Вы тут

Падарожжа па слядах Дантэ і Далі


На пачатку каляндарнай вясны ў Мінску адбылося доўгачаканае мастацкае свята: у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі прэзентавалі выстаўку графічных твораў таленавітага жывапісца Сальвадора Далі, зробленых аўтарам да выдання «Боскай камедыі» ў гонар 700-годдзя Дантэ Аліг’еры. Творы знаходзяцца ў прыватнай калекцыі італьянца Андрэа Пантальцы і былі дастаўлены з Рыма ў Мінск прамым рэйсам.


«Перашкода ў прыцемках».

Калі куратар выстаўкі Вольга Кліп даведалася, што ілюстрацыі з першага сакавіка па першага мая будуць вольныя, доўга не задумвалася і пачала праводзіць перамовы наконт магчымасці экспанавання калекцыі ў Беларусі. Досвед у арганізацыі такіх буйных выставак ёсць: успомніць хаця б экспазіцыю Рэмбранта мінулым летам. За паўгода ў мастацтвазнаўцы атрымалася вырашыць усе пытанні. І цяпер сто ілюстрацый Далі ўпрыгожваюць залу Гістарычнага музея. З транспарціроўкай твораў гэтым разам справіцца было лягчэй, чым у папярэдніх праектах, у тым ліку і таму, што гэта работы дваццатага стагоддзя. Дарэчы, «Белавіа» селёта выступіла партнёрам, таму дастаўка карцін арганізатарам абышлася бясплатна. Акрамя таго, сёлета спаўняецца сто гадоў з моманту першай выстаўкі Сальвадора Далі, таму праект для Беларусі стаў сімвалічны.

— Безумоўна, мы заўсёды сутыкаемся са складанасцямі транспарціроўкі твораў мастацтва. І гэта здаецца бязмежна цяжкім. Але калі я бачу, што людзям такія праекты патрэбныя, адразу пра ўсё забываю, — расказвае Вольга Кліп. — Гэта вялікая справа, да якой глядач не застанецца абыякавы. Пасля таго, як мы зрабілі некалькі падобных праектаў, з’явіліся сябры і партнёры. Я часам дзіўлюся, як мастацтва можа аб’ядноўваць. Гэтым праектам мы вырашаем адукацыйныя задачы. Хачу, каб ён прыцягваў не толькі візуальна, але і каб усе разумелі: на выстаўцы іх не пакінуць у адзіноце: кожны, хто трапіць у залу, зможа даведацца больш і пра Дантэ, і пра Далі. Тут можна будзе разабрацца і ў асаблівасцях графікі мастака, і зразумець, у чым цуд такога твора, як «Боская камедыя». Магу з упэўненасцю сказаць, што, калі хто не чытаў гэты твор, пасля прагляду экспазіцыі і гутаркі з нашымі спецыялістамі абавязкова зацікавіцца ім.

«Боская камедыя» Дантэ Аліг’еры — знакавы твор для сусветнай культуры. Менавіта таму Сальвадор Далі з такім захапленнем узяўся асэнсаваць яго праз мастацтва. Ілюстрацыі лёгка супаставіць з канкрэтнымі фрагментамі твора Дантэ — настолькі літаральна яны перадаюць сітуацыі, жэсты, нават колеры. Гэта неверагодна прыгожыя і ўнікальныя работы, па сюжэтнасці яны фармальна размяркоўваюць прастору залы на тры часткі: пазначана пекла, чысцілішча і рай. Важна чытаць вытрымкі з тэксту пад кожнай ілюстрацыяй. Выстаўка асабліва добрая тым, што можна атрымліваць асалоду ад твораў мастацтва і адначасова чытаць яе як кнігу, вывучаць па ёй антычных і сярэднявечных персанажаў.

— Спадзяюся, што падобны праект, дзе гледачу прадстаўлена майстэрства двух геніяў, на эмацыянальным узроўні не пакіне нікога абыякавым, — дзеліцца Вольга Кліп. — Нават калі мы нічога не разумеем у культуры Сярэднявечча, то варта задумацца, што перад намі арыгіналы, якія маюць магутны эмацыянальны пасыл. Але ж Далі цікавы ўсім: ён пакінуў багатую творчую спадчыну.

Візітоўкай экспазіцыі сталі не толькі маляўнічыя ілюстрацыі, але і фігура анёла, напісаная шарыкавай ручкай, — экспанат нумар 101. А таксама мудрагелісты аўтограф побач: Сальвадор Далі асабіста падпісаў тытульнік юбілейнага выдання «Боскай камедыі» ў 1965 годзе. Выстаўка мае ўзроставае абмежаванне «16+». Але, на думку Вольгі Кліп, экспазіцыю карысна наведаць з дзецьмі: каб растлумачыць і паказаць, за якія ўчынкі чалавеку пагражаюць вечныя пакуты. Тут можна пабачыць, як мастак уяўляў пекла альбо рай ці чысцілішча (Дантэ сцвярджаў, што там пабываў). Далі падарожнічаў туды разам з паэтам і прапануе здзейсніць такое падарожжа нам.

Вялікае задавальненне — убачыць арыгіналы Далі. Падчас работы выстаўкі ў музеі будуць праводзіцца гутаркі са спецыялістам па італьянскай літаратуры і па «Боскай камедыі» Дантэ. Гэта дапаможа ўспрыняць адлюстраваныя матывы. Таксама гаворка пойдзе пра псіхааналіз у сюррэалізме, што дазволіць зразумець адметнасць вобразнасці Сальвадора Далі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».