Вы тут

З любоўю да «Мастацтва кнігі»


Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» сёлета прайшоў 57-ы раз. Мінулы год быў асаблівы: краіна адзначала 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, таму патрабаванні да кніг сталі яшчэ больш высокія, чым у папярэднія гады. На ўзнагароды нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» прэтэндавала 147 выданняў ад 39 арганізацый. Па выніках рэйтынгавага галасавання мастацка-экспертнай камісіі, на разгляд аўтарытэтнага журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі творчых саюзаў, былі адабраны 62 выданні. Пераможцы вызначаны ў 16 намінацыях.


Галоўную ўзнагароду — дыплом імя Ф. Скарыны і памятны знак-сімвал «Вялікі залаты фаліянт» — уручаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Віншуючы пераможцаў конкурсу, ён падзякаваў спецыялістам, мастацтвазнаўцам, складальнікам кніг, супрацоўнікам выдавецтваў, якія робяць значны ўнёсак, дзякуючы чаму конкурс мае доўгую мастацкую і літаратурную гісторыю.

— Шмат знакавых і якасных кніг з году ў год выдаюцца ў нашай краіне, — падкрэсліў на цырымоніі Аляксандр Карлюкевіч. — Што важна, сёлета ў большасці сваёй яны звязаныя з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. Мне вельмі прыемна, што традыцыі беларускай кніжнай графікі, ранейшых дзесяцігоддзяў набываюць новую і шырокую прастору, не губляецца памяць пра дарагіх для краіны людзей. Віншую ўсіх пераможцаў конкурсу «Мастацтва кнігі» і жадаю не спыняцца, развівацца, каб не толькі сучаснае, але і будучае пакаленне разумела сэнс папяровай кнігі, адчувала любоў да яе.

Гран-пры атрымала «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». На галоўнай сцэне выставачнай пляцоўкі памятныя ўзнагароды былі ўручаны дырэктару выдавецтва Уладзіміру Андрыевічу, мастаку-дызайнеру Алене Сітайле і Ігару Маланяку, дырэктару паліграфкамбіната імя Якуба Коласа, калектыў якога таксама працаваў над выданнем.

— Атрымаўшы па выніках года Гранпры за кнігу пра Францыска Скарыну, мы разумеем адказнасць і абавязак — годна працягваць традыцыі першадрукара, — адзначае Уладзімір Андрыевіч. — Мы павінны не згубіць тонкую нотку душэўнасці, якая жыве ў кнігах. Сёння часта кажуць, што кніга сыходзіць. Але ж як можна адмовіцца ад такіх прыгожых якасных кніг? Кожная кніга дыхае, яна жывая, пераймае энергетыку людзей, якія доўгімі часамі працуюць над ёй. Мы, супрацоўнікі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», так укладваем у працу душу, што спадзяёмся: чытач гэта сапраўды адчуе.

Пераможцы тэматычных намінацый таксама з хваляваннем атрымлівалі памятныя прызы. Узнагароду ў намінацыі «ЛІТ-фармат» атрымала кніга «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У. Караткевіча выдавецтва «Беларусь», у намінацыі «У люстэрку часу» — «Банкаўская справа Беларусі» (ТДА «Бяловагруп»). Дыплом у намінацыі «АРТ-кніга» атрымала выданне «Рыгор Сітніца. Простыя рэчы» Выдавецкага дома «Звязда».

— Прыемна разумець, што працаваў не проста так. Калі ўкладваеш душу, калі жывеш гэтай кнігай, то важна, каб цябе адчулі, — кажа Рыгор Сітніца. — Бывае, простыя рэчы могуць быць самымі складанымі ў жыцці. Я пастараўся найбольш зразумела расказаць пра тое, што важнае для кожнага з нас.

Серыя «Энцыклапедыя народнага майстра» «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» стала пераможцай у намінацыі «Эўрыка». У намінацыі «За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны» адзначана праца выдавецтва «Чатыры чвэрці» «Сімфонія стагоддзяў» (на рускай і англійскай мовах) серыі «Культурная спадчына Беларусі». Перамога ў намінацыі «Залатыя скрыжалі» прысуджана кнізе «Беларускае горадабудаўнічае мастацтва: сярэднявечная спадчына. Рэнесанс, барока, класіцызм у сістэме еўрапейскага дойлідства» выдавецкага дома «Беларуская навука».

Кніга «Нарысы гісторыі культуры Беларусі», што пабачыла свет у выдавецкім доме «Беларуская навука», атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Духоўнасць». Выдавецтва «Беларускі Дом друку» сумесна з выдавецтвам «Кніжны дом» выдалі кнігу «Прадаўжальнікі справы Скарыны: 100 гадоў “Беларускаму Дому друку”», якая перамагла ў намінацыі «Паслядоўнікі Скарыны».

У намінацыі «Майстэрства» адзначаны Міхаіл Басалыга («Лепшы ілюстратар») за кнігу «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Аўтары альбома «Нясвіж. Палацавапаркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў» Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў таксама адзначаны статуэткай («Лепшы фотамастак»). А пераможца намінацыі «Лепшы дызайнер кнігі» Уладзімір Шолк атрымаў узнагароду за шэраг кніг, у ліку якіх і «Кніжная спадчына Беларусі» Выдавецкага дома «Звязда».

Вікторыя АСКЕРА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?