Вы тут

Важныя пытанні пра бяспечнае ўтрыманне сабак


«У Мінску ўзбуджана справа супраць гаспадара ратвейлера. Сабака жорстка пакусаў васямнаццацігадовую дзяўчыну. Яна каталася з сяброўкай на веласіпедзе, калі гаспадар ратвейлера спусціў з ланцужка свайго сабаку «проста пагуляць». Дзяўчыне зрабілі некалькі аперацый для аднаўлення знешнасці, уладальніка ратвейлера прыцягнулі па артыкуле «прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці».

«Акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра страціў дзве фалангі мезенца, калі паспрабаваў абараніць свайго сабаку ад зубоў стафардшырскага тэр'ера сваіх суседзяў. Яго запэўнівалі, што жывёліна абсалютна бяспечная. Сабаку байцоўскай пароды выгульвалі без намордніка і ланцужка. Адрыян паспрабаваў вырашыць праблему мірным шляхам, не звяртаючыся ў міліцыю, аднак уладальніца сабакі наадрэз адмовілася выплаціць кампенсацыю. Сваю віну яна не прызнала, заўважыўшы, што спакойна пакідае гадаванца сам-насам са сваёй чатырохгадовай дачкой. Што ж, пакуль гром, як той казаў, не грымне...»


«Сабака — сябар чалавека» — з гэтым сцвярджэннем пагодзяцца ўсе тыя, чыё жыццё было звязана з чатырохногімі гадаванцамі. Гэта адданыя і верныя жывёлы, якія ратуюць не толькі ад злодзеяў, але і ад адзіноты; абараняюць наш спакой, пакуль мы спім, аддана чакаюць нас з работы, рызыкуюць сваім жыццём дзеля захавання нашага. І нават калі іх гаспадары дрэнна абыходзяцца з імі, сабакі ўсё роўна працягваюць абсалютна верна глядзець на самае дарагое, што у іх ёсць, — на свайго гаспадара.

Вось такая ідылія атрымліваецца. Але. Акрамя станоўчых момантаў жыцця з чатырохногімі сябрамі, на жаль, ёсць і адмоўныя. Вядомыя выпадкі, калі сабака агрэсіўна паводзіў сябе ў адносінах да людзей. Так, вясной, некалькі гадоў таму, у Мінску шчанюк пароды хаскі адгрыз руку васьмімесячнай дзяўчынцы. Летась у Гродне каўказскі алабай пакусаў свайго гаспадара і яго сяброў. Супакоіць сабаку ўдалося толькі з дапамогай стрэлу. Сёлета не абышлося без бяды з удзелам хатняга любімца: у Наваполацку далмацін пракусіў галаву васьмімесячнаму немаўляці.

Чаму так адбываецца, чым можа быць выклікана агрэсія і як пазбегнуць трагедыі? Дзеля адказу на гэтыя пытанні мы адправіліся да кінолага з 40-гадовым стажам, інструктара службовага сабакаводства Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Юрыя Віктаравіча ГЕРБІСА.

— Так, на жаль, такія выпадкі агрэсіі хатніх гадаванцаў бываюць, і даволі часта. Адбываецца гэта з прычыны недастатковай выхаванасці сабак. Гаспадары проста не займаюцца сваімі гадаванцамі і дазваляюць ім рабіць усё, што заўгодна. Часта можам назіраць, што маленькія сабачкі гуляюць на вуліцы без ланцужка. Вось гэта — звычайная нядбайнасць. Ёсць жа закон, што ўсе сабакі (і вялікія, і маленькія) павінны выгульвацца на ланцужку. Так, наўрад ці памеранскі шпіц укусіць чалавека, які праходзіць міма, але знянацку напалохаць (нават брэхам) можа.

Правільнае выхаванне дазволіць вам адчуваць сябе спакойна і ўпэўнена — не толькі на прагулцы, але і дома.

Быў выпадак у маёй практыцы, калі хатні сабака ўкусіў дзіця. Так атрымалася, што шчанюк заўсёды гуляўся з лялькай, а калі прыехалі госці з маленькай дзяўчынкай, сабака проста ўкусіў яе. Бо не бачыў розніцы паміж лялькай і дзіцем.

Чым могуць быць выкліканы такія паводзіны? Агрэсіяй. Ёсць шмат яе відаў. Напрыклад, агрэсія дамінавання. Калі сабака спрабуе «ўстанаўліваць» правілы і паказваць, хто тут галоўны. Таму, калі вы вырашылі ўзяць шчанюка, неабходна прывучыць яго да правілаў сваёй сям'і, паказаць яго месца ў сямейнай іерархіі, хто на самай справе гаспадар і каго трэба слухацца. Але з-за непаслухмянасці не спрабуйце пакараць сабаку фізічна, бо гэта можа толькі ўзмацніць яго агрэсію.

Часцяком праяўляецца і гульнёвая агрэсія. Але яна больш характэрная для шчанюкоў, чым для дарослых асоб — калі сабака падчас гульні злосна рыкае ці хапае зубамі за рукі або ногі чалавека. Такія паводзіны нельга пакідаць без увагі. Абірайце больш спакойныя гульні і паказвайце, што вы «ведзяце» гульню і застаяцеся пераможцам. Забараняйце яму груба абыходзіцца з членамі сваёй сям'і.

Ёсць і такая разнавіднасць, як харчовая агрэсія. Калі сабака рыкае падчас яды, паказвае, што можа ўкусіць. У такіх выпадках я раю паказаць хатняму любімцу, што ён можа прыступаць да яды толькі з вашага дазволу.

Гэты спіс можна яшчэ дапаўняць тэрытарыяльнай агрэсіяй, агрэсіяй з-за болю, з-за страху і іншымі.

Асобным пунктам трэба вылучыць адносіны дзяцей і сабак. Бо часта здараецца, што недзе на вуліцы сабака ўкусіў ці напалохаў маленькага. Таму бацькі павінны вучыць сваіх дзетак, як сябе паводзіць з сабакамі. Трэба запомніць, што нельга дражніць сабаку, нельга чапаць яго без дазволу гаспадара (нават проста пагладзіць), і ніколі не ўцякаць, бо гэта не толькі бессэнсоўна, але і небяспечна.

— Скажыце, ці можна трымаць сабаку з маленькім дзіцем?

— Канешне можна. Толькі, калі гэта зусім немаўля, то лепш не пакідаць яго з сабакам сам-насам, а заўсёды быць побач і прыглядаць. Быў выпадак з майго жыцця. Я знаходзіўся на рабоце, а наша мама выйшла на лесвічную пляцоўку выкінуць смецце, і неяк так атрымалася, што дзверы ў кватэру зачыніліся, а там засталася мая маленькая 2-гадовая дачушка з 5-гадовай нямецкай аўчаркай Боні. І вось толькі праз хвілін трыццаць мы адчынілі дзверы, а малая смела там гуляе з Боні. Ім добра і весела было ўдваіх. Таму тут многае залежыць і ад выхавання, і ад таго, як вы самі асабіста ставіцеся да гэтага. Вы бачыце, што ўсё спакойна. Значыць, не трэба на гэтым завастраць увагу — усё добра, усё пад кантролем.

— Мусіць, многае залежыць і ад пароды сабакі?

— Так, з байцоўскімі пародамі крыху цяжэй, з імі патрэбна быць больш асцярожнымі. Але яны таксама дабрадушныя. Цяпер на выстаўках можна бачыць, што сярэднеазіяцкіх аўчарак ці каўказскіх дзеці могуць за вушы тузаць, а тыя проста сядзяць, абсалютна задаволеныя.

— Якую пароду вы параілі б сям'і з маленькім дзіцем?

— Вялікую я не раіў бы. Паколькі трымаць такога сабаку дорага. Гэта і корм, і цацкі, і сродкі гігіены. Уявіце сабе, у вас шмат грошай ідзе проста на сям'ю, на дзіця, а тут яшчэ сабака. Тым больш, вялікія пароды патрабуюць больш увагі, а значыць, і часу. А ці ёсць ён, лішні час, у маладых бацькоў? Калі ўжо і вельмі захочацца, то лепш маленькіх. Вось, напрыклад, цвергшнаўцар, чыхуахуа, ёркшырскі тэр'ер.

— Наколькі трэніроўка сабакі залежыць ад яго пароды? З кім складаней працаваць?

— Паддаюцца дрэсіроўцы абсолютна ўсе сабакі. Але ёсць пароды, якім патрэбна больш увагі. Вось японская якіта-іну ці хаскі — яскравы прыклад. Людзі, якія выбіраюць менавіта іх, павінны ведаць, што прыгажосць гэтых сабак, канешне, вялікі плюс, а свавольства — галоўны мінус. Так, гэтыя «кампанейскія» асобы будуць «спяваць» разам з вамі песні каля вогнішча, але гэтак жа нечакана могуць куды-небудзь уцячы. Яны — самі сабе. Іншая справа — нямецкая аўчарка. Вельмі разумныя. І з імі значна лягчэй працаваць. Прытым ёсць розніца ў трэніроўцы сабак жаночага і мужчынскага полу: з дзяўчынкамі прасцей, чым з хлопцамі.

— Падагульняючы: як трэба выхоўваць сабаку?

— Сабака — гэта дамашні драпежнік, якога проста трэба дрэсіраваць. Пачынаць неабходна з самага маленства. Прывучаць яго да свайго месца, ашыйніка, камандаў. Падчас дрэсіроўкі патрэбна, каб вы заставаліся з сабакам удваіх, каб нішто не адцягвала ўвагу жывёлы. За правільнае выкананне каманды гадаванца трэба заахвочваць ласункам. Не караць фізічна, не праяўляць агрэсію.

— Якім павінен быць догляд?

— Адносна кожнага сабакі па-рознаму. Адным трэба раз у месяц падстрыгаць кіпцюры, кожны дзень вычэсваць, раз у тыдзень-два — мыць, а другім сабакам, якія не ліняюць, хапае два-тры разы ў год проста праводзіць трэнінг. Але агульнае для ўсіх — гэта выгул, збалансаванае харчаванне, прышчэпкі, клопат і ўвага.

— Што вы можаце параіць маладым сем'ям з дзецьмі і сабакам?

— Звярніце ўвагу, як ваша жывёла адносіцца да маленькага. Калі вы заўважыце паводзіны, якія будуць вас насцярожваць, неабходна адразу звяртацца да інструктара, каб пазбегнуць непрыемнасцяў. Але нават калі ваш сабака не знойдзе агульнай мовы з новым членам сям'і, ніколі не трэба ісці на нейкія крайнія крокі. У любым выпадку, жывёліну можна аддаць у добрыя рукі.

Калі вы ўпэўнены ў сваіх сілах, маеце дзве гадзіны вольнага часу ў дзень і любіце прагулкі на свежым паветры, то сабака — гэта тая жывёла, якая вам патрэбная. Своечасовае і правільнае выхаванне чатырохногага зробіць вашага сябра дысцыплінаваным, а ваша
жыццё — утульным і спакойным.

Анастасія ГРУК

Загаловак у газеце: Найлепшы сябар ці люты вораг?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».