Вы тут

Татальны поспех праз dream vision ад Нікаса Сафронава


У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага дэманструецца персанальная выстаўка заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі Нікаса Сафронава «Вясна ўражанняў — Нікас. Жывапіс. Аптымізм», дзе аўтар прадстаўляе сто твораў, якія дагэтуль не экспанаваліся ў нашай краіне.


Выстаўка дае магчымасць убачыць творы ў духу кубізму, сімвалізму, а таксама палотны, выкананыя ў аўтарскай тэхніцы dream vision, якая, сцвярджае мастак, была адкрытая цаной шматгадовай працы і бесперапыннага эксперымента, а цяпер прыносіць поспех.

Творца ў захапленні ад Беларусі. Калі ёсць магчымасць арганізаваць у нас выстаўку, ён з задавальненнем карыстаецца ёю.

— Я ляцеў у Мінск з цёплымі пачуццямі, ляцеў да родных людзей. Яны працавітыя, чыстыя душой. Любяць сваю краіну і перажываюць за яе. І я люблю Беларусь, — падкрэслівае Нікас Сафронаў. — Мала хто ведае, што я інкогніта прыязджаў у Здраўнёва, на былую дачу Ільі Рэпіна, якая знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Жыў у намёце, пісаў пейзажы, наведваў мясцовы малаказавод і смакаваў беларускае малако. У вас я адчуваю сябе як дома. Прыемна глядзець на людзей, прыемна ўдыхаць чыстае паветра. Таму з задавальненнем у Мінску прадстаўляю свае новыя творы.

Выстаўка складаецца з дзвюх частак. Першая — асноўная — заснаваная на пейзажах, партрэтах палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў. Дарэчы, спецыяльна да прыезду ў Беларусь творца напісаў партрэт Прэзідэнта Беларусі. Другая частка твораў прыехала ў Мінск у дзень нараджэння Нікаса Сафронава — 8 сакавіка.

Першую персанальную выстаўку Сафронава чатырохгадовай даўніны наведала больш за дваццаць тысяч мінчан і гасцей горада. Сёлета мастак мае намер пабіць рэкорд. Пасля Беларусі паказы выстаўкі плануюцца ў Францыі, Італіі, Германіі і іншых краінах.

Вікторія АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.