Вы тут

У Мінску паказалі адрэстаўраваны фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі»


Паказ адрэстаўраванай карціны “Ідзі і глядзі” Элема Клімава адбыўся ўчора, 19 сакавіка, у сталічным Доме кіно. Сумесная акцыя “Беларусьфільма” з “Масфільмам”, прымеркаваная да 75-годдзя трагедыі ў Хатыні, дала магчымасць беларускай публіцы ўбачыць знакамітую стужку на вялікім экране. Перад паказам на сцэну выйшлі прадстаўнікі здымачнай групы, напрыклад, гукааператар Віктар Морс і другі рэжысёр Уладзімір Паначэўны, якія распавялі рэальныя гісторыі, датычныя культавага фільма. Шкада толькі, што рэстаўрацыя не стала нагодай для серыі паказаў “Ідзі і глядзі”.


Адзін з, напэўна, найвядомейшых фільмаў нашай прасторы, любімы шматлікімі сусветнымі рэжысёрамі, аператарамі і гукарэжысёрамі, жудаснае апавяданне пра жахі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі 1943 года, быў адноўлены Кінаканцэрнам “Масфільм”. На 74-м Венецыянскім кінафестывалі адрэстаўраваная версія атрымала галоўны прыз у намінацыі “Венецыянская класіка”, а ў гэтыя дні прыходзіцца дарэчы ў кантэксце памяці пра спаленыя вёскі – 75-годдзе трагедыі ў Хатыні прыпадае на 22 сакавіка.

Спальванне вёскі – адзін з найважнейшых сюжэтных элементаў фільма “Ідзі і глядзі”, сцэнарый якога напісаў Алесь Адамовіч. Галоўны герой, шаснаццацігадовы вясковы хлопец Флёра, ідзе ў партызаны, а ў выніку праходзіць праз шэраг трагічных падзей, спазнае чалавечую жорсткасць і на свае вочы бачыць пакуты людзей. З хлопца з пяшчотнай скурай ён пераўтвараецца ў ледзь не сівога старога. Магчыма, галоўнае, што дае гледачу якасная рэстаўрацыя выявы фільма – гэта большая відавочнасць трансфармацыі Флёры, а значыць, большая жудаснасць таго, што адбываецца. У цэлым новая “карцінка” можа, напэўна, прыцягнуць да стужкі ўвагу маладога пакалення, спешчанага высокаякаснымі сучаснымі праектамі.

Яшчэ адзін паказ адноўленай карціны “Ідзі і глядзі” адбудзецца сёння, 20 сакавіка, а васямнаццатай гадзіне ў Музеі гісторыі беларускага кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».