Вы тут

Выстаўка прайшла — кнігі засталіся


32 краіны-ўдзельніцы, кнігі ад 360 экспанентаў, каля 30 тысяч наведвальнікаў, больш за 240 мерапрыемстваў — такой запомніцца XXV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Юбілейная выстаўка была прысвечана Году малой радзімы. І нядзіўна, што шмат якія выданні мелі мэту паказаць Беларусь, яе багацце — гістарычнае, кніжнае і літаратурнае ў прыватнасці. Пра гэта парупіліся айчынныя выдавецтвы і нават замежныя экспаненты.


Нашы, натхнёныя ўчынкам Францыска Скарыны, адлюстроўвалі яго справу і яе працяг усебакова. Ці то фаліянтамі гістарычнага характару (факсімільным выданнем спадчыны першадрукара, важкім праектам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі), ці то зваротам да сучаснікаў з мэтай адкрыць мясціны, звязаныя з ім у Еўропе, як зрабіла Інеса Плескачэўская ў выданні «Гістарычныя шпацыры з Францыскам Скарынам» (Выдавецкі дом «Звязда»). Але і госці ехалі ў Мінск з адмысловымі выданнямі: прыемна было пабачыць на стэндах расійскіх выдавецтваў кнігі Уладзіміра Караткевіча ці Васіля Быкава, ды нобелаўскай лаўрэаткі Святланы Алесіевіч. Але не толькі класікай жывіцца беларуская літаратура — сучаснасць мае свае імёны. На якія прыходзіць чытач. Плённа ішоў гандаль на стэндзе «Мастацкай літаратуры»: і інтэрактывам прыцягнулі, і спевамі, напрыклад, Анатоля Кашапарава, і, вядома, багатым выбарам кніг. Актыўнае жыццё ўвесь час ішло каля стэнда Саюза пісьменнікаў Беларусі: магчымасць асабіста пазнаёміцца з аўтарамі, атрымаць аўтографы (да некаторых творцаў нават стаяла чарга)... Наогул прыемна, што па аўтографы сучасных айчынных літаратараў людзі прыходзілі спецыяльна — на гэта зрабілі ўхіл некалькі айчынных выдавецтваў. Ды і вельмі парадавала сёлета жаданне арганізатараў заняць на выстаўцы малых: прыцягвалі своеасаблівыя «дзіцячыя пакоі», дзе было месца і кнігам, і інтэрактыўным гульням з прыемным баўленнем часу — гадуем будучых чытачоў!

Таму што кнігі можна набываць і чытаць не толькі падчас буйнога міжнароднага кірмашу. У Беларусі наладжана сістэма кнігагандлю, дзе ёсць свае флагманы і папулярызатары айчыннай літаратуры. Упершыню вызначалі лепшыя кнігарні: Саюз выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі правёў рэспубліканскі конкурс сярод прадпрыемстваў кніжнага гандлю. Лепшай сярод кніжных крам краіны стала Цэнтральная кнігарня (г. Мінск), а сярод сталічных крам адзначана «Акадэмкніга» (якая, між іншым, актыўна прадае беларускую сучасную літаратуру і паказвае, што гэта перспектыўны кірунак). На перспектыву працуе і сталічная крама «Букашкин дом», лепшая па рэалізацыі выданняў для дзяцей.

Жаданне Беларусі крочыць у будучыню з кнігамі адзначалі госці выстаўкі. Цікавыя сустрэчы падарыла беларускім чытачам Сербія — ганаровы госць. Не столькі нават на выставачным стэндзе, колькі праз вялікую колькасць імпрэз, чытанняў, нават філасофскіх разваг, чым асабліва запомніўся Горан Петравіч, адзін з самых папулярных у свеце сучасных пісьменнікаў Сербіі. І магчымасць слухаць слова творцаў — гэта таксама адметнасць мінскіх кніжных кірмашоў, падчас якіх адбываецца міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час». Адным з яго гасцей гэтым разам стаў ураджэнец Беларусі, а цяпер расійскі пісьменнік Валерый Казакоў, які падзяліўся сваімі ўражаннямі:

— Выстаўка сёлета незвычайная. І па колькасці гасцей, і па фармаце прадстаўленага: больш паветра, больш кніг. Упершыню за доўгія гады беларускі стэнд аформлены так, каб больш выйгрышна паказаць гаспадароў. А Беларусь — вялікі кнігавыдавец. Тут друкуецца большая палова кніг, якія выходзяць на прасторах былога Саюза — у Расіі і краінах СНД. Сімпозіум пісьменнікаў таксама змяніў фармат. З Расіі прыехалі, я б сказаў, пісьменнікі новай хвалі, якія прадстаўляюць іншую літаратуру і па-свойму глядзяць на свет. Зусім нечакана ў Расіі адбылася падзея, звязаная з беларускай літаратурай, — асаблівы выпуск «Раман-газеты». Прычым акцэнт зроблены не на класіку, а на сучасных пісьменнікаў, якія далі магчымасць зразумець расійскаму чытачу (а «Раман-газета» калі не чытаецца ў паперы, то ў электронным варыянце), што ёсць унікальная, сусветнага ўзроўню літаратура. Упершыню, магчыма, пасля пісьменнікаў-франтавікоў такі прарыў беларускіх аўтараў. Паглядзіце, якая проза ў Алега Ждана! А ў Алены Бравы — яе ўжо выдала палова свету, а мы толькі пачынаем адкрываць. А для мяне адкрыццём стаў Алесь Бадак, якога я ведаю як паэта, але раптам ашаламляльныя па мастацкасці яго празаічныя творы. А Людміла Рублеўская?! Яна даўно пачала пісаць пра малую радзіму, год якой у Беларусі абвясцілі сёлета. Ды і жывём так: карані нашы тут. І слова пісьменніка — якраз пра тое, што калі мы пачнём з малой радзімы, то захаваем вялікую, а калі захаваем вялікую — а для мяне гэта Беларусь, — то захаваем увесь свет. Я перакананы, што Беларусь — апошняя незамутнёная крыніца Бога. Таму што такіх людзей, як у Беларусі, больш няма нідзе. І пра гэта слова пісьменніка. На жаль, пісьменнік сёння — гэта, па сутнасці, памочнік выдаўца. Але мы павінны яго пачуць. Дзякуй богу, што такое жаданне ёсць у вас у Беларусі. У нас у Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: На перспектыву

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.