Вы тут

Лірычнае адступленне


ЛІРЫЧНАЕ АДСТУПЛЕННЕ

У мінулым нумары тут быў тэкст пра мову. Але наша мова, звыкла абмежаваная тэмамі, — гэта неабмежаваная тэма, таму я працягваю. Працягваю і адначасова прыпыняюся, бо ў мяне ёсць прычына зрабіць лірычнае адступленне.

Два гады таму пачалі сваё існаванне «Рубінавыя радкі». Яшчэ не на паперы і нават не ў марах. Не было ніякага планавання, думак, мэт. Была аўтарская праграма Барыса Грэбеншчыкова «Аэрастат». Быў Фрэнк Запа. Была яшчэ адна спроба пачаць пісаць на беларускай. Напэўна, удалая спроба, бо яе вынік стаў пачаткам шэрагу тэкстаў. Здаецца, іх ужо больш за два дзясяткі.

Пісаць на беларускай у Беларусі складаней, чым на рускай. Як заўсёды, я расказваю толькі пра свой вопыт; гэта не навуковыя эксперыменты і, тым больш, не аксіёмы. Гэта тое, што адбываецца са мной, бо для гэтага ёсць прычыны ў нашым грамадстве альбо ўва мне.

Пісаць на беларускай складаней, бо літаратуры на беларускай менш. Такі дзіўны парадокс. Чым больш будуць пісаць на нашай мове, тым прасцей на ёй будзе пісаць.

Справа ў тым, што сам па сабе аўтарскі стыль не з’яўляецца. Не бывае такога, што чалавек, які не чытаў ніводнай кніжкі, пачне адразу пісаць, як Дастаеўскі, ці Дзікенс, ці Багдановіч. Аўтарскі стыль фарміруецца на аснове таго, што чытае аўтар. Бо аўтар адразу пераймае. Ён піша тое, што яму падабаецца чытаць, таму піша, як яго любімы аўтар. Спрабуе пісаць, як яго любімы аўтар. Таму і першыя спробы найчасцей — фэнтэзі. Не верыце мне, скарыстайцеся логікай і інтэрнэтам. Падлеткі чытаюць падлеткавае, і іх творчыя магчымасці, жаданні, патэнцыял закіпаюць у іх. Складана стрымацца, каб не напісаць, што далей адбывалася з Більба Бэгінсам ці Гары Потэрам. Альбо што з імі адбывалася раней. Камп’ютарныя гульні не толькі забіраюць час, яны прыносяць новыя сусветы, якія хочацца напоўніць пад завязку. Новымі сюжэтамі, персанажамі, лакацыямі. Біялогія, гісторыя, фізіка. Нічога дзіўнага, калі будучага пісьменніка прыводзіць у літаратуру якая-небудзь навука. Назіранне за адпаведнасцямі і неадпаведнасцямі, за інтуіцыяй і паслядоўнасцямі, вывучэнне біяграфій вялікіх людзей, звычаяў і традыцый людзей малых, якія ўтвараюць вялікія народы. Усё гэта можа стаць падмуркам для маладога аўтара, усё гэта чытаецца на рускай мове.

На беларускай мове мы чытаем пра вайну і вёску. Пакуль не патрапім у каледж ці ўніверсітэт ці пакуль не натрапім на абазнанага чалавека. Уся школьная праграма беларускай літаратуры — гэта дзве тэмы і розныя дробязі між імі, на якія не звяртаецца ўвагі.

Простага жадання пісаць на беларускай мове мала. Бо для таго, каб выражаць свае думкі на пісьмовай мове, патрэбна, каб гэтыя думкі былі на гэтай мове. Пры пастаянным сутыкненні з мовай на абмежаваным коле тэм наш мозг пачынае нам дапамагаць. Мы гаворым «мова» — і ён аўтаматычна пераключаецца на вяскова-ваенны фільтр. Ён адкідвае дзясяткі ці сотні прачытаных кніг, іх стылі, формы, тэмы, сюжэты, бо тыя не падыходзяць пад выбраны рэжым. Па сутнасці, калі ты ўпершыню выбіраеш беларускую мову, ты выбіраеш зноў пачаць будаваць сябе. Пачаць з нуля. Альбо больш складаную працу: камень за каменем разбіраць узведзеную за больш чым дзесяць гадоў сцяну-агароджу маленькай мовы ад усяго вялікага.

Справа ў апорных словах. Яны ёсць. Калі ты пачынаеш пісаць з фэнтэзі, то там ёсць пэўная тэрміналогія, як і ў фантастыцы, у дэтэктывах. Калі ты вывучаеш біялогію ці гісторыю, то таксама сутыкаешся з тэрміналогіяй. Гэта таксама мовы — мовы жанраў, сфер, галін. І ўсе гэтыя мовы ў беларускай рэчаіснасці даступныя любому праз рускамоўныя выданні. У выніку беларуская мова таксама ўспрымаецца як жанравая, як галіновая, мова пэўнай сферы. На якой нельга пісаць фантастыку альбо размаўляць пра антрапагенеэз.

Яшчэ адна перашкода — гэта культ мовы. Не ведаю, ці ёсць у іншых краінах свету такая з’ява.

З’ява, якая адначасова нагадвае Радуніцу і чэргі да Леніна ля Маўзалея. З’ява, адначасова падобная да імшы ў касцёле і галашэння бабулек у хаце з завешанымі вокнамі і труной пасярод самага вялікага пакоя. Ледзь не з першага класа ў галовы патэнцыйна беларускамоўных грамадзян вялізнымі папяровымі тамамі забіваюць рэквіемы па яшчэ жывой мове. Ледзь не кожны трэці ўрок беларускай літаратуры прысвечаны перадсмяротным

стагадовым канвульсіям мовы, ён наслойваецца на мінулы і адначасова на будучы ўрокі і ўтварае мантру: япішумовай намовепішуштомоважываянамовебомоважываяпішубопішунамовежывойбоянапаміраеяшчэнепамерлаяшчэнепамрэр однаямоважываякабмынеўмёрліжываявосьчуецепраўдумаюбеларускуюмоваймаёйбеларускайнамове. Любое ныццё прыводзіць да таго, што яго пачынаюць пазнаваць з першай ноты. Пазнаваць, калі яно яшчэ дзесьці там, у цёмных неасветленых завулках, і ты бачыш толькі сілуэт. Але табе хапае, каб развярнуцца і пайсці сваёй дарогай. Туды, дзе знаходзіцца месца для хобітаў і эльфаў, Шэрлака Холмса і Ктулху, фотасінтэзу і Арыстоцеля.

А побач з непамерласцю стаяла «пра нябожчыка альбо добра, альбо ніяк». Другі бок той самай манеты, бо настырная пахвала — тое ж ныццё: нашамовасамаямілагучнаямяккаямілагучнаяпяшчотнаямілагучнаясамаянашароднаяшэпаткал аскоўклёкатбуслоўспеўматулібабуліроднаямілагучнаясамаясялянскаянатуральнаялюдскаямілагучнаяпяшчотнаяроднаямілаясэрцумова.

Мая ўдалая спроба была не першай. Да яе былі няўдалыя. Апавяданні, абразкі, вершы. Пра хлопчыкаў Міхаськаў і гаротнасць долі. Усё, як ва ўсіх. Пакуль я не набраў адзін сказ, які зруйнаваў усе магчымасці працягваць тэкст як звыклы беларускамоўны. Вы калі-небудзь слухалі Фрэнка Запу?

Прайшло два гады. Літаратурнымі семінарамі і сустрэчамі. Творчымі вечарамі і прэзентацыямі.Гутаркамі, дыскусіямі, жыццём. Беларуская мова нават не збіраецца паміраць. Яна розная. На ёй пішуць вельмі розныя людзі. Вельмі розную паэзію і розную прозу. Беларуская мова такая ж неабмежаваная, як і іншыя. На яе пераклалі і Холмса, і Ктулху, і Більба Бэгінса. На беларускай мове ёсць філасофія і гісторыя. На беларускай мове ёсць рок і панк. Беларуская мова — гэта ілюзія лясной сцяжынкі, якая ў выніку, калі прыглядзецца, калі звыкнуцца з ёй, абавязкова станецца магістраллю.

Сёння з гэтых старонак я хачу падзякаваць Барысу Грэбеншчыкову за яго «Аэрастат», што зрабіўся першым штуршком для з’яўлення гэтай калонкі. Рускамоўны чалавек расказваў пра сусветную музыку і навучыў мяне пісаць на беларускай. Так бывае. Інакш не бывае.

Я дзякую ўсім, хто чытае гэтую калонку, каму яна нясе штосьці важнае, сапраўднае, важкае. Тым, для каго мае радкі сталі «рубінавымі».

Я дзякую беларускім аўтарам і аўтаркам, пе-ракладчыцам і перакладчыкам, якія прыкладаюць столькі намаганняў, каб разарваць гэты аўтаматызм, каб беларуская літаратура і літаратура на беларускай мове перасталі быць жанрам насуперак падручнікам, звыклым гісторыям, паніхідам, рэквіемам і одам.

«Наша будучыня — гімнастачка на тонкай нітачцы далягляду»… Глядзі на яе. Глядзі, што яна там вырабляе. Сачы за ёй. Не адводзь вачэй. Ніколі не адводзь ад яе вачэй. Каб ведаць, што яна ёсць, каб бачыць, якая яна лёгкая, жывая, сапраўдная. Каб захацелася сціснуць сваю будучыню, прыціснуць да свайго сэрца. Каб яна не вырвалася з тваіх рук — твая будучыня.

Вы калі-небудзь чыталі Вальжыну Морт?..

Дзмітрый ШУЛЮК

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.