рэчышчы ключавых задач

— Уладзімір Паўлавіч, не за гарамі вясновая сесія парламента. Напэўна, давядзецца замяніць цэлыя заканадаўчыя пласты ў кантэксце дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы аб развіцці прадпрымальніцтва, лічбавай эканомікі і працаўладкаванні?

— Мы павінны так удасканальваць заканадаўства эканамічнага характару, каб выйсці на сістэмныя рашэнні ў рэчышчы ключавых задач росту эканомікі. Так што наперадзе ў нас вельмі напружаная работа. Самае галоўнае, каб яна спрыяла рэальным дынамічным зрухам ва ўсім эканамічным вымярэнні грамадскіх працэсаў. У прыкладнай праграме чацвёртай сесіі — абмеркаванне Дэкрэта Прэзідэнта № 1 і Дэкрэта № 8, пытанні дзяржаўна-прыватнага партнёрства, дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг), транспартна-экспедыцыйнай і дарожнай дзейнасці, пітнога водазабеспячэння, рэгулявання жыллёвых адносін, папраўкі ў Банкаўскі кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях і іншыя. Да першага чытання падрыхтаваны праект зусім новага Закона «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі». Так што эканамічная тэматыка будзе разнастайная і даволі насычаная, як і ўвогуле заканатворчая работа на сесіі.

— Як бы вы канцэнтравана акрэслілі заканатворчыя задачы вясновай сесіі?

— У нас ёсць задача, якая не губляе сваёй актуальнасці — ствараць максімальна спрыяльныя заканадаўчыя ўмовы для забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця і надзейнай бяспекі краіны. На гэтай сесіі трэба будзе ўрэгуляваць важныя пытанні, звязаныя са стварэннем аптымальнага прававога суправаджэння дзелавой актыўнасці, стымулявання працоўнай занятасці, рэалізацыі сацыяльнай палітыкі, з нацыянальнай бяспекай і міжнародным супрацоўніцтвам. Адзначу карэкціроўку законаў сацыяльнай накіраванасці, якія датычацца абароны правоў спажыўцоў, якасці і бяспекі харчовых прадуктаў, базавы сістэмны законапраект аб нарматыўна-прававых актах і запатрабаваныя жыццём папраўкі ў базавы закон аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь.

Па вострых кропках

— У часткі грамадства яшчэ жывучыя папулісцкія чаканні ад парламента. Як «змагацца» з імі?

— Вельмі проста — не трэба іх падаграваць, бо ад такіх настрояў зыходзіць толькі адно: нежаданне нешта самому мяняць у сваім жыцці, дзейнічаць. Разам з тым, падкрэсліваю, нельга блытаць з гэтымі настроямі пазітыўныя чаканні людзей на перамены да лепшага ў вырашэнні грамадска значных сацыяльна-эканамічных праблем. Я не сумняваюся ў тым, што ўсе дэпутаты прыйшлі ў Палату прадстаўнікоў менавіта з жаданнем паспрыяць хутчэйшым пераменам па тых кропках грамадскага жыцця, якія людзі ўспрымаюць асабліва вострымі. Упэўнены, абсалютная большасць дэпутатаў хоча зберагчы нашу Беларусь ад любых узрушэнняў і працуе дзеля гэтага, выкарыстоўваючы нашы рабочыя парламенцкія алгарытмы і традыцыі.

— На вашу думку, якая роля парламента ў сучасных умовах больш важная — заканадаўчая або прадстаўнічая?

— Не бачу тут альтэрнатывы. Гэта непарыўныя функцыі Палаты прадстаўнікоў. Яны дапаўняюць адна адну і па-сапраўднаму эфектыўнымі могуць быць толькі ў такім «тэндэме». Ён дае магчымасць адэкватна рэагаваць на розныя актуаліі і выклікі, з якімі мы сутыкаемся ў сваёй парламенцкай рабоце. Дзейсны прававы механізм ствараецца толькі пры рэалізацыі канкрэтных грамадскіх інтарэсаў — мясцовых, рэгіянальных, рэспубліканскіх. Многія дэпутаты працавалі раней кіраўнікамі рэгіёнаў, прадпрыемстваў і ўстаноў, тонка адчуваюць патрэбы людзей на месцах, ведаюць, як заканадаўчыя навацыі ўплываюць на жыццё простага чалавека. На першы план дэпутацкай работы ў выбарчых акругах мы паставілі практычнае вырашэнне праблем і задач, важных для людзей і тэрыторый, чым займаемся разам з выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Вектар у будучыню

— Парламенцкае жыццё складаецца не толькі з заканатворчай і прадстаўнічай работы. Значнае месца ў ёй займае міжнароднае супрацоўніцтва. Нядаўна беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале з вамі пабывала з першым афіцыйным візітам у Швейцарыі. Пра падпісаныя там важныя пагаднені і пазітыўныя вынікі візіту ўжо расказвалася ў СМІ. Уладзімір Паўлавіч, як вы лічыце, ці можна сказаць, што міжпарламенцкія ўзаемаадносіны з еўрапейскімі партнёрамі выходзяць на новы ўзровень?

— Пасля мінулагодняй летняй сесіі АБСЕ, якая адбылася ў Мінску, у Заходняй Еўропе пакрысе адбываецца адмова ад стэрэатыпаў у стаўленні да Беларусі. Мы ўзаемна робім яшчэ першыя, але рэальныя крокі да наладжвання сталага ўзаемадзеяння, у тым ліку і па міжпарламенцкай лініі. Хацелася б, каб вектар развіцця беларуска-еўрапейскіх адносін у цэлым быў накіраваны ў будучыню, найперш да новых гарызонтаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Маю на ўвазе інвестыцыі ў нашу эканоміку, сумесную рэалізацыю высокатэхналагічных, вытворчых і іншых праектаў. Наша парламенцкая дыпламатыя працуе на гэтыя і іншыя важныя для краіны тэмы. Менавіта ў такім ключы развіваецца траекторыя міжпарламенцкіх кантактаў Нацыянальнага сходу, якія з'яўляюцца часткай беларуска-еўрапейскага партнёрства. У Швейцарыі мы ўбачылі, што цікавасць да нашай краіны, да ўзаемаразумення і развіцця супрацоўніцтва ёсць. Прычым канкрэтная і дзелавая.

— 18 сакавіка адбудуцца выбары Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Якія вашы чаканні ад іх вынікаў?

— Каб усе дзеянні братняй нам Расіі ў адносінах да Беларусі ў фармаце Саюзнай дзяржавы і ў Еўразійскім эканамічным саюзе былі нацэлены на ўмацаванне дасягнутага ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, на практычную аддачу, абарону нашых агульных інтарэсаў і аб'яднанне намаганняў у супрацьдзеянні сучасным выклікам мірнаму, абароненаму жыццю расійскага і беларускага народаў. Каб ні ў чым не зніжалася дасягнутая вышыня.

— Цікава, Уладзімір Паўлавіч, якой вам бачыцца Беларусь у агляднай перспектыве?

— Моцнай эканамічна, сацыяльна развітой і камфортнай для жыцця кожнага чалавека. Нягледзячы на сённяшнія цяжкасці і праблемы, гэта дзяржаўная мэта не мае патрэбы ў рэвізіі.

Аляксандр ФІЛІМОНАЎ

Загаловак у газеце: З арыенцірам на практычны вынік

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.