Вы тут

Як змагацца з цвіллю ў расадзе


Пасля пасеву насення ў вільготную ўгноеную глебу ёмістасць часта накрываюць да ўсходаў плёнкай, імітуючы цяпліцу. Часам у першыя дні пасля пасадкі на паверхні глебы з'яўляецца белы, шэры ці зялёны пушок. Гэта цвіль, якая прадстаўляе глебавую негатыўную мікрафлору. Яна пашкоджвае ў асноўным насенне і маладую расаду. Падрослай расадзе з добра развітой каранёвай сістэмай і дарослым раслінам цвіль практычна не наносіць шкоды.


Крыніцы

Асноўная крыніца цвілі — споры цвільных грыбоў, якія заўсёды ў «спячым» стане ёсць у глебе, вадзе і паветры. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, споры пачынаюць узмоцнена размножвацца ў верхнім слоі глебы, дзе звычайна знаходзяцца слаба развітыя карэньчыкі сеянцаў. Яны не могуць супрацьстаяць міцэліям, якія разрастаюцца і пранікаюць у сасудзістую сістэму маладых каранёў. Усходы, аблытаныя міцэліем цвільнага грыба, гінуць. З часам каранёвая сістэма раслін вылучае спецыяльныя рэчывы, якія душаць развіццё цвільных грыбоў, і апошнія губляюць свае інгібіруючыя ўласцівасці.

Аптымальнымі ўмовамі для актыўнага росту і развіцця цвілі ў расадзе з'яўляюцца:

  • няправільна падрыхтаваны грунт (цяжкі па складзе, які выклікае застой вады),
  • высокая вільготнасць паветра і падрыхтаванага субстрату,
  • высокая тэмпература паветра (ад + 22 °С),
  • адсутнасць паветраабмену, недахоп асвятлення і ўльтрафіялетавых прамянёў, якія затрымліваюць шыбы.

Грунт для расады павінен быць лёгкім, вільгацяёмістым, вода- і паветрапранікальным. Неабходны добры дрэнаж для сцёку лішняй вады пры пераўвільгатненні. Абавязкова трэба праверыць кіслотнасць грунту, якая павінна быць нейтральнай. Калі глеба закісла, то варта ўнесці даламітавую муку або мел.

Пры высокай тэмпературы і вільготнасці паветра абавязкова праводзіць праветрыванне, але без скразняку. Невыкананне гэтых умоў спрыяе моцнаму разрастанню цвілі і выклікае загніванне ўсходаў расады і іх гібель. Пры высокай тэмпературы і сухім паветры ідзе высольванне глебы. На паверхні субстрату з'яўляецца бялёсая плёначка соляў. Неабходна пры з'яўленні раней за ўсходы асцярожна зняць яе і прысыпаць глебу тонкім пластом пяску (праз сіта).

Меры барацьбы

Пры самастойнай падрыхтоўцы глебасумесі варта абавязкова дамагчыся нейтральнай рэакцыі.

Хуткасць развіцця цвілі напрамую звязана з перавагай у глебавай сумесі глею і перагною. Глебасумесь абавязкова павінна змяшчаць пясок. Торф павялічвае кіслотнасць глебы, ствараючы аптымальныя ўмовы для цвільных грыбоў.

Пры самастойнай нарыхтоўцы насеннага матэрыялу пасеў трэба праводзіць толькі абеззаражаным насеннем. Неабходна пастаянна правяраць кіслотнасць глебы (асабліва да ўсходаў) і пры яе высокіх значэннях адразу падсушыць верхні пласт, для чаго прасеяць тонкім пластом нагрэты і астуджаны кварцавы або прамыты рачны пясок. Затым паліць растворам пітной соды (0,5 чайнай лыжкі без верху на 1 л вады). Можна (замест пяску) пасыпаць парашком актываванага вугалю. Паліць попельным растворам (0,5 сталовай лыжкі без верху на 1 л гарачай вады, настаяць да астуджэння).

Пастаянна праветрываць цяплічку для паветраабмену і зніжэння вільготнасці паветра ад глебавага выпарэння вільгаці.

Насенне высейваць у вільготную глебу (не мокрую). Да з'яўлення ўсходаў грунт толькі апырскваць адстоенай вадой пакаёвай тэмпературы, для змякчэння якой пакласці ў марлевы мяшочак кавалак дрэва (не хвойнага). Можна на літр вады дадаць 3 г попелу, адфільтраваць і апырскваць усходы і сеянцы да пікіроўкі. Паліў мэтазгодней праводзіць праз паддон таксама мяккай вадой. Пры пераўвільгатненні цяплічку пакідаць на 1-2 гадзіны адкрытай да падсыхання.

Можна акуратна (зубачысткай) здымаць з паверхні цвіль, якая з'явілася, затым вакол усходаў пасыпаць пясок або драўнінны вугаль у выглядзе парашку.

Знішчэнне

Калі прафілактычныя меры не аказалі дзейснага ўплыву на стан грунту і пры аднаўленні паліву цвіль пачала актыўна разрастацца, то неабходна актыўна з ёй змагацца.

У пасляўсходавы перыяд грунт можна апрацаваць хімічнымі прэпаратамі (аксіхом, фундазол) з паліўной вадой (5 г/кв. м). Гэтыя ж фунгіцыды можна ўнесці ў глебу за 1-3 дні да пасеву.

З біяпрэпаратаў супраць цвілі эфектыўная апрацоўка глебы і раслін фітаспарынам-М, гамаірам-СП, планрызам-Ж, алірынам-Б адпаведна рэкамендацыям.

Першасна апрацоўваюць біяфунгіцыдамі грунтасумесь пасля абеззаражвання. Расліны апрацоўваюць праз 8-10 дзён пасля ўсходаў. Унясенне ў грунт біяфунгіцыдаў з палівам і апырскваннем раслін паўтараюць праз 10—15—20 дзён да высадкі культуры на пастаяннае месца. Пасля паліву грунт варта абавязкова рыхліць і мульчыраваць. У адрозненне ад хімічных прэпаратаў, 1-2-разовая апрацоўка не акажа эфектыўнага ўплыву на знішчэнне цвільных грыбоў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.