Вы тут

Сабака ў культурным кодзе беларусаў


У адпаведнасці з Усходнім календаром, 2018 год будзе праходзіць пад нябесным патранатам сабакі. У жывёльным кодзе сабака займае выключнае месца. Ён стаяў ля вытокаў першатварэння, з першых дзён зямнога існавання чалавека ствараў спрыяльныя ўмовы для яго жыцця, клапаціўся пра яго дабрабыт, заўсёды пацвярджаў сваю адданасць.

Фота Юрыя Горыда

Стагоддзі цеснага суіснавання паказваюць, што сабака быў і застаецца самым адданым сябрам чалавека і ахоўнікам яго гаспадаркі. Вядома, што гэтыя жывёлы – самыя надзейныя павадыры для тых, хто страціў зрок. А іх вернасць знайшла адлюстраванне ў шматлікіх аповедах, напрыклад, пра тое, як сабака некалькі гадоў чакаў у аэрапорце гаспадара, спадзеючыся на яго вяртанне. У гонар такой адданасці людзі паставілі  яму помнік.

Калі ж звярнуцца да розных жанраў беларускай міфапаэтычнай спадчыны, традыцыйных вераванняў і ўяўленняў, складваецца ўражанне, быццам сабака на працягу стагоддзяў быў своеасаблівым медыятарам, пасрэднікам паміж чалавекам і нябёсамі, яго Родам, продкамі і будучымі спадкаемцамі родавай памяці.

Адна з легенд распавядае, што пасля таго, як Бог стварыў чалавека, ён даў яму самага надзейнага вартаўніка – сабаку. Але спачатку той быў голым, без поўсці. Чорт скарыстаў гэту акалічнасць і напусціў на яго холад. Сабака замерз, а чорт лёгка дабраўся да чалавека і нашкодзіў яму. Пасля гэтага Бог надзяліў сабаку поўсцю. Так чалавек і яго чацвераногі сябар і пайшлі па жыцці – усю дарогу разам. Больш за тое: беларускія этыялагічныя міфы сведчаць, што самая распаўсюджаная страва ў жыцці людзей – хлеб – з’явілася дзякуючы сабакам. У пачатку зямнога існавання чалавек еў рознае карэнне, бо хлеба не было. Больш за ўсіх галадалі якраз сабакі. Аднойчы яны сабраліся, узнялі галовы да нябёсаў і пачалі выць – прасіць у Бога ежу. Той пачуў іх просьбу і кінуў на зямлю адзін жытні колас. Але сабак было шмат, і яны сталі адбіраць яго адзін у аднаго. Падчас барацьбы колас быў разарваны, а зерне аказалася ўтаптаным у зямлю. Яно прарасло, і ад таго коласу пайшоў такі багаты ўраджай, што праз год людзі сабралі цэлую бочку зерня. Легенда падводзіць вынік гэтай падзеі: “І з таго часу сталі рабіць хлеб – а ўсё па пачыну сабак”. Атрымліваецца, што яшчэ ў пачатку стварэння свету доля чалавека была прадвызначана існаваннем побач з ім лепшага сябра – сабакі.

Яшчэ адно паданне этыялагічнага характару распавядае пра тое, што некалі каласы былі вялікія, практычна на ўсё сцябло. Адак знайшлася дужа лянівая гаспадыня, якая падчас жніва наракала на тое, што трэба шмат збажыны нажаць. Бог пачуў яе незадаволенасць і пачаў змяншаць каласы. Гэта ўбачыў сабака і стаў маліць Бога “коласу хоць на сабаччу долю”. Яго заступніцтва перад Богам не забылася ў сівой мінуўшчыне, а наадварот, да гэтага часу захавалася ў асяроддзі дбайных беларусаў. Да нашых дзён на Палессі існуе этыкетнае правіла-рэгламентацыя: "сеўшы за стол, першы кавалак даць сабаку, каб не забываць, праз чыю ласку жывём”.

Згаданыя легенды і паданні пераканаўча сведчаць пра тое, што сабака цесным чынам звязаны з нябёсамі, з Творцам гэтага свету. Самае парадаксальнае ў народных уяўленнях тое, што ён вымольвае ў Бога долю не столькі для сябе, колькі для свайго непасрэднага гаспадара.

Казачны сюжэт пра тое, як гаспадар ладзіў вяселле сыну, а сабака ў гэты час ласаваўся пад сталом не толькі сам, але яшчэ і ваўка запрасіў, – прамое сведчанне таго, што ахоўнік сядзібы родапрадаўжальнікаў атрымліваў у важнай абрадавай падзеі “сваю долю” страў.

Сабака – персанаж народных прыкметаў

Вялікая роля адводзіцца гэтай жывёле ў народных назіраннях і павер’ях. Напрыклад, падчас буры  або навальніцы з хаты трэба выгнаць чорных катоў і сабаку, бо апошні, у адпаведнасці з ўяўленнямі, можа выклікаць маланку.

Даволі шмат павер’яў звязана са здольнасцю гэтых жывёл прадказваць надвор’е. Напрыклад, моцны і часты брэх сабак уначы – да змены надвор’я. Калі ж падчас вялікага марозу яны няспынна брэшуць, неўзабаве трэба чакаць адлігу. А калі сабака пачынаў есці прыдарожную траву, гэта паказвала на працяглы дождж.

Сабака лічыўся самым лепшым сябрам чалавека. Менавіта таму існавала цэлая сістэма прадказанняў, звязаных з жыццём людзей, іх лёсам, вядзеннем гаспадаркі і нават узаемаадносінамі паміж сабой:

– калі за падарожнікам ідзе якая-небудзь свойская жывёліна, найперш – сабака, і яе не ўдаецца вярнуць назад, гэта азначала, што чалавеку пагражае небяспека. Каб вярнуць сабаку і адначасова адагнаць бяду (гэта значыць – перайграць сітуацыю, перапраграмаваць ход магчымых негатыўных падзей), трэба было вывернуць шапку і махаць ёю, а затым надзець яе і працягваць шлях;

– калі ў ноч напярэдадні першага дня Вялікадня сабакі брэшуць без прычыны, то год будзе нешчаслівым для свойскай жывёлы, якую будуць даймаць драпежныя звяры;

– калі сабака, ідучы з паляўнічым, весела бяжыць перад ім, паляванне будзе ўдалым, калі ж ідзе следам, нібыта змораны, тады лепей застацца дома;

– калі сабака выкапае яму ля парога або ля варотаў, будзе нябожчык;

– калі ноччу без перапынку выюць сабакі, яны прадчуваюць смерць кагосьці з гаспадарскай сям’і;

– калі сабака кідаецца на наведвальніка, значыць, той прыйшоў не з добрымі намерамі;

– на цяжарную жанчыну не брэшуць нават самыя паганыя сабакі;

– калі на падворку ёсць чорная кошка, чорны сабака і чорны певень, там нікога не заб’е гром і злодзей нічога не ўкрадзе. Таму гаспадар, перш чым зайсці ў новую хату, пускае туды чорнага пеўня і чорную кошку.

Сюды ж неабходна аднесці павер’е пра тое, што сабака прадказваў дзяўчатам хуткае замужжа або, наадварот, перспектыву застацца “ў дзеўках”. Да Калядаў было прымеркавана шмат варожбаў. Зразумела, што дзяўчат перш за ўсё цікавіла, калі яны выйдуць замуж, у які бок, якім па характары будзе муж. У гэтым магічна-абрадавым дзеянні быў яшчэ адзін рытуал-прадказанне. Некалькі дзяўчат збіраліся ў адной хаце, каб паваражыць, хто з іх першай пойдзе замуж. На парозе хаты яны клалі ўласна спечаныя аладкі, выпускалі сабаку, папярэдне накарміўшы яго (“каб не хапаў, як з галоднага краю”) і сачылі, чыю аладку той з’есць першай. Меркавалася, што гэтай дзяўчыне і трэба хутчэй за астатніх рыхтавацца да вяселля.

Ужо адзначалася, што сабака мог знаходзіцца ў хаце нават падчас вяселля, таму што ён адчуваў прысутнасць кепскага чалавека і стрымліваў яго магчымае жаданне нашкодзіць маладым. Разам з тым лічылася недапушчальным, каб ён з’еў хоць невялічкі кавалак вясельнага караваю, бо ў гэтай сям’і не будзе весціся скаціна.

Такім чынам, у традыцыйных уяўленнях, вераваннях, прыкметах, варожбах, народнай медыцыне беларусаў сабака заўсёды займаў важнае месца. Ён нібы знітоўваў прастору жыццядзейнасці чалавека і прастору іншасвету.

Аксана КАТОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.