Вы тут

Паэзія, якая ратуе ад кулі і лагераў


Для многіх імя Паўлюка Пранузы малавядомае. Паэт-франтавік, ён усё жыццё настаўнічаў у Нясвіжы і пісаў вершы пра Сталіна, Леніна, партызан, мудрых старшынь калгасаў.


Паўлюк Прануза, 1970-я гг.

Стагадовы юбілей — ці дастатковая прычына, каб згадаць пра паэта?

Свой першы зборнік «Разгневаная зямля» Прануза выдаў адразу ж пасля вайны ў 1946 годзе. Наступны — «Добрай раніцы» — выйшаў праз пяць гадоў. Гэты час, як памятаем, быў для нашых літаратараў творчанеспрыяльны. Новая хваля рэпрэсій не вельмі натхняла ні Якуба Коласа, ні Максіма Танка.

А вось Паўлюк Прануза... Калі чытаеш яго першыя кнігі, то ўзнікае ўражанне, што жыве ён не ў сталінскую эпоху, а з паэтамі«ўзвышаўцамі» дзіньдзівірыць, натхнення набіраецца. А затым — бах! Складае незвычайны, фантазійны верш пра тое, як нямецкі «Тыгр» душыць Белавежскую пушчу (які кінематаграфічна-востры вобраз!), каб затым быць знішчаным нашай артылерыяй. Пасля гэтай па-казачнаму слаўнай перамогі:

Зялёнымі далонямі дубняк

Заапладыраваў, а рэха не змаўкала.

Лось выскачыў з абпаленых кустоў,

Спіну падставіў сонечным праменням.

Не бачыў лес яшчэ такіх звяроў,

І лось глядзеў на «Тыгра» са здзіўленнем»

(«У Белавежскай пушчы»).

Імпэтны Прануза, як можа, стараецца вызваліцца ад непазбежных абдымкаў тагачаснай крыклівай плакатнасці. Яго ратуе экспрэсіяністычная вобразнасць трагічнага Янкі Купалы. Калі чытаеш першы зборнік Паўлюка, то перад табой паўстаюць гэтак любімыя Купалам сцэны апакаліпсіса з «нябожчыкамі жывымі», якія клічуць гітлераўцаў на судны дзень, з’яўляецца вядомы «тапелец», які ізноў пачынае плаваць у Вісле. Але ў гэтых вобразах няма вусцішнай надрыўнасці. Ад яе засцерагае ўплыў па-народнаму карнавальнага Петруся Броўкі, чый дзівосны ў сваёй падкрэсленай несавецкасці зборнік «Шляхамі баравымі» (1940) быў настольнай кнігай для героя нашага артыкула.

Прануза, магчыма, і наіўна, але разам з тым з вялікай творчай перакананасцю верыць, што ў савецкім «ночным царстве», дзе яму выпала нарадзіцца і жыць, можна ратавацца толькі паэзіяй. На вайну як абярэг паэт «...Зборнік вершаў гарачых Купалы / з сабой у дарогу панёс». Цяжка паранены, просіць: «Слязой не спачувайце вы, / Уважлівей чытайце вершы, / І я паўстану, як жывы». («Калі мяне падкосяць кулі...»). Савецкі танкіст, як сапраўдны галівудскі герой, у адзіночку разбамбіў палову Берліна «...і ад яго удараў / Аж трэслася варожая зямля...». А прычына яго казачнай непераможнасці простая. Імя танка — «Владзімір Маякоўскі». Менавіта футурыстычна-бунтоўная энергетыка расійскага паэта, паводле Паўлюка Пранузы, дала чароўную сілу байцу. Удзячны танкіст: «Дастаў /.../ вершаў том з планшэта, / На вежу ўзлез, чытаў натхнёна іх».

Прануза праводзіць тут дастаткова смелую для таго часу думку: на сапраўдныя подзвігі не здольныя натхніць ні Сталін, ні Жукаў, толькі паэт.

Нават калі перад намі верш, у якім згадваецца Іосіф Вісарыёнавіч, то галоўная тэма — не апалагетыка, кажучы словамі Дубоўкі, «ката нашых дзён», а працэс творчасці, тое з якім натхненнем калгасніца «...Любімы партрэт вышывала / На белым, як снег, палатне. / Вясёлкаю фарбы заззялі, / Да нітачкі нітка лягла. / Глядзіць, усміхаецца Сталін, / А ў позірку колькі святла!» («Партрэт»).

Ізноў жа, верш не такі адназначны, як можа падацца. Сталін, паводле паэта, гэтак мультыплікацыйна заззяў толькі таму, што яго такім стварыла мастачка. Веліч тырана, паводле Пранузы, рэч дастаткова выпадковая. Не захацела б жанчына зрабіць партрэт, не было б і Сталіна.

Як ні дзіўна, але з пачаткам адлігі творчасць паэта паціху губляе сваю адметнасць. Ён крытыкуе гультаёў, якія сядзяць на карку ў бацькоў, піша дыдактычныя рыфмоўкі пра слабахарактарных юнакоў, якія ўцяклі з БАМа, выпускае маралізатарскія кнігі для дзяцей. Часам у яго трапляюцца мілыя пастаральныя вершы пра вясковых дзяўчат, што хочуць вечар правесці з гарманістам («Мне сумна, маці...», «Вечара чакала...»), але тут больш ад Петруся Броўкі, які быў сапраўным каралём у апісанні эратычных настрояў юных сялянак. Калі-нікалі некаторыя радкі («Ты вусны не фарбуй і бровы, / Не падрабляй ты прыгажосць») нечакана перагукаюцца з вершамі Тодара Кляшторнага («Не люблю расфарбованых вуснаў, / Не люблю, — / бы чужога гасьця») і згаданага ўжо Уладзіміра Дубоўкі («Нафарбавала навошта вусны / і начапіла з пудры маску?..»). Піша Прануза і філасофска-мінорную любоўную лірыку: «Кляновых лістоў далоні / Ляглі на твае сляды...» (заўважаеце пераклічку з класічнымі Дубоўкавымі радкамі «Пальцы жоўтых кляновых лістоў...»?). Безумоўна, трапляюцца і творча-адметныя вершы, у якіх угадваецца ранейшы Прануза:

Забылася лета на яблык, і ён

Вісіць на бязлістай галінцы.

Нібы на агеньчык, ляцяць на яго

З лясоў пацішэлых сініцы.

Ружовы і светлы. Пякучы мароз

Крануў яго поўныя шчокі.

І нават сініцы шкадуюць яго,

Напэўна, што ён адзінокі.

Вядома, птушкі захавалі яблык не з-за яго самоты, а таму што перад імі — сапраўдны твор мастацтва. Яблык «выратаваўся», бо здзівіў іх сваім ПАЭТЫЧНЫМ хараством.

Новая хваля натхнення прыходзіць падчас перабудовы.

У творчасці з’яўляецца іронія: «Барадулін майструе вершы, / Успацеў і крыху прамок. / — На радзіме і дождж сушэйшы, — / Падказаў яму Быкаў радок» («Радок Быкава»).

Паэт вяртаецца да любімай, з часоў маладосці, казачнай вобразнасці з ажыўленнем дрэў і сіл прыроды: «Калі віхуры злосна выюць / І гостры, як піла, скразняк, / Дубы, як рыцары лясныя, / Аберагаюць беразняк» («Лясныя рыцары»).

Цяпер без усялякіх тонкіх метафар піша: «Мы ваявалі, будавалі, / Былі застылыя гады, / А ў нашых душах болем Сталін / Страшней чарнобыльскай бяды...» («Ля клуба — дыспут, асамблея...»).

Пра сябе ў гэты час паэт склаў такія выразна-лаканічныя радкі:

Я рос пад вострымі вятрамі

Як ні крамсала,

Як ні гнула

Мяне жыццё за столькі год,

Не скінула, не бартанула

Наводшыб з кузава свайго.

Паэт верыў. З такой жа шчырасцю і адкрытасцю, як дзеці вераць у існаванне Дзеда Мароза, Прануза быў упэўнены: чароўная сіла паэзіі яго ўратуе, яе дзівосная казачная энергетыка абароніць і ад нацысцкай кулі, і ад сібірскіх лагераў, і нават ад творчага забыцця.

 Чалавек з такой моцнай верай (а не ў кожнага нашага класіка мы яе можам знайсці) варты, каб пра яго помнілі.

І не толькі на стагадовы юбілей.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».